Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Амбасадары краінаў Эўразьвязу й ЗША наведалі царкву “Новае жыцьцё” (фота)</B>


Альгерд Невяроўскі, Менск Пасьля наведваньня Курапатаў кіраўнікі дыпляматычных місіяў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыны, Швэцыі, Чэхіі, Славаччыны, Румыніі й Латвіі прыехалі да вернікаў царквы “Новае жыцьцё”. Дыпляматы заявілі, што яны хацелі на свае вочы пабачыць тых, хто 23 дні трымаў галадоўку пратэсту, — і выказаць ім падтрымку.

Картэж машын з дыпляматычнымі нумарамі й сьцягамі спыніўся на пляцоўцы каля будынку царквы “Новае жыцьцё” прыкладна а другой гадзіне дня. Кіраўнікоў заходніх дыпляматычных місіяў сустракаў пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка й вернікі. Спадар Ганчарэнка выказаў амбасадарам словы падзякі:

(Ганчарэнка: ) “Для нас вялікі гонар, што вы заехалі да нас. Мы вельмі гэтаму рады, для нас гэта вялікая падтрымка. Мы прымаем гэта як вашую салідарнасьць з тым, што мы рабілі ўвесь гэты час, адстойваючы права на свабоду”.

Пастар правёў дыпляматаў будынкам царквы. Ён апавядаў, як трымалі галадоўку вернікі, баронячы храм. Паказаў фотавыставу, якая адлюстравала, як вернікі з руінаў былога калгаснага кароўніка адбудоўвалі царкву.

Амбасадары ўважліва слухалі. Потым задавалі пытаньні, цікавіліся апошнімі навінамі наконт царквы. У інтэрвію Беларускай Свабодзе дыпляматы казалі, што іхны візыт у царкву ёсьць знакам салідарнасьці зь вернікамі. Гаворыць амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт:

(Ст’юарт: ) “Я прыехала сюды, бо права на свабоду сумленьня, права на малітву ёсьць адным з асноўных правоў чалавека ва ўсіх краінах сьвету, у тым ліку і ў Злучаных Штатах. І гэтае права Злучаныя Штаты заўсёды падтрымлівалі. Мы ведаем, што гэтая царква перажывала вельмі цяжкі час. Так, што і я, і мае эўрапейскія калегі хацелі прыехаць сюды, каб пазнаёміцца з сытуацыяй на месцы. І прыездам я таксама хацела падтрымаць тых беларусаў, якія змагаюцца за свае правы”.

А вось меркаваньне кіраўніка дыпляматычнай місіі Швэцыі Стэфана Эрыксана:

(Эрыксан: ) “Гэта нашая праца — сачыць за тым, што адбываецца ў краіне. І вось я змог прыехаць у царкву “Новае жыцьцё”. Я трохі ведаю, што адбывалася тут за апошнія месяцы. І, канечне, такая сытуацыя выклікае пэўную трывогу ў нас. Таму што ёсьць закон аб свабодзе рэлігіі, і гэты закон павінен выконвацца ўладамі. І тое, што тут сотні людзей праводзілі галадоўку, дастаткова сур’ёзна. Відаць, трэба было й раней прыехаць, але нам удалося толькі сёньня. Лепш позна, чым ніколі. Гэта выказваньне салідарнасьці”.

Учора будынак царквы “Новае жыцьцё” апаганілі невядомыя. Сьцяна залітая фарбай і расьпісаная заклікамі незарэгістраванай нацыянал-бальшавіцкай партыі. Вернікі зьвярнуліся ў міліцыю, там іхную заяву скіравалі ў пракуратуру. Нацыянал-бальшавікі на сваім сайце заявілі, што не датычныя да акту вандалізму, які лічаць правакацыяй.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG