Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гадоў таму былі зьбітыя дэпутаты апазыцыі БНФ, якія трымалі галадоўку ў будынку парлямэнта


Іна Студзінская, Менск 10 гадоў таму Лукашэнка выступіў зь ініцыятывай рэфэрэндуму. Ён прапанаваў скасаваць бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня" ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, надаць статус дзяржаўнай расейскай мове, а таксама падтрымаць курс на эканамічную інтэграцыю з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць Вярхоўны савет.

9 красавіка дэпутаты апазыцыі БНФ правялі мітынг ля будынку Вярхоўнага савету на вуліцы Карла Маркса, які прайшоў у атачэньні падразьдзяленьняў міліцыі. У ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году дэпутатаў апазыцыі БНФ, якія на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму абвясьцілі галадоўку, а гэта – Мікалай Аксаміт, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі, Ігар Гермянчук, Валянцін Голубеў, Уладзімер Заблоцкі, Барыс Гюнтэр, Лявон Дзейка, Лявонцій Зданевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Мікола Маркевіч, Віталь Малашка, Сяргей Навумчык, Зянон Пазьняк, Сяргей Папкоў, Пётра Садоўскі, Алег Трусаў і Аляксандар Шут былі зьбітыя ў Авальнай й залі парлямэнту байцамі невядомага спэцпадразьдзяленьня ў чорных масках. Празь некалькі гадзінаў бальшыня дэпутатаў Вярхоўнага савета прагаласавала за прапанову Лукашэнкі аб правядзеньні рэфэрэндуму.

10 гадоў – тэрмін для краіны немалы. Як цяпер самі ўдзельнікі галадоўкі, іншыя дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, людзі, што займалі тады высокія пасады і журналісты ацэньваюць, ці варта было пратэставаць?

Старшыня Таварыства беларускай мовы Анатоль Трусаў, які ўваходзіў тады ў парлямэнцкую фракцыю БНФ, пратэставаў тады і таксама быў моцна зьбіты. Спадар Трусаў лічыць: галадоўка зьяўлялася абсалютна правільным рашэньнем.

(Трусаў: ) “Мы паказалі пачатак аўтарытарнай сыстэмы на Беларусі. Калі былі ўведзеныя войскі ў парлямэнт, гэта мне нагадала Італію, калі Мусаліні пачаў свой фашызм са зьбіцьця італьянскага парлямэнту. Вось ужо 10 год краіна коціцца ў таталітарную яму. І зараз ужо большасьць людзей разумее, што, каб гэтага не было, то не было б і пачатку адліку. І пасьля таго, калі мы былі зьбітыя і выкінутыя з парлямэнту, дэмакратыя ў Беларусі перастала існаваць. І ўсе тыя доказы, што ня трэба было, – гэта, як кажуць, “ад лукавага”.

Дэпутат Анатоль Лябедзька адносіць сябе да прадстаўнікоў дэпутацкага дэмакратычнага клюбу, у склад якога ўваходзіла тады амаль сотня народных абраньнікаў 12 скліканьня. (У 1994-1995 гг. А.Лябедзька быў прадстаўніком А.Лукашэнкі ў Вярхоўным савеце 12-га скліканьня – заўвага вэб-рэдактара.) Да галадоўкі ён не далучаўся.

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы тады паставіліся да галадоўкі?”

(Лябедзька: ) “Пазытыўна-спачувальна”.

(Карэспандэнтка: ) “А не было жаданьня самому далучыцца?”

(Лябедзька: ) “Усё ж такі гэта было рашэньне фракцыі. Ніхто асабіста са мной, напрыклад, і ня раіўся наконт правядзеньня галадоўкі. На вялікі жаль, якраз у гэты час адбылося разьмежаваньне паміж дэпутатамі фракцыі БНФ і дэпутатамі дэпутацкага дэмакратычнага клюбу. Там ужо ўзялі такі курс на пэрсанальнае лідэрства Зянона Пазьняка, і рашэньні прымаліся фракцыяй больш жорстка. Я думаю, што каб галадоўка ўзьнікла на першым этапе дзейнасьці ВС 12 скліканьня, то ўдзельнікаў было б значна больш”.

(Карэспандэнтка: ) “10 гадоў мінула. Быў сэнс тады галадаваць?”

(Лябедзька: ) “Так. Безумоўна, гэта была апошняя мажлівасьць, калі вычэрпваюцца іншыя інструмэнты і мэханізмы ўзьдзеяньня на сытуацыю. Галадоўка была крыкам, такім сыгналам SOS, каб прыцягнуць увагу да сытуацыі. Я думаю, што ў той сытуацыі гэта было лягічным, і абструкцыі гэтаму не было”.

Усё, што адбывалася ў ноч з 11 на 12 красавіка 95-га, здымалася спэцслужбамі на відэакамэру. Наступным днём пасьля зьбіцьця дэпутатаў, на прэсавай канфэрэнцыі, Аляксандар Лукашэнка публічна абяцаў паказаць стужку цалкам, без купюр па Беларускім тэлебачаньні. Але яе так ніхто і не пабачыў... Нават сьледчы па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Яніс Бролішс! Які ж лёс гэтага відэазапісу?

Кажуць, стужка "зьнікла" недзе ў нетрах спэцслужбаў. Я спадзявалася, што хоць тагачасны прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір бачыў гэты запіс. Гутару з Міхаілам Чыгіром.

(Карэспандэнтка: ) “Кажуць, што Вы і Сініцын бачылі гэтую стужку. Ці праўда гэта?”

(Чыгір: ) “Не, гэта няпраўда. Дык яна ў Службе бясьпекі была! Ці ёсьць яна цяпер – ня ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) “А што казалі, што, яна такая страшная, жудасная была насамрэч? Чаму яе пабаяліся паказаць?”

(Чыгір: ) “Як б’юць дэпутатаў – а што там добрага? Чым там хваліцца? Білі – гэта я добра ведаю, што білі…”

Вядомы беларускі кінадакумэнталіст Юрый Хашчавацкі ня можа дараваць сабе і калегам – тэхнічным супрацоўнікам БТ, што той запіс не апынуўся ў іх. Стужка пераганялася ў апаратнай тэлевізіі. Але якраз тады абвясьцілі: тэлевізія замініравана, усім загадалі пакінуць будынак. І зрабіць копію не пасьпелі…

Гаворыць рэжысэр Юры Хашчавацкі:

(Хашчавацкі: ) “На жаль, толькі з-за нашага глупства гэты запіс не апынуўся ў нашых руках. У той момант стужка пераганялася на тэлевізіі непісьменнымі супрацоўнікамі Службы бясьпекі, таму гэты запіс у любым кабінэце можна было перапісаць. Потым я размаўляў зь Сініцыным. Леанід сказаў, што там сапраўды настолькі было ўсё жудасна, што нельга было нічога паказаць”.

У тым, што Лукашэнка ня выканаў свайго абяцаньня, нічога дзіўнага няма, лічыць кіраўнік спэцпраектаў ОРТ журналіст Павал Шарамет.

(Шарамет: ) “Нічога сэнсацыйнага і нічога незвычайнага ў гэтым няма. Усё ж зразумела, што гэтая стужка была, і яе зьнішчылі. Як былі запісы, як забівалі Ганчара, Захаранку, Завадзкага, і гэтыя запісы бачылі некаторыя сьледчыя КДБ, гэтыя запісы таксама зьніклі. Пры цяперашняй уладзе даведацца праўду нельга будзе, але ўсё хутка выкрыецца, калі ўлада зьменіцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG