Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на польскую вышуковую базу.
Адзначаецца, што Ворса перасьледуецца паводле п. 7 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Польшчы (учыненьне дывэрсіяў ці тэрактаў у інтарэсах замежнай выведкі), а таксама паводле артыкула аб удзеле ў арганізаванай злачыннай групоўцы.
Як устанавіла расейскае выданьне «Агенцтва», Ворса — грамадзянін Беларусі, які скончыў ПТВ, працаваў на заводах, у электрасеткавай кампаніі, санітарам на хуткай дапамозе, ахоўнікам у начных установах. У 2021–2022 гадах Ворса атрымліваў даход ад Беларускай фэдэрацыі футболу.
Выданьне сьцьвярджае, што Ворса з 17 гадоў меў праблемы з законам, яго рэгулярна штрафавалі за п’яныя бойкі і дэбошы, двойчы распачыналі крымінальныя справы за зьбіцьцё чалавека, але вядома толькі пра адзін прысуд — ён быў пакараны грамадзкімі працамі.
У публікацыі адзначаецца магчымая сувязь Ворсы з нэанацыстамі, а таксама ягоны ўдзел у пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе.
«Агенцтва» адзначае, што 12 траўня 2024 году, у разгар наступу Расеі на Харкаўскую вобласьць, Ворса трапіў на здымкі Reuters, на грудзях у яго быў шаўрон са знакам 57-й асобнай мотапяхотнай брыгады УСУ, якая ў той момант знаходзілася ў Ваўчанску.
Раней беларусаў за шпіянаж у Польшчы затрымлівалі ўжо ня разнекалькі разоў. Вось некаторыя выпадкі:
«Перадавала КДБ інфармацыю пра беларускую апазыцыю ў Польшчы»
Беларуска Дар’я А. жыла ў Баранавічах. Ёй каля 36 гадоў. Адукацыя — вэтэрынар. З 2018 году кантактавала з апазыцыйнымі арганізацыямі, цікавілася іх дзейнасьцю, прапаноўвала дапамогу. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году стала каардынатаркай ад кампаніі «Гавары праўду» ў зборы подпісаў у Баранавічах. У 2023 годзе пераехала ў Польшчу. Жыла ў Варшаве, пазьней у Лодзі. Затрымалі: у сьнежні 2023 году ў Лодзі супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.
«Зьбіралі зьвесткі пра вайсковыя часткі Польшчы»
Грамадзяне Беларусі Андрэй Р. і Дзьмітры Н. Андрэю 51 год, вайсковец у адстаўцы, бацька дваіх непаўналетніх дзяцей. Дзьмітрыю 57 гадоў, прафэсія — музыка, ёсьць дарослае дзіця. Паводле інфармацыі польскіх сьледчых, яны прыехалі ў Польшчу пад маркай уладкаваньня на працу кіроўцамі, каб езьдзіць па Эўропе. Затрымалі: у красавіку 2022 году.
«Зьбіралі інфармацыю пра польскіх жаўнераў на мяжы зь Беларусьсю»
Грамадзянін Беларусі і грамадзянін Расеі. Знаходзіліся ў Польшчы на законных падставах. Паводле зьвестак сьледзтва Польшчы, беларус вучыўся ў адной з ВНУ Беластоку. Потым працаваў у сфэры рыхтаваньня да скачкоў з парашутам. Затрымалі: у красавіку 2022 году, з таго часу яны пад арыштам.
Форум