Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь Літве: ад эканамічнага супрацоўніцтва да палітычнага


Тацяна Поклад, Вільня Пасьля учорашняй заявы Аляксандра Лукашэнкі, што Беларусь згадзілася б дапамагчы экспартаваць ў Літву каспійскую нафту, амбасадар Беларусі ў Літве сёньня ініцыяваў сустрэчу з міністрам гаспадаркі Літвы Вітасам Навіцкасам.

Паводле прапановаў, Беларусь найбольш цікавіць таксама транзыт праз Клайпедзкі порт і турызм. Дарэчы, колькасьць беларускіх турыстаў сёлета ў Літве павялічылася ў 4 разы.

Амбасадар Беларусі ў Літве Уладзімер Дражын падкрэсьліў, што асноўная ідэя беларускіх прапановаў – рухацца ад эканамічных дачыненьняў у накірунку палітычных.

(Дражын:) “Ну, увогуле галоўны тэзіс, які мы сёньня праводзім – ад эканомікі ісьці да палітыкі”.

Паводле літоўскага міністра гаспадаркі Навіцкаса, агульныя нафтавыя праекты зь Беларусьсю абавязкова будуць разглядацца, хаця дасюль Беларусь ня была ў ліку важнейшых партнэраў у гэтай сфэры.

(Навіцкас:) “Нашыя спэцыялісты будуць усё узважваць, калі прапановы будуць цікавыя паводле эканамічных і ўсіх іншых аспэктаў, мы іх будзем разглядаць, але пакуль ў нашых плянах і праектах такой працы не прадугледжана. Мы бачым нашых стратэгічных партнэраў у пытаньнях энэргетыкі на Захадзе, усе нашыя праекты ў гэтай сфэры арыентаваныя ў такім накірунку – Польшча, Швэцыя, Фінляндыя, гэты (беларускі) праект – новы, але зь ім, вядома, варта азнаёміцца”.

У выніку аварыі на полацка-мажэйскай частцы нафтаправоду “Дружба” спыніліся пастаўкі з Расеі на літоўскі канцэрн “Мажэйкю нафта”. Расея цьвердзіць, што рамонтныя працы пачнуцца не раней лютага наступнага году і што перапынак у пастаўках выкліканы выключна тэхнічнымі прычынамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG