Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку не запрасілі на падпісаньне расейска-ўкраінскага газавага пагадненьня нават як зацікаўленага назіральніка


Ігар Карней, Менск Падпісаньне ў прысутнасьці прэзыдэнтаў Пуціна і Кучмы дамовы паміж расейскім “Газпромам” і ўкраінскім “Нафтагазам” прымусіла экспэртаў канстатаваць фактычнае адхіленьне Беларусі ад некаторых ранейшых дамоўленасьцяў пра транзыт прыроднага газу ў Заходнюю Эўропу. Рэалізацыя падпісанага дакумэнту забясьпечыць Украіне вядучае месца ў транзыце ўсходняга прыроднага газу на Захад.

Падпісаным дакумэнтам абгрунтаваная неабходнасьць будаўніцтва і эксплюатацыі магістральнага газаправоду Багарадчаны—Ужгарад. Гэта якраз тая “нітка”, якую расейскі “Газпром” вымушаны быў “замарозіць” з прычыны сыстэматычнага крадзяжу Ўкраінай транзытнага газу. Было абвешчана, што альтэрнатыўны калідор пройдзе празь Беларусь. Аднак нейкі час таму бакі паразумеліся, і цяпер справа дайшла да падпісаньня дамовы.

Эканаміст Тацяна Манёнак кажа, што паступленьні ва ўкраінскі бюджэт можна параўнаць са страчанымі прыбыткамі ад нерэалізаванага праекту ў Беларусі. А ці можна лічыць выпадковасьцю тэрмін падпісаньня дамовы — за некалькі дзён да прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне?

(Манёнак: ) “Канечне, палітычны фактар адыграў сваю ролю, таму што Расея зацікаўленая перахапіць галасы электарату, які будзе галасаваць за Януковіча. І відавочна, што вось такі пазытыў напярэдадні выбараў вельмі выгадны для Расеі”.

(Карэспандэнт: ) “Пацяпленьню адносінаў Расеі з Украінай папярэднічалі зусім іншыя часы. Усе памятаюць, як “Газпрам” ды кіраўніцтва Расеі вінавацілі Ўкраіну ў крадзяжы газу. І якраз на тым тле ўзьнікалі новыя праекты зь непасрэдным удзелам Беларусі…”

(Манёнак: ) “…і ўжо было абвешчана, што “Газпром” будзе будаваць газатранспартную сыстэму, мінуючы Ўкраіну. Была дамоўленасьць аб стварэньні калідору Кобрынь—Велькакапушаны. Гэта азначала, што ствараецца калідор у абыход Украіны. Беларусы вельмі ўзрадаваліся, бо гаворка ішла пра дадатковае перапампоўваньне 5 мільярдаў кубамэтраў газу. Натуральна, што гэта быў выгадны праект, асабліва з улікам таго, што ў нас газатранспартнае “плячо” карацейшае. Былі ўжо і тэрміны пазначаныя; казалі, што пабудаваць усё можна вельмі хутка. Але ўрэшце стала вядома, што ня будзе будавацца “нітка” празь Беларусь, а Расея будзе разьвіваць свае ўжо добрыя адносіны з Украінай. Для нас гэта малапрыемна, бо мы таксама маглі мець гэты калідор. Але гэта ўжо пытаньне геапалітыкі й стратэгічных палітычных стасункаў”.

Адметна, што Аляксандар Лукашэнка, які быў гэткім жа госьцем Леаніда Кучмы, як і Пуцін, не прысутнічаў на цырымоніі падпісаньня газавых кантрактаў хоць бы ў якасьці зацікаўленага назіральніка. Вось як ацэньвае гэта экспэрт аб’яднаньня “Альтэрнатыва ХХІ” Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) “Гэта дэманструе толькі тое, што нават калі ёсьць нейкая манаполія, зручны шлях для транспартыроўкі газу, але няма юрыдычных гарантыяў, то абавязкова зьявяцца абыходныя шляхі. Лукашэнка вінаваты сам, бо гэта яму не апазыцыя зрабіла і нават не ЦРУ. Ён вырашыў, што безь яго нельга абысьціся. Можна і безь яго, і без каго заўгодна. Усё лішні раз даказвае, што любая дзяржава павінна ствараць спрыяльныя ўмовы для суб’ектаў гаспадараньня, а ў іншым выпадку яна застанецца без падаткаплатнікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG