Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька і А.Мілінкевіч – у "Праскім акцэнце"


Юры Дракахруст, Прага Якія паўнамоцтвы павінен мець лідэр аб’яднанай апазыцыі? Ці патрэбны другі Кангрэс дэмакратычных сілаў? Ці магчымае і патрэбнае наагул адзінства дэмакратычных сілаў? Па гэтых праблемах за круглым сталом “Праскага акцэнту” вядуць гутарку старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і старшыня Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч.

(Дракахруст: ) “Паважаныя спадары! Апошні раз мы сустракаліся з вамі за круглым сталом “Праскага акцэнту” ў траўні, і тады прадметам дыскусіі паміж вамі была праграма дзеяньняў апазыцыі і пэрспэктывы правядзеньня ІІ Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Але цяпер праблема, адносна якой вы нядаўна выказалі процілеглыя ацэнкі, больш вострая, але й больш зразумелая. Як казаў Ленін, галоўнае пытаньне рэвалюцыі – пытаньне аб уладзе.

На пазамінулым тыдні Вы, спадар Аляксандар, выклалі сваё бачаньне лідэрства ў апазыцыі. Паводле Вас, лідэр павінен атрымаць шырокія паўнамоцтвы, а палітычныя партыі павінны публічна заявіць, што цалкам падпарадкоўваюцца рашэньням гэтага лідэра і яго штаба. Варта сказаць, што так ясна і дакладна Вы раней гэтага свайго бачаньня ролі лідэра не фармулявалі. Чаму вы лічыце, што роля лідэра павінна быць менавіта такой, і чаму апазыцыя павінна фактычна ператварыцца ў такую своеасаблівую партыю з адзіным кіраўніком? Чым Вам замінае, чым замінала цяперашняя форма кіраўніцтва апазыцыяй?”

А.Мілінкевіч: “Я не за тое, каб партыі ліквідаваліся, я за тое, каб партыі, калі мы на вайне, прыспусьцілі свае сьцягі і падпарадкаваліся агульнай стратэгіі і рэлізоўвалі супольную тактыку”.(Мілінкевіч: ) “Я зьяўляюся старшынём Палітычнай рады і магу сказаць, што ў часе выбараў нашая дзейнасьць была даволі прыстойная. Я лічу, што мы атрымалі нядрэнны вынік у краіне. І гэта было дзякуючы таму, што штаб, якім кіраваў Сяргей Калякін, меў шырокія паўнамоцтвы і дзейнічаў так, як дзейнічае самастойная арганізацыя, хаця ўваходзілі ў штаб прадстаўнікі самых розных партый. Я не за тое, каб партыі ліквідаваліся, я за тое, каб партыі, калі мы на вайне, прыспусьцілі свае сьцягі і падпарадкаваліся агульнай стратэгіі і рэлізоўвалі супольную тактыку.

За паўгоду нашай працы ў Палітрадзе мы сапраўды не змаглі такую дзейнасьць арганізаваць – гэта відавочна ўсім. І, ведаеце, калі б у нас была дэмакратыя, то ўвогуле такая кааліцыя была б немагчымая і непатрэбная. А паколькі мы змагаемся з рэжымам, і вельмі жорсткім, нам неабходная дысцыпліна. І чалавек, якога большасьць прызнае за лідэра, павінен мець шырокія паўнамоцтвы – не дыктатарскія, безумоўна, але такія паўнамоцтвы, якія яму надаюць суб’екты кааліцыі. І я па-ранейшаму лічу: гэта павінен быць генэрал, у якога ёсьць штаб, а ўсе добраахвотна падпарадкоўвацца. Так было ў часе выбараў – і спрацавала”.

(Дракахруст: ) “Спадар Анатоль, вы адразу ж пасьля таго, як спадар Аляксандар агучыў сваё бачаньне, зь ім рашуча не пагадзіліся. Вось цытата з Вашага інтэрвію “Інтэрфаксу”: “Так можна зрабіць люстэркавы адбітак беларускай вэртыкалі, дзе ёсьць кіраўнік і астатнія – хто пад ім. Гэта добра – загнаць усіх пад аднаго лідэра, але ў Беларусі няма кандыдата на гэтую пасаду, няма лідэра з аўтарытэтам Гаўла ці падтрымкай Пуціна”.

Спадар Анатоль, з гэтых Вашых камэнтароў, шчыра кажучы, не зусім зразумелая Вашая пазыцыя: ці Вы супраць аднаго-адзінага лідэра, так бы мовіць, правадыра апазыцыі як такога, ці Вы лічыце, што ідэя добрая, а адпаведнай асобы няма, ці Вам проста не падабаецца пэрспэктыва, што нехта будзе кіраваць асабіста Вамі?”

(Лябедзька: ) “Мая пазыцыя абсалютна зразумелая. Мы – я і мае калегі па Аб''яднанай грамадзянскай партыі – супраць дэмакратычнага камандантэ. Проста ідзе падмена паняцьцяў, і ідзе блытаніна паміж выбарчым штабам і палітычнай кааліцыяй.

Так, безумоўна, дзейнасьць выбарчага штабу павінна грунтавацца на дысцыпліне і жорсткай падначаленасьці. Але ў аснове дзейнасьці палітычнай кааліцыі знаходзіцца кампраміс і палітычнае пагадненьне.

Чым адрозьніваюцца два гэтыя падыходы? Калі б мы рэалізоўвалі схему такога вось дэмакратычнага камандантэ, які будзе кіраваць суб''ектамі палітычнай кааліцыі, перад першым кангрэсам, то калі б за Аляксандра ў першым туры прагаласавала 37 % удзельнікаў кангрэсу, то столькі б засталося і пасьля кангрэсу, і столькі б працавала на яго падчас выбарчай кампаніі. Астатнія б ня ўдзельнічалі.

Іншая схема – гэта схема палітычнай кааліцыі, якая грунтуецца на кампрамісе і выкананьні палітычнага пагадненьня. Яна прывяла да таго, што ў выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі ўдзельнічала да 90 % палітычнага актыву.

Палітычная кааліцыя ва ўмовах Беларусі – гэта абсалютна розныя людзі. І кіраваць камуністамі ў палітычнай кампаніі можна толькі праз пазыцыю лідэраў гэтай партыі, якія знаходзяць кампраміс з астатнімі. Нельга напрасткі дэмакратычнаму кандыдату ў прэзыдэнты кіраваць людзьмі, якія адрозьніваюцца ідэалягічна, адрозьніваюцца па многіх пунктах гледжаньня. Мне падаецца, што гэта аксіёма”.

ЧЫТАЦЬ УВЕСЬ ТЭКСТ ПЕРАДАЧЫ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG