Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька забраў сына забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай у Маскву


Любоў Лунёва, Менск Сваякі забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай схавалі яе сына Антона ад прымусовай псыхіятрычнай экспэртызы. Нагадаем, 20 кастрычніка Вераніку Чаркасаву забілі ва ўласнай кватэры, калі яна зьбіралася на працу. Увечары яе цела знайшлі сын і айчым. Яны самі выклікалі міліцыю. Цягам сьледзтва менавіта іх вызначылі як падазраваных у крымінальнай справе.

Днямі мы паведамлялі пра тое, што, згодна з пастановай сьледчага Уладзіміра Чумачэнкі, Антона мусяць пакласьці ў псыхіятрычны шпіталь. Бабуля хлопчыка наведала намесьніка гарадзкога пракурора і прасіла адмяніць пастанову. Той абяцаў падумаць. Якія наступствы візыту?

Насамрэч, пастанову не адмянілі. Больш за тое, сьледчы Ўладзімер Чумачэнка казаў мне, што абавязкова пакладзе Антона на абсьледваньне, бо дзейнічае ў межах крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Ён паставіў перад судмэдэкспэртамі шэраг пытаньняў. Сярод іншых – ці не зьяўляецца Антон псыхічна хворым, ці мог ён зьдзейсьніць забойства ў стане псыхічнага ўзбуджэньня, і ў якім ён быў стане ў дзень забойства.

Натуральна, гэта выклікала хвалю абурэньня – тым больш, што Антон ужо быў у дзіцячым аддзяленьні псыхіятрычнага шпіталя ў лістападзе. Мэдыкі канстатавалі, што ў яго на тле гвалтоўнага забойства маці і допытаў у якасьці падазраванага наступіў шок. Пасьля лячэньня Антон пайшоў у школу і пачаў адаптоўвацца. Але пачаліся праблемы з ныркамі, і яму далі накіраваньне ў шпіталь. Менавіта за дзень да шпіталізацыі сьледчыя спрабавалі забраць яго са школы на прымусовае абсьледваньне. Тады сваякам Антона ўдалося забраць яго са школы.

Пасьля візыту ў пракуратуру стала зразумела, што хлопчыка ўсё роўна пакладуць на экспэртызу. Якое выйсьце знайшлі сваякі? Вось паслухайце, што казала маці Веранікі Чаркасавай:

(Чаркасава: ) “Па-першае, хвароба нырак. Па-другое, ён ужо цэлую чвэрць прапусьціў. З 20 кастрычніка са сваімі хваробамі, з допытамі, калі ён замест таго, каб у школу, хадзіў у пракуратуру. Цяпер яго на цэлы месяц адарваць ад вучобы… Гэта папросту нейкі жах. Калі пра гэта даведаліся яго бацька са сваёй жонкай, якая нармальна ставіцца да Антона, то яны прыехалі і забралі хлопца. Яны казалі, што пакладуць яго там у шпіталь і будуць лячыць. Бацька казаў, што не дазволіць праводзіць экспэрымэнты над сваім сынам”.

Бацька Антона Зьміцер Філімонаў жыве ў Маскве. Я пацікавілася ў юрыстаў, якія могуць быць захады з боку праваахоўных органаў. Мне адказалі, што пракуратура можа зьвярнуцца да расейскага боку, каб выдалі хлопца, які падазраецца ў забойстве, бо, згодна зь іх пастановай, яму трэба прайсьці прымусовую псыхіятрычную экспэртызу. Але, згодна з канвэнцыяй аб прававой дапамозе паміж Беларусьсю і Расеяй, экспэртызу можна правесьці і ў Маскве. Усё залежыць ад таго, якое рашэньне прымуць расейскія праваахоўныя органы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG