Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урадавая дэлегацыя вядзе перамовы ў Міжнароднай арганізацыі працы


Валер Каліноўскі, Менск Урадавая дэлегацыя Беларусі на чале зь віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым сёньня знаходзіцца ў Жэнэве, дзе мае сустрэцца з кіраўніцтвам Міжнароднай арганізацыі працы. У складзе дэлегацыі — намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, іншыя ўрадоўцы. Яны абмяркоўваюць выкананьне рэкамэндацыяў МАП адносна выкананьня правоў беларускіх прафсаюзаў.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў паведаміў, што праграма знаходжаньня ўрадавай дэлегацыі на чале зь віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым у штаб-кватэры Міжнароднай арганізацыі працы адпрацоўваецца на месцы, у Жэнэве. Дакладна сказаць, ці заплянаваная сустрэча з генэральным сакратаром МАП, спадар Папоў ня змог. Пра зьмест перамоваў ён сказаў:

(Папоў: ) “Гэтыя кансультацыі скіраваныя ў тым ліку на разгляд тых вядомых рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы, якія былі накіраваныя на адрас ураду Беларусі”.

Спадар Папоў мае на ўвазе 12 рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы дзеля выкананьня правоў беларускіх прафсаюзаў, накіраваных яшчэ ў 2004 годзе. Рэкамэндацыі гэтыя не былі выкананыя, і МАП зьвярнулася ў Эўракамісію з прапановай пазбавіць Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўразьвязам. Гэта можа каштаваць бюджэту краіны каля 300 мільёнаў эўра. Менавіта гэтая пагроза паўплывала на ўрад, які вымушана пайшоў на дыялёг зь Міжнароднай арганізацыяй працы, перакананы старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Я мяркую, што гэты стрэл цяпер і скіраваны ў той бок, каб прадухіліць магчымую страту прэфэрэнцыяў і пагрозу (выключна непажаданую для ўсіх нармальных людзей) выключэньня Беларусі з шэрагаў Міжнароднай арганізацыі працы”.

Рэч яшчэ і ў тым, што ў лістападзе пройдзе паседжаньне Адміністрацыйнай Рады МАП, на якім будзе разглядацца пытаньне выключэньня Беларусі з гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі за сыстэматычнае парушэньне правоў прафсаюзаў. Такая пагроза ўзьнікла пасьля чэрвеньскай канфэрэнцыі МАП, на якой ураду Беларусі быў дадзены тэрмін да канца восені выканаць тыя самыя 12 рэкамэндацыяў у справе правоў прафсаюзаў. З 1919 году яшчэ ніводную краіну не выключылі зь Міжнароднай арганізацыі працы.

Аляксандар Ярашук зазначае, што дзякуючы міжнароднаму ціску ўрад быў вымушаны проста ў апошні месяц пайсьці на некаторыя саступкі: незалежныя прафсаюзы вярнулі ў склад Нацыянальнай рады ў справе працоўных і сацыяльных дачыненьняў, падпісаны ўказ А.Лукашэнкі аб магчымым спрашчэньні рэгістрацыі й рэгуляваньня дзейнасьці прафсаюзаў. Тым ня меней, ціск на незалежныя прафсаюзы з боку адміністрацыяў беларускіх прадпрыемстваў працягваецца, зазначае спадар Ярашук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG