Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіянальныя ўлады замінаюць дэпутатам групы “Рэспубліка” працаваць са сваімі выбаршчыкамі


Уладзімер Глод, Менск Апошнім часам рэгіянальная вэртыкаль усялякімі спосабамі абараняецца ад апазыцыі й грамадзянаў. Даволі часта гэта робіцца проста няўклюдна. Адзін з прыкладаў таму – паездка напрыканцы тыдня да сваіх выбаршчыкаў у Ліду кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца. У мясцовым райвыканкаме дэпутату адмовілі... паставіць пячатку ў ягонае камандыровачнае пасьведчаньне.

Чаму мясцовыя ўлады паводзяць сябе ўсё больш жорстка? Мясцовая вэртыкаль такім чынам рэагуе на паводзіны свайго галоўнага начальніка. Чым больш жорсткі тон Аляксандра Лукашэнкі, тым адпаведна зьмяняюцца і паводзіны мясцовага чынавенства. А апошнія выступы дзейнага кіраўніка дзяржавы – перадусім, ягоная прэсавая канфэрэнцыя і выступ перад беларускімі дыпляматамі – паказваюць нарастаньне менавіта агрэсіўнага тону. І ў гэтым сэнсе сытуацыя ў Лідзе вельмі паказальная. Пра тое, што там адбылося, Сяргей Скрабец гаворыць так:

(Скрабец: ) “Я прынёс камандыроўку, каб у ёй зрабілі адзнаку аб знаходжаньні ў Лідзе, а мне адмовілі. Дарэчы, на самым пачатку галадоўкі я прыяжджаў у Ліду, і мне тады камандыроўку адзначылі. Дык пасьля гэтага аж тры чалавека прыехалі з адміністрацыі прэзыдэнта і дапытвалі маіх памочнікаў: ці быў я тут, ці не. А цяпер адмовілі, кажуць, каб я напісаў, што я тут рабіў, каго прымаў, каб сьведкаў прадставіў... Толькі тады абяцалі зрабіць адзнаку. І не зрабілі... Побач з вартаўніком паставілі міліцыянта. І ён пры ўваходзе ў райвыканкам пытае дакумэнты. Раней такога ня было. І нават мяне, дэпутата, пасьля 17-й гадзіны не пускаюць у мой габінэт, які месьціцца ў будынку райвыканкама, і дзе я праводжу прыёмы сваіх выбаршчыкаў”.

Такія паводзіны мясцовай вэртыкалі зьяўляюцца тыповымі: так робяць ня толькі ў Лідзе, а фактычна паўсюдна. Напрыклад, яшчэ адзін сябра групы “Рэспубліка”, дэпутат Валеры Фралоў, спрабаваў адкрыць грамадзкую прыёмную, каб аказваць паслугі выбаршчыкам – перадусім, юрыдычныя. Знайшоў у сваёй акрузе, гэта паблізу Горадні, кватэру, гаспадыня якой спачатку пагадзілася здаць яе для добрай справы. Але потым жанчына адмовілася, паколькі мясцовыя ўлады папярэдзілі яе, што, калі яна так не зробіць, то ў яе будуць непрыемнасьці.

І што яшчэ цікава: чым бліжэй да сталіцы, тым больш мудрагелістыя спосабы знаходзяць чыноўнікі, каб адбіцца ад дэмакратычных дэпутатаў. Учора, напрыклад, Уладзімер Навасяд, які абраны ў менскім мікрараёне Серабранка, сказаў мне, што ён заўважыў цікавую тэндэнцыю – апошнім часам мясцовыя ўлады ўсё часьцей не адказваюць на ягоныя запыты і пытаньні. Спасылаюцца на тое, што цяпер лета, падначаленыя ў адпачынку. Спадар Навасяд лічыць, што гэта такая тактыка – працягнуць да восені, калі выбарчая кампанія дасягне свайго апагею, і пра цяперашнюю палату ўсе проста забудуцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG