Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я паверыў бы Казуліну, калі б супраць Лукашэнкі ён выступіў да сваёй адстаўкі з пасады рэктара”


Валянцін Жданко, Менск (Эфір 6 сакавіка 2005). Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Намер былога рэктара Белдзяржунівэрсытэту Аляксандра Казуліна актыўна заняцца палітыкай і ўдзельнічаць у маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах выклікаў супярэчлівую рэакцыю і ўлады, і апазыцыі, і значнай часткі грамадзтва, якая цікавіцца палітыкай. Сёньняшні агляд пачну з электроннага ліста на гэтую тэму, які даслаў Дзьмітры Гурневіч з Налібокаў:

“Толькі што прачытаў на вашым сайце пра тое, што Аляксандар Казулін заклікае сваіх калегаў “падняцца з каленяў”, — піша слухач. — Чытаючы гэта, міжволі думаеш: а чаму ж вы, шаноўны, калі былі рэктарам, не падняліся з каленяў і не павялі ўсіх за сабой? Вось вам, спадар (а можа, і таварыш) Казулін, прыклад зь нядаўняга мінулага. Украіна, 2004 год. Рэктар Кіева-Магілянскай акадэміі пасьля сфальшаванага першага туру выбараў прэзыдэнта адразу ж заклікаў студэнтаў байкатаваць вынікі. Вы былі ў падобнай сытуацыі ў 2001 годзе, але чамусьці не падняліся з каленяў. Больш за тое, студэнты БДУ чулі адкрытыя пагрозы ад выкладчыкаў у сувязі з выбарамі і ўдзелам студэнтаў у акцыях пратэсту. Я памаўчу ўжо пра сумнавядомы так званы “добраахвотны” запіс у БРСМ. Так што варта было б вам задумацца, гаворачы такія словы, пра тое, як яны гучаць з вашых вуснаў”.

Падобныя пытаньні, спадар Гурневіч, можна задаць вельмі многім сёньняшнім лідэрам апазыцыі — і Анатолю Лябедзьку, і Васілю Лявонаву, і Міхаілу Чыгіру, і Аляксандру Вайтовічу, і Пятру Краўчанку — усім, хто ў свой час працаваў ва ўладнай сыстэме, займаў у ёй немалыя пасады. Напэўна, у кожнага зь іх свой адказ на такія папрокі. Нехта разьлічваў, што здолее паўплываць на палітычны курс, выконваць самастойную палітычную ролю; нехта проста ня бачыў іншага прымяненьня сваім сілам і магчымасьцям; у кагосьці была надзея, што можна захаваць за сабой высокую пасаду, не губляючы маральнага аблічча, ігнаруючы найбольш абсурдныя загады.

Параўноўваць у гэтым сэнсе ўкраінскую і беларускую сытуацыю, думаю, не зусім карэктна. Ва Ўкраіне ўсё ж аўтарытарныя памкненьні ўлады не дасягнулі такой ступені, калі б былы чыноўнік, страціўшы пасаду і трапіўшы ў няміласьць да першай асобы, ня мог знайсьці сабе ніякага іншага месца, ня толькі ў дзяржаўных структурах, але нават і ў бізнэсе, і ў грамадзкіх арганізацыях. Вядома, грамадзтва мае права і нават павінна задаваць непрыемныя пытаньні былым чыноўнікам, якія наважыліся перайсьці ў апазыцыю і прэтэндуюць на галоўныя ролі ў дзяржаве. Але пры гэтым, на маю думку, варта чакаць і браць пад увагу ня толькі схематычныя і спрошчаныя адказы.

Фрагмэнт ліста Леаніда Валошкі з Радашковічаў Маладэчанскага раёну. Слухач піша:

“Колькі можна зьдзеквацца з прадпрымальнікаў — абіраць іх да ніткі і пры гэтым яшчэ і зьневажаць, называючы спэкулянтамі ды “вашывымі блохамі”? А калі б не яны, колькі мільярдаў штогод недалічваліся б у бюджэце? Ці здолела б тады дзяржава плаціць своечасова пэнсіі ды зарплаты бюджэтнікам? А што ў Беларусі робіцца з цэнамі? Яны сёньня — самыя высокія ня толькі ў СНД, але і ў Эўропе. І гэта яшчэ не мяжа.

А як улада ставіцца да апазыцыі? У любой дэмакратычнай краіне апазыцыя — неад’емная частка грамадзтва. У Беларусі ж гэта вораг нумар адзін. Улада называе апазыцыянэраў “адмарозкамі”. У Палату прадстаўнікоў не дапусьцілі ніводнага апазыцыянэра. Ім няма месца ні ў дзяржаўных газэтах, ні на тэлебачаньні. Ніводзін беларускі канал не паведаміў пра тое, што за крытыку прэзыдэнта некалькі чалавек былі пазбаўлены волі. У той жа час былыя высокапастаўленыя чыноўнікі, якія скралі ў дзяржавы мільёны даляраў, атрымліваюць мяккія прысуды і нават застаюцца на свабодзе. Дастаткова згадаць прыклад былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта Галіны Жураўковай, сьляды якой пасьля абвяшчэньня прысуду ўвогуле зьніклі. У Беларусі слова “правасудзьдзе” можна і не прымяняць. Нядаўна адкрыты прэзыдэнтам Палац правасудзьдзя больш лягічна было б назваць палацам прэзыдэнцка-судовай улады”.

Калісьці, яшчэ на пачатку свайго прэзыдэнцтва, Аляксандар Лукашэнка параўнаў сыстэму ўлады ў Беларусі з дрэвам. Паводле яго, ствол гэтага дрэва — прэзыдэнцкая ўлада, а ўсе галіны, натуральна, растуць са ствала. Гэты сымбаль рэальна ўвасоблены ў сёньняшняй Беларусі, дзе няма ні самастойнага парлямэнту, ні незалежнага суду. Усе судзьдзі прызначаюцца прэзыдэнтам і ва ўсім залежныя ад чыноўнікаў “вэртыкалі”. Палата прадстаўнікоў з моцна абмежаванымі паўнамоцтвамі абіраецца пад пільным кантролем выканаўчай улады, якая сама прызначае выбарчыя камісіі, не дапускаючы туды апазыцыю.

Зроблена гэта нібыта дзеля таго, каб падвысіць кіраванасьць дзяржавы, умацаваць парадак і дысцыпліну. Але насамрэч гэтым створана аўтарытарная сыстэма ўлады, якая занявольвае людзей, робіць іх ва ўсім залежнымі ад чыноўніка, не дае разьвівацца ініцыятыве і прадпрымальнасьці. Усё гэта ўрэшце ня толькі вынішчае грамадзянскія свабоды, але і вядзе да дэградацыі эканомікі, асноўны рухавік якой — якраз матэрыяльны інтарэс свабоднага ўласьніка, ініцыятыва і канкурэнцыя.

Ліст ад Алега Астаповіча з Асіповіцкага раёну. Слухач піша:

“У вёсцы, дзе жыве мая маці, закрылі адзіны ў акрузе фэльчарска-акушэрскі пункт. Цяпер да бліжэйшай паліклінікі — дваццаць пяць кілямэтраў. “Хуткую дапамогу” часам чакаем суткамі: у іх то бэнзіну няма, то машына сапсавалася, то дарогу сьнегам замяло. Пайшоў я ў райвыканкам, а там мае скаргі і слухаць ня хочуць. Нявыгадна, кажуць, утрымліваць вясковы ФАП — дорага, у раёне на гэта няма грошай. І ўвогуле, гэта дзяржаўная палітыка — называецца “аптымізацыя сеткі ўстановаў аховы здароўя”. У перакладзе з чыноўніцкай мовы на беларускую гэта азначае, што ні шпіталяў, ні паліклінік, ні ФАПаў у большасьці вёсак увогуле не застанецца: лячыцеся, калгасьнікі, як хочаце. У райвыканкаме мне яшчэ і параду Лукашэнкі нагадалі: шукайце, кажуць, здароўе не ў паліклініцы, а на стадыёне ці ў спортзалі. Вельмі дарэчы гэтая парада дзьвюм сотням адзінокіх старых, якім і ў маладосьці было не да спортпляцовак. Для іх замест лыжных трасаў ды канькоў былі каса на сенажаці ды плуг на ворыве”.

Сапраўды, спадар Астаповіч, утрымліваць шырокую сетку вясковых ФАПаў ды паліклінік, якая існавала апошнія дзесяцігодзьдзі, справа нятанная. Праўда, гэта не даражэй, чым будаўніцтва ды ўтрыманьне лядовых палацаў ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама гарналыжных комплексаў ды футбольных манэжаў у сталіцы і яе ваколіцах. Каб аплачваць і адно, і другое, грошай у ня надта багатай беларускай дзяржавы не хапае. На карысьць чаго зрабіла выбар улада — многія вясковыя жыхары бачаць на прыкладзе ўласных вёсак. І гэта пры тым, што ніякай бясплатнай мэдыцыны гэтыя старыя вясковыя людзі ніколі ня мелі. Сьціплыя амбуляторыі ды ФАПы даўно і на шмат гадоў наперад аплачаныя дзесяцігодзьдзямі цяжкой працы, за якую нашым бацькам і маці ў калгасах спачатку нічога не плацілі, а потым плацілі капейкі.

На заканчэньне — ліст ад Алеся Харытона зь мястэчка Краснае Маладэчанскага раёну. Слухач разважае пра тое, ці ўсю праўду пра другую сусьветную вайну ведаюць сёньня ў Беларусі. Ён піша:

“Мяне вельмі ўразіў гістарычны факт, пра які савецкія гісторыкі (як, зрэшты, і цяперашнія афіцыйныя беларускія) стараюцца ня згадваць. Я маю на ўвазе парадны шабаш у Берасьці і Пінску савецкіх і фашысцкіх войскаў у 1939 годзе, калі Сталін і Гітлер пачалі падзел Эўропы. Цікава, што гаварылі на гэтых сумесных парадах сталінскія і гітлераўскія генэралы? Што паведамлялі газэты? У былыя гады пра гэтыя парады пісалі няшмат, а яны ж многае тлумачаць. Ці яшчэ адна тэма. Калі цяпер шальмуюць гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг, дык паказваюць яго ў кінахроніцы часоў нямецкай акупацыі, калі яго вывешвалі побач зь нямецкім. Вось, маўляў, як яго выкарыстоўвалі калябаранты. Але ж былі прыклады, калі наш сьцяг лунаў на акупаванай тэрыторыі і адзін, безь нямецкага.

Таксама цікава, як сьвяткавалі пры немцах Дзень Волі 25 сакавіка. Пра адзін такі выпадак мне вядома. 25 сакавіка 1944 году ў нашым мястэчку Краснае адбылося шэсьце і мітынг пад нацыянальнымі сьцягамі. Арганізатарам быў настаўнік Дубовік”.

Нямецкія акупацыйныя ўлады, спадар Харытон, выкарыстоўвалі ня толькі беларускія нацыянальныя сымбалі. Напрыклад, армія былога савецкага генэрала Ўласава ваявала на баку фашыстаў пад расейскім бела-блакітна-чырвоным сьцягам. Жоўта-блакітнымі былі колеры ўкраінскіх вайсковых частак, што супрацьстаялі разам з вэрмахтам Чырвонай арміі. Пад жоўта-зялёна-чырвоным сьцягам ваявалі літоўскія аддзелы нямецкіх войскаў… Але ні ў Расеі, ні ва Ўкраіне, ні ў Літве гэта ня стала падставай для таго, каб адмовіцца ад нацыянальных сымбаляў. І гэта зусім зразумела: яны нарадзіліся задоўга да другой сусьветнай вайны. І не нацыянальныя сымбалі вінаватыя ў тым, што іх выкарыстоўвалі акупанты, імкнучыся завабіць на свой бок нацыянальна арыентаваную частку грамадзтва, якой было за што ненавідзець і савецкую ўладу, і яе камуністычныя сымбалі.

Дарэчы, усе гэтыя аргумэнты ня раз гучалі ўлетку і ўвосень 1991 году, калі вырашаўся лёс герба “Пагоня” і бел-чырвона-белага сьцяга. І тады за гістарычныя сымбалі прагаласавала нават пракамуністычная большасьць тагачаснага Вярхоўнага Савету.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG