Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі не знайшлося інвэстараў, каб выкупіць акцыі дзяржаўных прадпрыемстваў па зьніжаных коштах


Казімер Яноўскі, Гомель Учора закончыўся безвынікова трэці запар конкурс продажу дзяржаўных пакетаў акцыяў 20 прадпрыемстваў Гомельскай вобласьці. Як і раней, не знайшлося ахвотнікаў купляць акцыі нават за нізкі кошт.

На конкурс продажу фонд “Гомельаблмаёмасьць” выстаўляў дзяржаўныя пакеты акцыяў 8 прадпрыемстваў гандлю і бытавога абслугоўваньня, 6 — аграпрымысловага комплексу, 4 — будаўнічай галіны і 2 прадпрыемстваў мясцовай прамысловасьці. Кошты на дзяржпакеты акцыяў, напрыклад, Рагачоўскага і Петрыкаўскага камбінатаў бытавога абслугоўваньня былі зьніжаны на 50%, акцыянэрнага таварыства “Гомельлён” — на 40%, рэчыцкага заводу “Тэрмапласт” — на 30%. Аднак і на іх не знайшлося пакупнікоў.

Інвэстарам прапаноўваўся 100-адсоткавы пакет акцыяў швейнага аб’яднаньня “Гамяльчанка”, але і яго купіць не было ахвочых. Вось што кажа на гэты конт начальніца аддзелу акцыянаваньня і каштоўных папераў фонду “Гомельаблмаёмасьць” Людміла Ташкінава:

(Ташкінава: ) “Такія вялікія прадпрыемствы не патрэбныя. Будынкі велічэзныя, падаткі на нерухомасьць — таксама. Штомесяц каля мільярда рублёў. А яшчэ даўгі за прадпрыемства трэба сплаціць. Інвэстары вывучаюць выдаткі, да чаго ўсё гэта прывядзе. Яны кажуць, што можна весьці вытворчасьць і на меншых плошчах. Мы мелі права зьнізіць кошты на дзяржаўныя пакеты акцыяў да 50%, і тым ня мянш, цікавасьці да іх няма”.

Не зацікавіў інвэстараў і 10-адсоткавы дзяржпакет акцыяў Гомельскага мясакамбінату. Камбінат лічыцца неблагім прадпрыемствам, ён сплачвае невялікія дывідэнды на свае акцыі. Прычына незапатрабаванасьці — нязначнасьць пакету і ягоная дарагоўля.

Адмыслоўцы лічаць, што цяперашняя мэтодыка вызначэньня пачатковага кошту акцыяў не адпавядае іх рэальнай вартасьці. Такі прыклад. Нават пасьля значнага паніжэньня кошт акцыяў згаданага раней аб’яднаньня “Гамяльчанка” перавышаў 1 мільярд рублёў.

На думку доктара эканамічных навук з Рэчыцы Ўладзімера Драчова, для інвэстара важна яшчэ бачыць пэрспэктыву. Бяз гэтага ніхто ня стане укладваць грошы ў збанкрутаваныя прадпрыемствы, нават калі ўмовы стануць прыдатнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG