Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жлобіне актывіста пакаралі за тое, што ён дома на прынтары выдрукаваў артыкул пра рэфэрэндум


Казімер Яноўскі, Жлобін Сёньня ў Жлобіне судзьдзя раённага суду Алена Ярмольчык нанова разглядала адміністрацыйную справу супраць старшыні раённай арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі Пятра Мірашнічэнкі й пакарала яго штрафам за нібыта незаконны выраб і распаўсюд пэрыядычных выданьняў.

Да судовай справы супраць Пятра Мірашнічэнкі спрычыніліся жлобінскія міліцыя, пракуратура, раённы Савет дэпутатаў, рэдактар дзяржаўнай газэты “Новы дзень”. А ўся, так бы мовіць, віна спадара Мірашнічэнкі ў тым, што ў сябе дома ён набраў на ўласным кампутары і надрукаваў на прынтары артыкул да рэферэндуму: “Скажам – “не” пажыцьцёвай дыктатуры”!

У актывіста ўчынілі ператрус, адабралі кампутар і завялі адміністрацыйную справу.

Міліцыя прызнала пэрыядычнымі выданьнямі нават не апублікаваны ў газэце артыкул і матэрыялы з інтэрнэту.

Паводле Адміністрацыйнага кодэксу міліцыянты ня маюць права складаць падобныя пратаколы.

У справу ўключыўся раённы Савет дэпутатаў. Створана была адмысловая камісія дзеля кваліфікацыі парушэньняў у галіне мэдыяў.

Чалец гэтай камісіі, рэдактар дзяржаўнай раённай газэты Пётра Шутаў, заявіў сёньня ў судзе, што ў справе ён не разьбіраўся, бо не юрыст і вопыту адпаведнага ня мае. А пратакол супраць Мірашнічэнкі перапісаў з ранейшага міліцэйскага.

Акурат гэты пратакол упраўнаважанага райсаветам рэдактара і стаўся нагодаю для новага судовага разьбіральніцтва супраць актывіста АГП.

(Мірашнічэнка: ) “Гэта – палітычная замова. Улады напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму вырашылі пазбавіць мяне, як актывіста АГП і кіраўніка перадвыбарчага штабу кандыдата ў дэпутаты ад нашай партыі Марата Афанасьева, кампутарнай тэхнікі. Пры гэтым парушылі і Канстытуцыю, і ўсе магчымыя законы. Завялі сытуацыю ў тупік і цяпер хочуць зрабіць мяне вінаватым”.

Так і атрымалася. Судзьдзя Алена Ярмольчык аштрафавала Пятра Мірашнічэнку на 120 тысячаў рублёў.

Прысутны на судзе прадстаўнік АГП, юрыст Леанід Судаленка сказаў з гэтай нагоды нашаму радыё:

(Судаленка: ) “Супраць Пятра Мірашнічэнкі сфальшавалі справу пра незаконны выраб і распаўсюд сродкаў масавай інфармацыі. Улада рукамі ахоўных органаў імкнецца зьнішчыць актыўных, думаючых людзей нашай партыі. Пры гэтым высоўваюцца самыя абсурдныя з юрыдычнага гледзішча абвінавачваньні”, – лічыць юрыст Леанід Судаленка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG