Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унікаць, уніклівасьць, уніклівы


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Наш менскі слухач Павал папрасіў пракамэнтаваць ужываньне ў літаратурнай мове дзеяслова ўнікнуць. Паўла найперш цікавіць, ці варта выкарыстоўваць гэтае слова ў значэньні ‘ўдумацца, пастарацца зразумець існасьць нечага’. Нарматыўныя слоўнікі ў такім значэньні дзеяслоў унікнуць, вядома ж, фіксуюць, але ў літаратурным маўленьні ён часьцей ужываецца ў іншым сэнсе: кажучы, што ўнікаюць нечага або некага, маюць на ўвазе, што ўхіляюцца, пазьбягаюць, абмінаюць, устрымліваюцца (унікаюць, да прыкладу, непажаданых сустрэч, кантактаў, унікаюць сварак). Беларускія словазлучэньні ўнікаць праблем і ўнікаць у праблемы нясуць процілеглы сэнс: ‘пазьбягаць, не заўважаць праблем’ і ‘разьбірацца з праблемамі’. Дапускаючы слова ўнікаць у сэнсе ‘ўдумацца’, не забываймася, што з гэтым значэньнем маем у мове шэраг іншых дзеясловаў: у праблему можам заглыбляцца, удавацца, уваходзіць, пранікаць, у праблеме можам разьбірацца.

Зь неадназначнасьці дзеяслова ўнікаць ідзе й неадназначнасьць вытворных ад яго словаў – прыметніка ўніклівы й назоўніка ўніклівасьць. Без кантэксту нельга ясна зразумець такога, напрыклад, сказу: Ён – уніклівы чалавек. Ці той чалавек ухіляецца ад нечага, не выказвае адкрыта, шчыра сваіх думак, ці проста ў нешта заглыбляецца? Несумненна, для яснасьці думкі, як хочам падкрэсьліць, што чалавек глыбока пранікае ў існасьць, варта аддаваць перавагу адназначным лексычным сродкам: дапытлівы, праніклівы чалавек; чалавек, якому ўласьцівая праніклівасьць, дапытлівасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG