Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Расеі: у 2007 годзе Беларусь не атрымае расейскай электраэнэргіі


Валер Каліноўскі, Менск У наступным годзе Беларусь не атрымае расейскай электраэнергіі, а пастаўкі расейскай нафты могуць абмежавацца ўнутранымі патрэбамі Беларусі. Кошт газу для Беларусі можа скласьці 140 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пра энэргетычныя праблемы ў дачыненьнях Беларусі й Расеі сёньня апавядаў журналістам амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў.

Паводле амбасадара Аляксандра Сурыкава, міністэрства прамысловасьці й энэргетыкі Расеі афіцыйна адклала разгляд беларуска-расейскага энэргабалянсу на 2007 год. Кансультацыі адновяцца пасьля вырашэньня важнага для Расеі пытаньня аб падзеле экспартных пошлін за прадаваныя Беларусьсю сьветлыя нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай сыравіны.

Спадар Сурыкаў падлічыў, што сёлета за дзевяць месяцаў Беларусь прадала 13,6 мільёна тон нафтапрадуктаў, і за кожную атрымала 57 даляраў пошліны. Расея прапануе выставіць пошліну 180 даляраў за тону і падзяліць яе ў такіх суадносінах: 85% — Расеі, 15% — Беларусі. Што будзе, калі Беларусь не пагодзіцца? Адказ амбасадара Сурыкава:

(Сурыкаў: ) “Тады могуць разглядацца пытаньні, які тады будзе балянс паставак. Тое, што ўнутраны рынак Беларусі забясьпечаць, у мяне сумневаў ніякіх няма, а далей будуць спрэчкі. Я прыхільнік захаваньня аб’ёмаў паставак”.

Беларусь на 2007 год просіць 21,5 мільёна тон расейскай нафты, 21,7 мільярда кубамэтраў газу і 3,3 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі. Апошняй яна не атрымае зусім, паведаміў амбасадар Сурыкаў:

(Сурыкаў: ) “Відаць, закупіць у Расеі электраэнэргію ў наступным годзе не атрымаецца. З прычыны аб’ектыўных абставін эўрапейская частка Расеі апынулася перад пагрозай сур’ёзнага дэфіцыту электраэнэргіі зімой гэтага году”.

Яшчэ адна навіна для беларускага ўраду — спадар Сурыкаў падлічыў, што кошт газу для Беларусі ў наступным годзе можа скласьці 140 даляраў за тысячу кубамэтраў, гэта ў тры разы даражэй, чым сёлета. Ён вылічыў гэты кошт, адняўшы ад заяўленай “Газпромам” цаны 200 даляраў 30-адсоткавую мытную пошліну. Каб зьнізіць цану газу на будучы год, беларускі ўрад павінен пайсьці на саступкі ў акцыянаваньні Расеяй “Белтрансгазу”, а таксама ў саюзным будаўніцтве, прызнаў спадар Сурыкаў:

(Сурыкаў: ) “Мы пакуль выявілі жаданьне стаць саюзнай дзяржавай — тады ўсе пытаньні папросту здымаюцца. А за абяцаньне стаць — ну, гэта дзьве розныя краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG