Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд cёньня мае вырашыць лёс ПКБ


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня Вярхоўны суд разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі аб прыпыненьні дзейнасьці Партыі камуністаў Беларускай. Нагадаем, у верасьні Вярхоўны суд разгледзеў скаргу ПКБ на дзеяньні Міністэрства юстыцыі, якое вынесла камуністам пісьмовае папярэджаньне. Падставай стала адмова перадаць у Мінюст поўны сьпіс сяброў партыі з пашыранымі зьвесткамі пра кожнага чалавека.

Чыноўнікам гэта нібыта патрабавалася, каб пераканацца, што ў партыйных шэрагах знаходзіцца ня менш за тысячу чалавек. Сакратар ЦК ПКБ Валеры Ухналёў патлумачыў:

(Ухналёў: ) “Пасьля суду, які прыняў бок Міністэрства юстыцыі, мы такі сьпіс даслалі. Тое, што нам ставіла Міністэрства юстыцыі, мы абскардзілі, прайгралі і ўрэшце выканалі іх патрабаваньні. Таму на сёньня няма прэтэнзій канкрэтных з Мінюста да нашай партыі”.

Аднак у міністэрстве мяркуюць, што ёсьць падставы для прыпыненьня дзейнасьці партыі. Гэтае пытаньне і мусіць разгледзець Вярхоўны суд. Начальнік упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Алег Сьліжэўскі:

(Сьліжэўскі: ) “Сутнасьць прэтэнзій можна прачытаць у позве. Вазьміце ў ПКБ і там усе прэтэнзіі абгрунтаваны. Я не магу камэнтаваць, пакуль на гэта не атрымаў даручэньне”.

Аднак напярэдадні партыя атрымала новае пасьведчаньне аб рэгістрацыі партыі. Што ж гэта азначае?

(Сьліжэўскі: ) “Гэта дакумэнты пра тое, што яны ўнесьлі зьмены ў статут і ўсё”.

Сакратар ЦК ПКБ Валеры Ухналёў заявіў, што тая позва, якую Мінюст перадаў у Вярхоўны суд, увогуле ня можа быць падставай для закрыцьця партыі.

(Ухналёў: ) “Тая позва, якую міністэрства юстыцыі падало у верасьні на прыпыненьне дзейнасьці нашай партыі, ня можа быць разгледжана. Згодна з нашым заканадаўствам, калі ідзе выбарчая кампанія, ня могуць разглядацца справы па прыпыненьні дзейнасьці партый. Таму мы думаем, што позва гэта ёсьць у Вярхоўным судзе і Вярхоўны суд павінен неяк на гэта адрэагаваць. Мы думаем, што гэта будзе такое тэхнічнае паседжаньне суда, які павінен прыняць рашэньне, што з улікам дзейнага заканадаўства на дадзены момант ня можа разглядацца справа аб прыпыненьні нашай дзейнасьці”.

Партыя камуністаў Беларуская пачала кансультацыі з БСДП(Грамада) і Жаночай партыяй аб стварэньні саюзу дэмакратычных партый левага кірунку. Плянуецца ў сьнежні правесьці адмысловы зьезд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG