Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Беларусі прыняў даверчыя лісты ў амбасадаркі ЗША


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт перадала даверчыя лісты кіраўніку Беларусі. Амбасадарка ЗША заявіла журналістам пра намер спрыяць дэмакратычным працэсам у Беларусі. Паводле спадарыні Ст’юарт, ЗША ўжо доўгі час працягваюць руку сяброўства беларускаму народу.

Амбасадарка ЗША была прынятая сярод кіраўнікоў дыпмісіяў іншых краінаў. Спачатку Аляксандар Лукашэнка прыняў амбасадараў Банглядэш, Ганы, Малі, Мальты, Манголіі й Панамы. ЗША ў гэтым сьпісе былі пастаўленыя на апошняе месца. За выключэньнем Карэн Ст’юарт, астатнія дыпляматы будуць працаваць у Расеі й Беларусі па сумяшчальніцтве і стала знаходзіцца ў Маскве.

Паводле кіраўніка прэсавай службы прэзыдэнта Паўла Лёгкага, лісты прымаліся адпаведна з альфабэтным парадкам краінаў.

(Лёгкі: ) “Прэзыдэнт, няхай і коратка, але пагутарыў з паслом ЗША. Там не было ніякага несяброўскага стаўленьня, усё было дастаткова карэктна, дыпляматычна, бязь нейкіх рэчаў, якія можна было б назваць нейкімі канфрантацыйнымі”.

Адзін зь беларускіх дыпляматаў сказаў, што звычайна даверчыя лісты ўручаюцца ў парадку падачы дакумэнтаў.

Аляксандар Лукашэнка заявіў:

(Лукашэнка: ) “Беларусь — адкрытая краіна, праводзіць шматвэктарную, пасьлядоўную і ўзважаную замежную палітыку, не прэтэндуючы на лідэрскую ролю. І ў гэтым сэнсе для Беларусі няма другарадных партнэраў”.

Аднак яшчэ ніколі дагэтуль ЗША не траплялі ў такую доўгую чаргу. Да прыкладу, у 2001 годзе кіраўнік Беларусі прымаў лісты амбасадараў ЗША й Іраку. Пасланца Садама Хусэйна Аляксандар Лукашэнка прыняў тады першым, а тагачаснага амбасадара ЗША Майкла Козака — другім. Прычым, амаль паўгоду кіраўнік Беларусі не знаходзіў часу, каб прыняць даверчыя лісты ў амбасадара Козака. У 2003 годзе новы амбасадар ЗША Джордж Крол уручаў даверчыя лісты разам з амбасадарам Украіны.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначыў, што цяпер амбасадарцы ЗША не давялося доўга чакаць. Яна прыехала ў Менск 18 верасьня. Але яе паставілі ў шэраг з пасламі невялікіх краінаў, якія ня маюць у Менску сталых прадстаўніцтваў:

(Якаўлеўскі: ) “Гэта сьвядомае прыніжэньне Вашынгтону, маўляў, для Лукашэнкі ўсе роўныя — што малыя краіны, што супэрдзяржава, як ён называе ЗША. Я мяркую, гэта адзнака таго, што ня будзе пацяпленьня дачыненьняў паміж Менскам і Вашынгтонам”.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што розныя погляды на шэраг праблемаў не павінны перашкаджаць Менску й Вашынгтону прыкладаць сумесныя намаганьні там, дзе падыходы супадаюць. У сваю чаргу, амбасадарка ЗША заявіла журналістам пра намер судзейнічаць дэмакратычным працэсам у Беларусі. Паводле спадарыні Ст’юарт, ЗША ўжо даўно працягваюць руку сяброўства беларускаму народу.



Карэн Ст’юарт — шосты амбасадар ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. На дыпляматычную працу ў Менск яна прыбыла другі раз — раней яна ўжо працавала тут намесьніцай амбасадара Майкла Козака. Таксама яна была дырэктаркай аддзелу Дзярждэпартамэнту ЗША ў справах Беларусі, Малдовы і Ўкраіны. Дагэтуль у Менску амбасадарамі працавалі Дэвід Сўорц, Кенэт Ялавіц, Дэніэл Спэкгард, Майкл Козак і Джордж Крол.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG