Беларускіх палітыкаў прымаў кангрэсмэн ад рэспубліканскай партыі Крыстафэр Сьміт, якога многія лічаць галоўным лабістам дэмакратычнай Беларусі ў парлямэнце Злучаных Штатаў. Менавіта ён — аўтар двух Актаў аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі.
Анатоль Лябедзька адзначае, што гэтая сустрэча была вельмі канкрэтнай:
“Мы і зь ім, і зь іншымі кангрэсмэнамі абмяркоўвалі наступную ініцыятыву. У 2008 годзе адзначаюцца 90-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі. І мы хацелі б, каб кангрэсмэны, як мага большай колькасьцю, узялі ўдзел у акцыі каля амбасады Беларусі. І сам Сьміт, і яго калегі з гэтым пагаджаліся. Так што, акрамя стратэгічных пытаньняў, мы абмяркоўвалі і канкрэтныя справы.
Абмяркоўваліся таксама магчымасьці падтрымкі спадарожнікавай тэлевізіі “Белсат”, ішла гаворка пра інтэрнэт-рэсурсы”.
Другая асоба амэрыканскага сэнату — прадстаўнік дэмакратычнай партыі Рычард Дэрбін — паходзіць зь Літвы. І таму ён прымае сытуацыю ў гэтым рэгіёне блізка да сэрца. Пасьля гутаркі зь ім Сяргей Калякін адзначыў, што ў рэспубліканцаў і ў дэмакратаў агульны падыход да становішча ў Беларусі:
Па беларускім пытаньні ў абедзьвюх партыяў ёсьць кансэнсус
“Па беларускім пытаньні ў абедзьвюх партыяў ёсьць кансэнсус. Яны лічаць, што Беларусь павінна рухацца да дэмакратыі. І яны жадаюць спрыяць гэтаму працэсу”.
Сяргей Калякін лічыць, што нават калі ў наступным годзе да ўлады ў ЗША прыйдуць прадстаўнікі дэмакратычнай партыі, іхняя цікавасьць да Беларусі ня зьменшыцца:
“Дэмакраты заўжды былі на міжнароднай арэне больш актыўнымі за рэспубліканцаў. Так склалася гістарычна. Можа, пры адміністрацыі Джорджа Буша робіцца па-іншаму. Але ніякіх зьмен адносна Беларусі не адбудзецца.
Усе яны людзі вельмі абазнаныя ў тым, што адбываецца ў нашай краіне. Я трэці раз у ЗША і бачу, што веды пра Беларусь тут растуць у геамэтрычнай прапорцыі”.
Найбольшае ўражаньне ў беларускіх палітыкаў засталося ад сустрэчы з Джорджам Бушам. Анатоль Лябедзька адзначае:
“Буш на тэлевізійным экране і ў жывых стасунках — проста дзьве розныя асобы. Ён настолькі нефармальны, настолькі жывы, настолькі заражае энэргетыкай.
Першае, што мы пачулі ад прэзыдэнта ЗША, калі ўвайшлі (а было даволі холадна): ну, што, можа віскі?
Я ўпершыню бачыў чалавека, які б з такім гумарам расказваў пра нейкія ня вельмі прыемныя для сябе сытуацыі. Ён расказваў і сам клаўся ад сьмеху.
Я трэці раз у ЗША і бачу, што веды пра Беларусь тут растуць у геамэтрычнай прапорцыі
Буш — абсалютна не пыхлівы, жывы. А размову вядзе як з суседам, якога ведаеш амаль усё жыцьцё”.
А Сяргей Калякін кажа:
“У жыцьці Буш выглядае куды лепей, чым праз тэлевізію. Гэта вельмі энэргетычны чалавек. І вельмі просты. Словамі гэта цяжка перадаць”.