Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Пастухоў: у краіне засталося 16 незалежных грамадзка-палітычных выданьняў


Галіна Абакунчык, Менск Міжнародная арганізацыя абароны журналістаў “Рэпартэры бязь межаў” распаўсюдзіла штогадовую справаздачу пра стан свабоды прэсы ў сьвеце. Сярод 168 краінаў Беларусь заняла 151-е месца й стала поруч з такімі дзяржавамі, як Емэн, Лібія, Сырыя, Ірак, Віетнам, Ляос, Пакістан і Ўзбэкістан. Як ацэньваюць нізкі рэйтынг Беларусі ў сьвеце беларускія палітыкі й праваабаронцы?

Ніжэй за Беларусь у рэйтынгу разьмешчаны Паўночная Карэя, Туркмэністан ды Эрытрэя. Там журналістаў кідаюць за краты, катуюць і забіваюць. Высновы міжнародных праваабаронцаў камэнтуе намесьнік міністра інфармацыі Віктар Казлоў:

(Казлоў: ) “Я ведаю, што ня толькі “Рэпартэры бязь межаў” гэта робяць, але й іншыя арганізацыі. Мне цяжка меркаваць, чым яны кіраваліся, калі публікавалі, што Беларусь на 151-м месцы. А чаму не на 15-м? Таму я не магу вам нічога сказаць з гэтай нагоды”.

Журналісты незалежных беларускіх мэдыяў заяўляюць, што пра пагаршэньне стану прэсы ў Беларусі “Рэпартэры бязь межаў” сьведчаць ня першы год. І гэтыя высновы справядлівыя, кажа намесьніца рэдактара газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна:

(Калінкіна: ) “Гэты рэйтынг аб’ектыўны. У сьвеце шмат дыктатураў, але далёка ня ўсе так заціскаюць СМІ, як гэта робіцца ў Беларусі. На маю думку, гэта робіцца з тае прычыны, што рэжым Лукашэнкі ў значнай ступені існуе на мітах, якія сам і распаўсюджвае празь дзяржаўныя СМІ. Таму такі жорсткі прэсінг існуе незалежных мэдыяў — і незалежнай думкі ўвогуле”.

Нагадаю, што незалежная газэта “Народная Воля” разам з шэрагам іншых недзяржаўных выданьняў выдаленая з падпісных каталёгаў. Газэту да таго ж пазбавілі магчымасьці друкавацца на тэрыторыі Беларусі ды распаўсюджвацца празь дзяржаўную сетку “Белпошта”.

Адной з задачаў апазыцыйных палітыкаў павінна стаць выпраўленьне сытуацыі, кажа намесьнік Аляксандра Мілінкевіча ў камітэце “За Свабоду” Віктар Карняенка:

(Карняенка: ) “Па-першае, сорамна за краіну. І лічу, што і дэмакратычная грамадзкасьць не дапрацоўвае ў гэтым кірунку. Лічу, што без свабоды слова ня можа быць ня толькі дэмакратыі, але ўвогуле нармалёвага чалавечага жыцьця. Тут дэмакраты й павінны папрацаваць дзеля салідарнасьці з журналістамі. І гэта якраз, можа, тое, чым павінна займацца дэмакратычная грамадзкасьць, а не высьвятляць дачыненьні”.

Кіраўнік юрыдычнага цэнтру Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў мяркуе, што цяперашняя ўлада настроеная і надалей абмяжоўваць свабоду прэсы ў Беларусі. Гаворыць Міхаіл Пастухоў:

(Пастухоў: ) “З інфармацыйнай прасторы Беларусі сыходзяць усё новыя й новыя мас-мэдыі. У нас, фактычна, няма незалежных электронных СМІ. Дзейнічае вельмі жорсткі кантроль за незалежнымі мэдыямі, журналістам працаваць у іх небясьпечна. І гэтая сытуацыя пагаршаецца. Улады намерваюцца прыняць новы закон аб сродках масавай інфармацыі, які, паводле нашых меркаваньняў, будзе яшчэ больш жорсткі й кепскі, чым той закон аб друку, якія дзейнічае цяпер”.

Паводле спадара Пастухова, сёньня ў Беларусі існуе толькі шаснаццаць незалежных грамадзка-палітычных выданьняў. Пяць зь іх маюць агульнабеларускі статус, іншыя выходзяць у рэгіёнах.

Паводле справаздачы міжнароднай арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў”, найлепшая сытуацыя са свабодай прэсы ў Фінляндыі, Ісьляндыі, Ірляндыі, Нідэрляндах. Краіны, дзе за камуністамі існавала цэнзура, сёньня таксама знаходзяцца ў першай дзясятцы: Чэхія, Эстонія, Славаччына, Вугоршчына, Латвія, Славенія. Адзначаюцца таксама пэўныя зьмены да лепшага і ў шэрагу разьвіцьцёвых краінаў, якія імкнуцца да свабоды выказваньняў: у Бэніне, Намібіі, Коста-Рыцы, Гане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG