(Тапіёла: ) “Пазыцыя Міжнароднай арганізацыі працы, якая базуецца на высновах Дасьледчай місіі, палягае ў тым, што ёсьць вялікія праблемы з правамі прафсаюзаў у Беларусі. Але я думаю, што сытуацыю магчыма палепшыць. Цяпер мы абмяркоўваем з урадам, што ўзяць пад увагу і якія шляхі існуюць для гэтага. Беларускі ўрад выказаў нам свае погляды. Але мы б хацелі бачыць больш канкрэтна, што ўрад мае намер рабіць, што ён гатовы рабіць”.
Пры гэтым спадар Тапіёла падкрэсьліў, што высновы будзе рабіць Камітэт у справе свабоды асацыяцыяў МАП.
( Тапіёла: ) “Пакуль мы маем інфармацыю толькі пра намеры, але не пра канкрэтныя рэчы. І патрэбен пэўны час для таго, каб Камітэт у справе свабоды асацыяцыяў атрымаў усе матэрыялы ад урада. Я мяркую, што, магчыма, ў сакавіку мы маглі б зрабіць папярэдні аналіз гэтай сытуацыі. Тое, што будзе адбывацца да сакавіка, у вялікай ступені залежыць ад гатоўнасьці беларускага ўраду ўжыць рэальныя сродкі, якія палепшылі б сытуацыю незалежных прафсаюзаў”.
Спадар Тапіёла зазначыў, што высновы МАП будуць рабіцца не толькі на тым, што гаворыць беларускі ўрад, сытуацыя будзе вывучацца з усіх бакоў.
Нагадаем, што ў 2004 годзе Міжнародная арганізацыя працы прыйшла да высновы аб парушэньні правоў прафсаюзаў Беларусі і накіравала ўраду Беларусі рэкамэндацыі, як спрасьціць іх рэгістрацыю і дзейнасьць. Казалася й пра неабходнасьць спыніць ціск на іх актывістаў, даць ім магчымасьць весьці дыялёг з урадам наконт працоўных і сацыяльных пытаньняў.