Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам супраць “Вольнага гораду”


Галіна Абакунчык, Менск Гарадзкія ўлады Менску забаранілі незалежнай газэце “Вольны горад” атрымаць у сталіцы юрыдычны адрас. У Менгарвыканкаме спасылаюцца на прыналежнасьць рэдакцыі да горада Крычава, што ў Магілёўскай вобласьці. У сваю чаргу адмыслоўцы камэнтуюць дзеяньні менскай адміністрацыі, як неправамоцныя.

Афіцыйны ліст Менгарвыканкаму аб адмове ў юрыдычным адрасе рэдакцыі “Вольнага гораду” ад імя сталічнай адміністрацыі накіраваў загадчык ідэалягічнага аддзелу Аляксандр Пухаў. Такую пазыцыю гарадзкіх уладаў у інтэрвію Свабодзе спадар Пухаў пракамэнтаваў гэтак:

(Пухаў: ) “Навошта ў горадзе Менску друкаванае выданьне, якое будзе паведамляць пра вольны Крычаў. Яны ж там, пэўна, зарэгістраваныя ў Крычаўскім выканкаме. Дык чаго яны лезуць у Менск і гарвыканкам? Мы ж, напэўна, маем права вызначаць, дзе ім знаходзіцца”.

У юрыдычнай службе Беларускай асацыяцыі журналістаў аднак заяўляюць, што гэткае рашэньне сталічных уладаў не адпавядае нормам дзейнага заканадаўства й мае на мэце стварэньне штучных перашкоду ў разьвіцьці незалежных мэдыяў. Гаворыць намесьнік кіраўніка БАЖ Андрэй Бастунец.

(Бастунец: ) “Пачнем з таго, што “Вольны горад” і не зарэгістраваны. Менавіта гэтае ўзгадненьне юрыдычнай адрэсы й патрэбнае для таго, каб зарэгістравацца. Па-другое, дзейнасьць суб’ектаў гаспадараньня распаўсюджваецца на ўсю тэрыторыю Беларусі. Гэта значыць, што газэта магла бы выходзіць па ўсёй краіне. Зразумела, што гэта – зачэпка, і ніякіх юрыдычных падставаў адмаўляць я тут ня бачу. Але апошнім часам рэгістрацыя праходзіць вельмі марудна. І ўзгадненьне юрыдычнай адрэсы – гэта першы бар’ер, пераадолець які надзвычай цяжка”.

Паводле спадара Бастунца, гэткім чынам толькі сёлета колькасьць незалежных выданьняў у Беларусі зьменшылася на 250. Шэрагу незалежных мэдыяў з розных прычынаў было адмоўлена ў рэгістрацыі.

Забароны на атрыманьне юрыдычнага адрасу без тлумачэньня прычынаў ад мясцовых уладаў сёлета атрымалі таксама рэдакцыі незалежнай газэты “Афіша” са Смаргоні й “Новай газэты Смаргоні”, заснавальнікі незалежнай газэты “Собственный коментарий” з Крычава й “Местной газеты” з Ваўкавыску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG