Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гадоў таму, у ліпені 1994 году, зьявіўся першы беларускі нацыянальны пашпарт, з выявай “Пагоні” на вокладцы


Іна Студзінская, Менск Дакумэнт, што сымбалізаваў сабою незалежнасьць краіны й ейных грамадзян, меў сіні колер і выяву на той час афіцыйнага нацыянальнага гербу “Пагоня” на вокладцы. Выдадзена такіх пашпартоў было ня вельмі шмат – 183 тысячы. Пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году пачалася праца над новым пашпартам, які аказаўся вельмі падобным на першы нацыянальны: таксама сіняга колеру, але з іншай вокладкай.

Дакумэнт новага ўзору з нумарам адзін быў уручаны толькі што абранаму прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Праца над першым нацыянальным пашпартам доўжылася, дарэчы, два гады. Айчынныя распрацоўшчыкі цесна кантактаваліся тады з ангельскай фірмай “Дэляру”. Але было вырашана выдаваць дакумэнт у Беларускім Доме друку.

Распавядае дырэктар Навукова-дасьледчага інстытуту крыміналёгіі, крыміналістыкі й судовай экспэртызы Алег Дзятлаў.

(Дзятлаў: ) “Тут няма ніякага сакрэту. Апісаньне гэтага дакумэнту я сам рабіў. Рыхтаваўся дакумэнт для кіраўніка дзяржавы. Быў зроблены вельмі прыгожы буклет, рабілі мы яго дастаткова доўга. Гэта была сапраўды падзея. Задачу такую паставілі – айчынныя дакумэнты рабіць на тэрыторыі краіны. Беларусь адносіцца да вельмі пэрспэктыўных краін – з улікам тэхналягічных магчымасьцяў для вырабу дакумэнтаў такога кшталту. Але ж гэта вельмі дарагая справа”.

Тым ня менш, вельмі дарагое, складанае абсталяваньне было закуплена, і з 1994 году нацыянальныя пашпарты друкуюцца ў Беларусі.

Гаворыць былы супрацоўнік Дзяржзнаку краіны.

(Суразмоўца: ) “Па дызайне, па ступенях абароны, па ўсім іншым гэты пашпарт цалкам адпавядаў усясьветным стандартам. Ён так і рабіўся. Там была нармальная пэрфарацыя – такая самая, як цяпер, вадзяныя знакі, ультрафілітовыя валокны, ламінаваньне на фатаздымку”.

(Карэспандэнт: ) “А ці атрымоўвалі Вы першы нацыянальны беларускі пашпарт?

(Суразмоўца: ) “Так, я яго атрымаў. Мне было вельмі шкада яго здаваць. Я нават спрабаваў пакінуць яго на памяць, але тады было вельмі складана: шмат папер трэба было афармляць. Таму давялося яго здаць. Мне вельмі шкада было губляць “Пагоню”.

Іван Місько ў сярэдзіне 90-х быў студэнтам, і пашпарт з “Пагоняй” стаў ягоным першым дакумэнтам.

(Місько: ) “Даволі нармальны быў, прыгожы пашпарт. Прынамсі, там не было такіх змрочных асацыяцый зь нейкай аўтарытарнай дзяржаўнай сыстэмай. Вельмі добры пашпарт. Ён мне падабаўся. Безумоўна, той, стары пашпарт – з “Пагоняй” – падабаўся болей”.

Але пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году было вырашана замяніць пашпарт з “Пагоняй” на новы, з іншым гербам. Але ён мала чым адрозьніваецца ад ранейшага – цьвердзіць дырэктар Навукова-дасьледчага інстытуту крыміналёгіі, крыміналістыкі й судовай экспэртызы Алег Дзятлаў.

(Дзятлаў: ) “Пераемнасьць у такіх справах захоўваецца. З тае прычыны, што ва ўсіх краінах сьвету стараюцца не зьмяняць такога кшталту дакумэнтаў, як пашпарт, грошы. Таму што і людзі прывыкаюць, і для служб, якія займаюцца кантролем, рыхтуюцца адмысловыя дакумэнты, мэтадычныя рэкамэндацыі. І ясна, што калі б мы рэзка памянялі пашпарт у свой час, як мянялася сымболіка краіны, гэта выклікала б пэўныя цяжкасьці ў сытуацыях перасячэньня мяжы”.

Пашпарты з “Пагоняй” выдаваліся цягам амаль двох гадоў, і – толькі жыхаром Менску й сталічнай вобласьці. Усяго іх атрымалі 183 тысячы беларусаў. Да 1 ліпеня 2004 году гэтыя пашпарты былі сапраўднымі, так бы мовіць, для ўнутранага карыстаньня. Але пасьля 1996 году выехаць па пашпарце з “Пагоняй” за мяжу стала ўжо немагчыма.

Многія тады ішлі на ўсялякія хітрыкі, каб у часе замены пашпарту пакінуць сабе дакумэнт з “Пагоняй”. Ды няшмат каму гэта ўдалося. Але людзі вераць, што некалі “Пагоня” зноў вернецца на беларускі пашпарт. Гэта будзе ў новай, дэмакратычнай Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG