Нядзеля, 6 лютага
З самай раніцы сьпяваю песеньку з мульта “Каманда Амэрыка”, які паглядзеў зь сябрамі ўчора ўвечары. Гэта геніяльна! Хто бачыў — той зразумее. Цяпер для мяне відавочна, што палітыка і сэксалёгія — амаль адно і тое ж. А калі сур’ёзна, то нацыя, якая можа спакойна падысьці да люстэрка і як сьлед пасьмяяцца з таго, што яна там бачыць, выклікае толькі сымпатыі.
Увесь дзень сяджу на працы: па нядзелях тут не такая вар’ятня, як заўсёды. Накідваю сякія-такія матэрыялы для лекцыяў: з панядзелка ва ўнівэры пачынаецца новы сэмэстар. Разоў дзесяць абяцаў сабе, што кіну гэтую дурную справу з унівэрсытэтам: усё адно студэнтам патрэбны толькі дыплём, а адміністрацыі — ідэалёгія і “парадак”. Зайздрошчу знаёмай, якая спакойна забрала дакумэнты з аддзелу кадраў. Цяпер у яе засталася толькі адна, нармальная праца.
Увечары спрабую запісаць што-небудзь мудрае і вечнае ў гэты дзёньнік. І тут да мяне даходзіць, чаму так нецікава чытаць большасьць лайвжурналаў у нэце. Гэта амаль тое самае, што хадзіць у чужых шкарпэтках. Так што пардон за нясьвежыя шкарпэткі.
Панядзелак, 7 лютага
Панядзелка — як не было. Ніякіх сьлядоў у нататніку ён не пакінуў: аркуш быў з посьпехам заняты аўторкавымі запісамі і тэлефонамі, якія разьлезьліся яшчэ і на сераду. Гэтак за процьмай нудных справаў губляецца Сутнасьць зь вялікай Сэ. Памятаю толькі, што тэлефанаваў сваёй першай настаўніцы: днямі ёй стукнула 70. Размаўлялі хвілін дзесяць. Дзіўная рэч: яна ведае пра мяне абсалютна ўсё — дзе цяпер жыву, чым займаюся… Я пра яе — зусім нічога. Некалі яна ўляпіла мне першы дваяк — за табліцу множаньня. Калі б ня гэта, то, напэўна, не відаць мне сярэдняга балу “5.0” паводле ўнівэрсытэцкай залікоўкі. Амбіцыі — страшная штука. З-за іх часам робіш нікому не патрэбныя рэчы.
Ага, усё-ткі згадваю сваё самае яркае ўражаньне за дзень: на сайце конкурсу “Переделка” хвілін 20 праглядаў флэш-ролікі на тэму “Беларусьфільм”. Ад такога беларускага народнага рэ-брэндынгу ў мяне канчаткова сарвала дах. Кажуць, гэтыя флэшкі будуць круціць на Кастрычніцкай плошчы. Максім Горкі са сваім сацрэалізмам быў бы, мабыць, на сёмым небе. Хаця сама ідэя конкурсу — супэр!
Аўторак, 8 лютага
Аўторак — дзень паўторак, як кажа мой дзядзька. І праўда, нейкі дзень сурка: аднекуль усплываюць рэчы, якія трэба было зрабіць яшчэ на мінулым тыдні — узгадніць пару рэклямных макетаў, даведацца пра кошты на розную дробязь... Урэшце зьлятае нейкая зусім ня важная дамова, і я пачынаю псыхаваць на ўласную жонку, якая займаецца гэтым праектам і павінна была ўсё прадугледзець. Потым згадваю сябе ў ейным узросьце — на трэцім курсе — і мае псыхі неяк адразу выветрываюцца.
…Дзякуй беларускім кардэрам: цяпер замовіць нешта з Эўропы па інтэрнэце амаль нерэальна. Хацеў бы я мець апошняе выданьне альбому “Графічная агітацыя” Ліз МакКуінстан! Калі верыць рэлізу ў часопісе “Black Book”, у кнізе сабраныя амаль уся паліт-графіка 1990-х. Шкада, што нашыя дызайнэры ад вэртыкалі, мякка кажучы, непрафэсіяналы. Чаму б у Акадэміі мастацтваў не адчыніць аддзяленьне “графічных камунікацыяў”, як, скажам, у брытанскім Сорэй-інстытуце? Тады перад рэфэрэндумамі было б нашмат цікавей. Але я зусім забыўся, што адукацыю рэфармаваць мы ня будзем. І праўда, на які ляд нам рэформы: а раптам высьветліцца, што лягчэй разагнаць, чым “дагнаць і перагнаць”?
…Хаця ўвечары мой пэсымізм з нагоды айчыннай графічнай агітацыі атрымлівае жорсткі ўдар: білборд “Кока-Колы” на вуліцы Якуба Коласа прымушае згадаць, што да нядаўняга часу тут мазоліў вочы плякат “ЗА Беларусь”. Ну, той, дзе бабуля зь сярпом. Знаёмы некалі назваў яго “шэдэўрам канатацыяў”. На маё пытаньне, што тут такога шэдэўральнага, ён адказаў проста: “Паспрабуй вымавіць слова “серп” у творным склоне, і фраза складзецца сама сабой”. Што ж, даводзіцца прызнаць: і нашы ўмеюць, калі захочуць!
Серада, 9 лютага
Калі б студэнты ведалі, як некаторыя выкладчыкі рыхтуюцца да лекцыяў, дык ва ўнівэр не зьяўляліся б наагул. Хаця палова не зьяўляецца і так.
У апошнія хвіліны, проста на працы, прыводжу ў парадак матэрыял да лекцыі. Спазьняюся на сем хвілінаў. У такіх выпадках заўсёды цяжка “лавіць тэму”: толькі што, па дарозе, ты тэлефанаваў у друкарню і дамаўляўся пра аплаты — і тут павінен распавядаць пра Блэза Сандрара. Тармажу страшэнна, але, як заўсёды, дапамагае прынцып story: калі ня ведаеш, чым зацікавіць, згадай гісторыю і раскажы яе ў дэталях. Распавядаю пра тое, як упершыню чытаў Сандрара. Гэта было самае першае, арыгінальнае выданьне ягоных “Дзевятнаццаці элястычных вершаў”. Прычым асобнік, які пыліцца ў аддзеле рэдкай кнігі Нацыяналкі — рэч адметная: ён падпісаны самім Сандрарам для нейкай “мадам N.” (прозьвішча, на жаль, ня памятаю). Так і ўяўляю, як немцы забіраюць гэты томік разам зь іншымі кнігамі з дому мадам N. (прычым, сама мадам, у найлепшых традыцыях жанру, ня менш як значная дзяячка Супраціву). Потым, у 1945-м, потны і прапахлы махоркай савецкі салдат кладзе кнігу ў скрыню з “кантрыбуцыяй”, у галаве пракручваючы плян, як бы яе затырыць і пусьціць на самакруткі — надта ж файная папера! Добра, што не пусьціў. Прынамсі, цяпер кожны затурканы беларускі інтэлігент можа ўбачыць, які быў почырк у самога Сандрара.
...Апошнім часам зьявілася дрэнная звычка — за вячэрай глядзець тэлевізар. Паколькі адбываецца гэта недзе а 12-й ночы, то шкодна, напэўна, у квадраце. Дзіўна тое, што да гэтага амаль два гады я не глядзеў TV — прынцыпова не рамантаваў дабіты халасьцяцкі тэлік. Што ж, напэўна, сямейны статус вымагае нейкага буржуазнага лайфстайлу.
Даглядаю па “Дыскавэры” фільм пра Гітлера, яшчэ раз упэўніваюся, што на крывішчы можна рабіць нядрэнны шоўбіз. Што з посьпехам даказаў год таму Бэгбэдэр сваім раманам “Windows…”.
1.20 — спаць. У галаве чамусьці гучыць “Keane”, соплі зь сіропам. Заўтра рана ўставаць.
Чацьвер, 10 лютага
Усталі, блін. Прыемныя навіны: села батарэйка ў будзільніку. Што ж — Кітай фарэва! Па прынцыпе асацыяцыі (рэспэкт Эдгару По!) згадваю, што другі тыдзень зьбіраюся адвезьці ў рамонт такі ж наскрозь кітайскі радыётэлефон. Зь ім цэлая гісторыя: гэта ўжо другі рамонт па гарантыі, прычым за два месяцы “труба” агулам не адпрацавала і 10 гадзін. Мужык-рамонтнік кідаецца на “сьвяжак” зь нейкім падазроным энтузіязмам: у ім лёгка разгледзець генія-самавука, якога хлебам не кармі — дай толькі ў чым-небудзь пакалупацца. Мінулы раз замову на рамонт прымала стомленая жыцьцём кабета год 19-ці, так што цяпер павінна пашанцаваць.
З айчыннымі інтэрнэт-шопамі ў мяне наагул праблема. У панядзелак хлопчык прывёз кніжкі, замоўленыя праз такую ж нэтаўскую краму. Адна зь іх, “Слоўнік імёнаў” Амэлі Натомб, выглядала нейкай ужо занадта б/у. Застаецца спадзявацца, што яе брала дзяўчынка ў вялікіх акулярах, каб напісаць рэцэнзію для якога-небудзь тыднёвіка. Натомб, дарэчы, пакуль ня ўразіла: на саракавой старонцы я спыніўся і адгартаў на апошнюю, што са мной здараецца рэдка. Здаецца, напрыканцы гераіня забівае аўтарку, саму Амэлі Натомб. Божа, якая арыгінальнасьць!
І без таго добры настрой паляпшаецца, калі чытаю навіны пра прадпрымальніцкі страйк. Калі людзям дрэнна — гэта дрэнна. Але калі яны пры гэтым не складаюць ручкі — гэта добра.
На працы паляцеў вінчэстэр з усімі mp3-шкамі. Слухаем тое, што засталося на кампактах. На маю прапанову паставіць “The Best” Дэвіда Боўі каляжанка адказвае, што ён жа — як бы гэта мякчэй сказаць? — не зусім правільнай сэксуальнай арыентацыі. Аргумэнт, канечне, забойны, і бедны Боўі адпраўляецца назад, на паліцу.
Увечары на працы заходзіць размова пра СНІД. Дакладней, пра антысьнідаўскі фільм, зьняты нядаўна, здаецца, у Калінкавічах. Знаёмы асьпірант з Мазыра два гады таму распавядаў, што пакуль вучыўся ў Менску, два ягоныя аднаклясьнікі падхапілі ВІЧ. Што ж, калі мы па-ранейшаму будзем толькі клеіць у мэтро плякатыкі “Карыстайся прэзэрватывам”, дык рызыкуем атрымаць тут другую Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку.
…Уначы дабіваю заўтрашнюю лекцыю пра першую экранізацыю “Фантамаса”. Аказваецца, за мінулыя 92 гады папсавікі ад кіно так нічога новага і не прыдумалі. Што, вядома, ня можа ня радаваць.