Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд аднавіў справу аб прыпыненьні дзейнасьці БХК


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Вярхоўным Судзе Беларусі аднавілі справу аб прыпыненьні дзейнасьці Беларускага Хэльсынскага камітэту. Праваабаронцы заяўляюць пра ціск беларускай дзяржавы на арганізацыі, якія бароняць людзей ад сваволі чыноўнікаў.

У Вярхоўным судзе Беларусі пацьвердзілі, што справа супраць Беларускага Хэльсынскага камітэту адноўленая.

Яшчэ ў чэрвені Мін’юст хадайнічаў аб прыпыненьні дзейнасьці БХК на той падставе, што арганізацыя не сплаціла 160 мільёнаў рублёў штрафаў і падаткаў з замежнай грашовай дапамогі. Аднак тады разгляд справы прыпынілі да разгляду скаргаў БХК. Праваабаронцы спрабавалі аспрэчыць, што яны мусяць выплаціць падаткі паводле праграмы ТАСІS. Галоўным аргумэнтам у спрэчцы было ранейшае абяцаньне ўраду не абкладаць падаткамі гэтую дапамогу Эўразьвязу грамадзкім арганізацыям.

У кастрычніку апошняя скарга БХК была адхіленая, і 1 лістапада Менскі гаспадарчы суд вырашыў сканфіскаваць маёмасьць БХК, а Вярхоўны Суд аднавіў разгляд пазову Мін’юсту аб прыпыненьні дзейнасьці арганізацыі. Выканаўчы дырэктар БХК Алег Гулак лічыць такое супадзеньне невыпадковым:

(Гулак: ) “З гэтага таксама можна ўбачыць, што гэта неяк рэжысуюць з адзінага цэнтру”.

Міністэрства юстыцыі ў сваім пазове да БХК прасіла судзьдзяў прыпыніць дзейнасьць арганізацыі да 1 верасьня, але пакуль справа адкладалася, час прыпыненьня мінуў. На які тэрмін цяпер просяць чыноўнікі Мін’юсту прыпыніць дзейнасьць найбуйнейшай у Беларусі праваабарончай арганізацыі? Высьветліць гэта не ўдалося. Начальнік управы грамадзкіх арганізацыяў Мін’юсту Алег Сьліжэўскі адмовіўся падаваць зьвесткі, спаслаўшыся на парадак у міністэрстве.

(Сьліжэўскі: ) “Прашу прабачэньня, я камэнтароў не даю без узгадненьня з прэс-службай. Альбо калі даручыць кіраўніцтва”.

Толькі за два мінулыя гады з ініцыятывы Мін’юсту закрылі каля пяцідзесяці грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку некалькі праваабарончых: праваабарончы цэнтар “Вясна”, Прававую дапамогу насельніцтву, Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў ды іншыя.

Беларускія праваабаронцы кажуць ня проста пра ціск асобных чыноўнікаў, а пра каардынаваную палітыку на дзяржаўным узроўні. Гэтую думку падзяляе былая дэпутатка, а цяпер праваабаронца Людміла Гразнова.

(Гразнова: ) “Яны аднаўляюць сыстэму, да якой прызвычаіліся, — аўтарытарную, таталітарную, калгасную. І ўсё падганяюць пад тыя схемы. У 1970-я гады ж не было ніякіх праваабарончых арганізацыяў, апазыцыйных партыяў”.

Справу БХК будзе разглядаць судзьдзя Ігар Бабкоў. Папярэдняе пасяджэньне ён прызначыў на 13 лістапада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG