Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ладзіць ва ўласным двары фэервэрк забаронена


Юлія Шарова, Менск З надыходам зімы й набліжэньнем Калядаў у беларусаў рознага ўзросту й сацыяльнага становішча ўзьнікае неадольная ахвота ўзрываць пэтарды й ладзіць фэервэркі. Несанкцыянаванае выкарыстаньне піратэхнічных сродкаў у Беларусі прыроўненае да дробнага хуліганства й караецца сама меней штрафам. Аднак пагроза кары не пужае піратэхнікаў-аматараў. Якія захады робіць міліцыя, каб прадухіліць несанкцыянаванае выкарыстаньне піратэхнічных сродкаў?

Як паведамілі мне ва ўпраўленьні інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў, летась з пачатку сьнежня і да праваслаўных Калядаў супрацоўнікі міліцыі ладзілі праверкі па фактах незаконнай рэалізацыі пэтардаў, фэервэркаў ды іншай піратэхнічнай прадукцыі. Усяго выявілі 747 такіх фактаў. Вінаватых прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасьці. Сёлета незаконных гандляроў піратэхнікай таксама будуць пільнаваць, сказаў у інтэрвію Свабодзе намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў Віталь Грынкевіч:

(Грынкевіч: ) “Пэўны комплекс захадаў робіцца па выяўленьні асобаў, што займаюцца незаконнай рэалізацыяй піратэхнічных сродкаў. Натуральна, яны гэтаксама прыцягваюцца да адміністратыўнай адказнасьці за тое, што ня маючы на руках нейкіх адпаведных дакумэнтаў яны займаюцца рэалізацыяй гэтай прадукцыі”.

Аднак, нягледзячы на прэвэнтыўныя захады міліцыі, зусім без інцыдэнтаў з выкарыстаньнем пэтардаў ды фэервэркаў не абыходзіцца. Так, паводле інфармацыі ГУУС Менгарвыканкама, у часе мінулых навагодніх сьвятаў у сталіцы зафіксавана 5 выпадкаў апёкаў рознай ступені цяжкасьці, а сёлета 1 студзеня з-за таго, што ў вакно аднаго з дамоў трапіла пэтарда, пачаўся пажар, і гаспадары кватэры панесьлі буйныя страты.

Легальна выкарыстоўваць можна вельмі абмежаваную колькасьць гэтакіх “агнявых забавак”, кажа Віталь Грынкевіч:

(Грынкевіч: ) “Дазволеныя толькі бэнгальскія агні й хлапушкі. Яны ёсьць у свабодным продажы, таму іх можна спакойна набыць у любой спэцыялізаванай краме. А ўсё астатняя толькі па дазволу”.

Спадар Грынкевіч патлумачыў, што ладзіць ва ўласным двары фэервэркі грамадзянам таксама забаронена, нават калі яны карыстаюцца якаснай і дарагой прадукцыяй. Калі хочацца легальна “пазапускаць ракеты”, то трэба зьвяртацца ў адпаведныя фірмы, што маюць на гэта ліцэнзіі.

Што да мераў адказнасьці, то ўзрываньне пэтардаў, напрыклад, можа абярнуцца альбо штрафам да 2 базавых велічынь (каля 50 тысяч рублёў на сёньня) ці 1-2 месяцамі выпраўленчых працаў. Можна за несанкцыянаванае выкарыстаньне піратэхнікі трапіць і пад адміністратыўны арышт да 15 сутак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG