Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэтыя розныя, розныя Калодзішчы”


Віталь Сямашка, Калодзішчы, Менскі раён Пра жыцьцё ў амаль 12-тысячным прыгарадзе Менску Калодзішчах даўно існуе мноства супярэчлівых меркаваньняў, якія адлюстроўваюць пярэстую карціну тамтэйшага жыцьця. У гэтым я й пераканаўся падчас вандроўкі. Як доказ і кароткая нізка галасоў.

(Спадарыня: ) “І дзяўчаты — куды ні паглядзі, нарката, нарката, нарката”.

(Спадар: ) “Я тут жыву і ўсім задаволены”.

(Спадарыня: ) “А ў кастрычніку, як ацяпленьне ўключаць, дык кіну ўсё”.

(Спадар: ) “Застанемся наагул без кіраўніка! А гэта ўжо пытаньне палітычнае — рыхтуюцца выбары ў мясцовыя саветы. Што тады?!”

(Карэспандэнт: )“Калодзішчы становяцца сталіцай беларускага прадпрымальніцтва?”

(Спадар: ) “Фірмаў, нібыта, шмат. Па факце гэтая фірма не знаходзіцца, а зарэгістраваная тут!”

(Гаркавенка: ) “Многа моладзі атрымала тут працоўныя месцы, але многа і зь Менску прыяжджае”.

Апошні голас належыць стваральніцы тутэйшага краязнаўчага музэю, настаўніцы Гаркавенцы. І гэта адзіны прыгарад, куды на працу зь Менску прыяжджае больш, чым ад’яжджае ў сталіцу. У Калодзішчах, якім сёлета споўнілася 135 гадоў, заўжды былі запатрабаваныя кваліфікаваныя кадры, тлумачыць Ніна Ільінічна.

(Гаркавенка: ) “Пілавалі калоды пад шпалы, і вось таму калоды — Калодзішчы. У гэты час вадакачка, вакзал, піларама будуюцца. А ў 1933-м будуецца радыёцэнтар, у 1970-м — тэлецэнтар, у 1956-м — геалягічная экспэдыцыя. З канца 1990-х шмат будуецца складзкіх памяшканьняў прадпрыемстваў Менску — 32-га заводу, гадзіньнікавага, вузла сувязі”.

А вось калісьці сэнсацыйная навіна, якую мне паведаміў 59-гадовы супрацоўнік “Беларусьфільму” Аляксандар Васільевіч. Убачыўшы мікрафон, падышоў да мяне сам.

(Аляксандар: ) “Са словаў начальства, непадалёк будзе створаная пляцоўка, і мне ня прыйдзецца езьдзіць у Менск, таму што будзе пераведзеная большасьць структураў “Беларусьфільму”: гаражы, сталярка, асьвятляльны цэх”.

Але гэта датычыць каладзішчанскай працоўнай эліты. Згодна з назіраньнямі адмыслоўцаў, яна не складае і траціны насельнікаў. Калі ж зірнеш на жыцьцё астатніх, згадваецца назва раману Дастаеўскага — “Бедныя людзі”. Побач з вакзалам амаль дзесяць гадоў месьціцца прыватная цырульня Ніны Розум. Працуе дзевяць гадзін штодня. Але, мабыць, апошнія дні, кажа Ніна Аляксандраўна.



(Карэспандэнт: ) “Вы за арэнду можаце плаціць?”

(Розум: ) “Ня больш за палову, дахаты амаль нічога не атрымліваецца данесьці. А ў кастрычніку, як ацяпленьне ўключаць, дык, відаць, усё. Я баюся й гаварыць: гэта ж на 13 эўра ў месяц болей плаціць, плюс вада гарачая, халодная. А гадзіна працы прайшла — два чалавекі, учора тры былі. Мне тры гады да пэнсіі, уладкуюся прыбіральшчыцай, наведнікі пастаянныя дапамогуць”.

(Карэспандэнт: ) “А вашыя кошты адрозьніваюцца ад дзяржаўных?”

(Розум: ) “Удвая таньней: ёсьць тры тысячы, ёсьць чатыры. А вэтэраны вайны з 27 красавіка да 10 траўня абслугоўваюцца бясплатна”.

Апошніх у Калодзішчах, між іншым, траціна. “Народ ушчэнт зьбяднеў!” — гэта нашую размову пракамэнтаваў 39-гадовы сантэхнік Вадзім Ленскі, што зайшоў пагутарыць з цырульніцай. Ён пасяленец старых дамоў, якіх тут цэлыя вуліцы. Большасьць у аварыйным стане, цьвердзіць спадар Ленскі.

(Ленскі: ) “Наш барак 1962 году выпуску, 70 адсоткаў зносу. Барак — гэта шэсьць сем’яў у адным доме аднапавярховым. Тры ганкі — на кожны дзьве кватэры. Уся цэнтральная магістраль на ваду, ацяпленьне ў мяне пад падлогай, ніхто не мяняў з часу забудовы. Уключаць ацяпленьне, а ў людзей старыя батарэі — і, ня дай божа, пацячэ. Кацельную ніхто прыпыняць ня стане, кіпень пальецца ў хату. Такі наш 30-ты барак, а яшчэ 29-ты, на Баршчэўскага шмат баракаў. І ніхто нічога ня робіць! А прыходзіць жыроўка — кожны месяц 7 тысяч за абслугоўваньне!”



А яшчэ Калодзішчы называюць горадам наркаты. Ускосна мне гэта пацьвердзіў тутэйшы опэрупаўнаважаны, капітан Раман Калінін:

(Калінін: ) “У мяне самыя сур’ёзныя злачынствы за мінулы месяц — крадзяжы былі й забойствы, якія зьдзяйсьняюць людзі з-за неабходнасьці набыць наркатычныя сродкі”.

Мне ўдалося разгаварыць 61-гадовую маці наркамана Алу Іванаўну. Ейная споведзь адначасова і расповед пра паралельны каладзішчанскі сьвет.

(Ала: ) “Крык маці, у якой сын усё прадаў… Жанчына маладая, 45 гадоў. Магла б сям’ю завесьці, але не магу з-за яго. Дайшло да таго, што паклалі лінолеўм, дык і яго садраў, каб купіць наркату… Ці бацька зь дзяцінства займаўся наркатой і з двух дзетак аднаго ў печ усадзіў і той згарэў, восем месяцаў… І ўсё ідзе па ланцугу — ад аднаго да другога. І дзяўчаты — куды ні паглядзі, нарката, нарката, нарката. Я ня ведаю, адкуль узьнікаюць гэтыя даляры. Я ведаю, што іх трэба ізаляваць ад грамадзтва. І прымушаць працаваць. Я і ў міліцыю хадзіла — кажуць, мы за наркату ня судзім, цяпер у 64% сем’яў ёсьць наркаманы”.

Сапраўдныя маштабы злоўжываньняў насамрэч адсачыць немагчыма. Да прыкладу, у Калодзішчах усяго тры опэрупаўнаважаныя. А трэба дзясятак, паводле прынятых нормаў на колькасьць насельнікаў. Дый тым, што ёсьць, не даюць займацца сапраўднай працай, лічыць памянёны капітан Калінін.

(Калінін: ) “Ва ўчастковага інспэктара на руках тамы заяваў, дзе ніякага значнага крыміналу няма! Жонка дала пэндэля мужу, той не прынес дахаты заробак. Прабег ня там, дзе трэба, сабака. Адзін дачнік правёў ня там, дзе трэба, мяжу ўчастку. Участковы завалены. Гэта перашкаджае расьсьледаваць сапраўдныя злачынствы”.

Час майго прыезду ў Калодзішчы супаў з палітычнай крызай — зьмянілася мясцовая ўлада. Восем дэпутатаў з транаццаці прагаласавалі за адстаўку цяпер былой старшыні сельсавету Вольгі Кісьцень. Насельнікі, кажуць, яе паважалі. Ва ўсякім выпадку, вось што распавяла мне пажылая кабета:

(Спадарыня: ) “Ніхто столькі дабра не зрабіў, як Вольга Аляксандраўна. Мне трэба было паўкуба дошак. Мне ўсе абяцалі-абяцалі. А яна ўзялася за справу — і абагрэла. Калі рабілі газ, у мяне пацяклі батарэі. І яна на звоніць — ідзеце рабеце. Дабро рабіла, як магла”.

У прыватных размовах многія казалі, што зьняцьцё Кісьцень — загад зьверху. Кажуць, яна была супраць выдзяленьня ўчастку пад камэрцыйную вытворчасьць паблізу жылога мікрараёну. Пры ўключаным мікрафоне мясцовы дэпутат з рэпутацыяй нібыта “прагрэсіста” Ігар Пінхасік замахаў рукамі.

(Пінхасік: ) “Я не жадаю — вы Чыгіра ня можаце абараніць, Мілінкевіча, Казуліна”.

(Карэспандэнт: ) “Што было на сэсіі?”

(Пінхасік: ) “Нічога не было!”

Больш гаваркім, нягледзячы на татальную баязьлівасьць ды разгубленасьць, аказаўся дэпутат сельсавету, прадпрымальнік спадар Міхаіл Зуенка, які, дарэчы, ускосна пацьвердзіў чуткі.



(Зуенка: ) “Прычына адстаўкі — дзіця, якое, магчыма, будзе хварэць. І другое — станоўчыя водгукі пра працу выканаўцы абавязкаў Бонды Тацяны Паўлаўны. “Хварэць” — прыцягнутая за валасы праблема, а пра “станоўчую працу” яшчэ трэба падыскутаваць. Але пра адмоўнае ў працы Кісьцень нічога не было сказана!

Цяпер у Каладзішчанскім сельвыканкаме комплексная праверка АБЭП, Камітэту дзяржкантролю і пракуратуры. Некаторыя дэпутаты давалі тлумачэньні, як праходзіць мэханізм выдзяленьня зямлі. Я на сэсіі сказаў: ці не дачакацца канца праверкі? Застанемся наагул без кіраўніка. А гэта ўжо пытаньне палітычнае — рыхтуюцца выбары ў мясцовыя саветы. Што тады? На што пачуў — выберам другога. Дык давайце кожны дзень выбіраць!”

Новай старшыні Тацяны Бонды на месцы не аказалася. Але ўжо зь Менску давялося патэлефанаваць ёй зь іншай нагоды.

(Бонда: ) “Так, падтрымала. А чаму трэба прыдумляць імёны нейкіх расейскіх пісьменьнікаў, калі ў нас ёсьць свае пісьменьнікі й добрыя людзі?! І ў пасялковым савеце таксама ўсе аднадушна й адразу падтрымалі”.

Акурат у тыя дні павесілі новыя шыльды на трыццаці чатырох жылых катэджах з назвай вуліцы — імя Алеся Адамовіча. Заселеных хатаў на ёй пакуль ня больш за дзясятак, але і ў недабудаваных назвы прычэпленыя нават да фундамэнтаў. Усё гэта з ініцыятывы сябра праўленьня каапэратыву індывідуальных забудоўнікаў “Утульны” Андрэя Кавальчука. Мне сустрэцца зь ім не пашэнціла, але гэта абавязкова зробіць дачка дзядзькі Алеся Натальля Адамовіч, якой тут жа патэлефанаваў па прыезьдзе.



(Натальля: ) “Вельмі прыемна! У Менску, у вялікіх гарадах няма. Я хачу пад’ехаць і падзякаваць жыхарам, якія такую ініцыятыву правялі”.

Вуліца Адамовіча атрымала імя апошняй у гэтым новым катэджным мікрараёне Калодзішчаў. Дагэтуль ужо зьявіліся сёлета вуліцы з імёнамі Ўладзімера Караткевіча, Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, Максіма Танка, Пятра Машэрава, Пятруся Броўкі.

(Дземідовіч: ) “Я вельмі ўсьцешаная, што зьявіліся вуліцы, названыя імёнамі нашых пісьменьнікаў-патрыётаў. І ня думала, што ў Калодзішчах магчыма. Значыць, ёсьць свае сапраўдныя беларусы, што і вуліцы назвалі. Я вельмі рада, што зьявілася нашае гняздоўе беларускае!”

Наўрад каго зь мясцовых больш усьцешыла навіна, чым 79-гадовую Надзею Раманаўну Дземідовіч. Яна 25 гадоў адседзела ў сталінскіх канцлягерах за сяброўства ў Саюзе беларускай моладзі. Аўтарка дзьвюх кніг пра сталінскія рэпрэсіі. Пачынаем гаворку зь ёй, натуральна, з успамінаў.



(Дземідовіч: ) “Мне далі дваццаць пяць, і я ўжо нічога не баялася. Нават калі ў нас было паўстаньне й людзей стралялі, а недастрэленых дапорвалі штыкамі. Настаўляе на мяне адзін аўтамат. Я іду. Стрэліў. І на спадніцы, паміж ног, чорныя плямы, як гарохам пасыпаныя. А я стаю і думаю: якая розьніца, ці сёньня, ці калі, усё роўна дваццаць пяць гадоў не адбыць. А так менш мучыцца”.

(Карэспандэнт: ) “Надзея Раманаўна, цяпер людзі, як у той час, пазьбягаюць гаварыць пра многае, баяцца палітыкі. А ці ратуе гэта ад палітыкі?”

(Дземідовіч: ) “Нічога не ўратуе. А дзеці не такія дурныя: чытаюць, бачаць, якое ім шчасьце пад сталінскім і савецкім сонцам. А Лукашэнка, калі яшчэ ня быў прэзыдэнтам, казаў: “Я всегда буду за воссоединение с Россией”. Чаго ад яго хацець?! Мне адно шкада, што цяпер зь беларускай мовай стала горш, чым пры сталіншчыне. Ніл Гілевіч выпусьціў кніжачку — 100 асобнікаў! І друкаваць у нас нельга, і распаўсюджваць крамаў няма. О, мая ў Вільні выйшла”.

(Карэспандэнт: ) “Вы не адчуваеце сябе зламанай?”

(Дземідовіч: ) “Чаму я магу зламацца?! Што, я магу кудысьці перайсьці, кінуць сваю Беларусь?! Як гэта — быць беларусам, а пасьля стаць якім падонкам?! Я нарадзілася беларускай, я ёй і памру… І ня трэба баяцца! Кажуць: хлеб-соль еж і праўду-матку рэж”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG