Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страты ад урагану на Берасьцейшчыне ацэньваюць у мільярды рублёў; у шпіталь патрапілі два нямецкія турысты


Алег Супрунюк, Берасьце На Берасьцейшчыне працягваюць аднаўляць жылыя і гаспадарчыя збудаваньні, што былі пашкоджаныя ўраганам. Страты ад наступстваў стыхіі яшчэ не падлічылі, аднак ужо ясна, што яны будуць складаць некалькі мільярдаў рублёў.

Тэрыторыя, якая пацярпела ад урагану, што абрынуўся на Берасьцейшчыну ўвечары 9 ліпеня, з кожным днём павялічваецца. Паводле апошніх дадзеных, стыхія нанесла шкоду ўжо 14-ці раёнам вобласьці. Такім чынам, толькі два раёны – Маларыцкі і Ляхавіцкі – афіцыйна яшчэ непрызнаныя пацярпелымі. За апошнія суткі колькасьць жылых збудаваньняў, якія атрымалі пашкоджаньні павялічылася больш чым на сотню і дасягнула 586-ці.

У Берасьцейскім абласным ўпраўленьні надзвычайных сытуацыяў такое істотнае павялічэньне пашкоджаных будынкаў на трэці дзень пасьля ўрагану тлумачаць тым, што ня ўсе хаты пасьпелі своечасова агледзіць. Разам з тым супрацоўнікі апэратыўнага штабу ня выключаюць, што некаторыя кіраўнікі гаспадарак і ўладальнікі пабудоў наўмысна завысілі нанесеную шкоду, каб атрымаць большую кампэнсацыю.

Дарэчы, памеры гэтай кампэнсацыі таксама пакуль ня вызначаныя, бо дакладныя лічбы, якія тычацца стратаў ад стыхіі, берасьцейскія ўлады абяцаюць агучыць толькі 16 ліпеня. Вось што распавёў на гэты конт прэсавы сакратар упраўленьня надзвычайных сытуацыяў Сяргей Машноў.

(Машноў: ) “Гледзячы па ўсім, страты будуць ацэненыя ў некалькі мільярдаў рублёў. Гэта пакуль вельмі прыблізная інфармацыя і яе варта ўдакладняць. Але, напрыклад, у вёсцы Залесьсе Кобрыньскага раёну там, фактычна, кожная хата засталася бяз даху. Шыфэр паўсюдна пазрывала”.

У згаданай вёсцы Залесьсе разбурана больш за 30 хатаў, аднавіць якія разам з усімі астатнімі жылымі будынкамі, ўлады паабяцалі да 14 ліпеня. Аднак мясцовыя жыхары сумняюцца, што да гэтай даты ўсё будзе зроблена.

(Спадарыня: ) “Сёньня я нават ня ведаю, хто ў вёсцы Залесьсе працуе. У выходныя ў вёску прыяжджалі спэцыялісты, шмат вайскоўцаў было. Штосьці дапамагалі. Там дзе маладыя сем’і – самі зробяць, а там дзе адны бабулі – яны самі па сабе жывуць і няма каму дапамагчы нават”.

На Берасьцейшчыне ўраган абышоўся без чалавечых ахвяраў. У шпіталі знаходзяцца два турысты зь Нямеччыны, якія адпачывалі ў Янаўскім раёне. Іхні намёт на беразе возера заваліла дрэва, але зараз стан здароўя вандроўнікаў мэдыкі ацэньваюць як здавальняючы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG