Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выбарчых камісіях Магілёва, Берасьця й Менску апазыцыянэраў ня будзе


Уладзімер Глод, Менск Сёньня апошні дзень стварэньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Іх будзе больш за паўтары тысячы, зь якіх 152 — раённыя ды абласныя. У выбарчых штабах апазыцыйных партыяў да гэтага часу няма зьвестак, што хтосьці зь іхных прадстаўнікоў увайшоў у склад камісіяў.

Апазыцыйныя партыі разам вылучылі 120 прэтэндэнтаў. На гэты час можна дакладна сказаць, што ў дзьве з шасьці абласных камісіяў вылучэнцы апазыцыі ня трапілі. Паведамляе прадстаўнік выбарчага штабу Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык:

(Шынкарык: ) “Ёсьць зьвесткі, што ў Магілёўскай вобласьці няма ў камісіі ніводнага вылучэнца ад дэмакратычных сілаў. Гэтак сама і ў Берасьцейскай”.

Пазьней стала вядома, што і ў складзе сфармаванай сёньня Менскай гарадзкой камісіі прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў няма. АГП накіроўвала туды ў якасьці прэтэндэнта Ўладзімера Раманоўскага. Аднак, як сьцьвярджаюць у гарвыканкаме, партыйцы зрабілі памылку. Яны правялі сход дзеля вылучэньня спадара Раманоўскага на дзень раней, чым у друку зьявіўся прэзыдэнцкі ўказ пра прызначэньне выбараў:

(Супрацоўніца: ) “А чаму ж Уладзімера Іванавіча Раманоўскага вылучылі 10 кастрычніка, калі ўказу яшчэ не надрукавалі?”

У складзе сталічнай камісіі ёсьць два партыйцы: па адным — ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча і праўладнай камуністычнай партыі Тацяны Голубевай. Ачоліў камісію дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка.

На мінулых мясцовых выбарах, якія праходзілі ў 2003 годзе, у тэрытарыяльных камісіях быў 61 прадстаўнік ад апазыцыі. Прынамсі, у менскай гарадзкой камісіі быў прадстаўнік Партыі БНФ Юрась Пальчэўскі. Але і вылучалі тады апазыцыянэры сваіх прэтэндэнтаў амаль у пяць разоў больш, чым сёлета.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG