Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя камуністаў прайграла спрэчку зь Міністэрствам юстыцыі (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Вярхоўны Суд Беларусі вынес рашэньне адносна скаргі Партыі камуністаў Беларускай на дзеяньні Міністэрства юстыцыі. Судзьдзя Самалюк не знайшоў падставаў, каб яе задаволіць.

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства юстыцыі на гэтым працэсе Неаніла Фішкіна пасьля абвяшчэньня прысуду адмовілася размаўляць з журналістамі. Яна спаслалася на тое, што ня мае паўнамоцтваў што-небудзь камэнтаваць.

Першы сакратар ЦК ПКБ Сяргей Калякін гаворыць, што быў падрыхтаваны да такога рашэньня:

(Калякін: ) “Крыўдна, што вышэйшая судовая інстанцыя не абапіраецца на законы. Наколькі я разумею, у рашэньні суду не прыведзеная ўся аргумэнтацыя, менавіта тая, якая даказвае нашу праўдзівасьць. Мы працягваем працаваць. Гэта ня першае і не апошняе папярэджаньне. Мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што існуе палітычна матываванае рашэньне, якое не грунтуецца на законе”.

За судовым паседжаньнем назіраў і кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч. Ён не выключае, што так званыя плянавыя праверкі Міністэрства юстыцыі ахопяць і БСДГ:

(Шушкевіч: ) “У нас так: той, хто знаходзіцца, так бы мовіць, пад пратэктаратам улады, можа ўчыняць якое хоча беззаконьне. І калі міністэрства запатрабуе пра сяброў нашай партыі, прыкладам, такія зьвесткі, як колер іхных вачэй альбо валасоў, альбо памер іхных тапак, дык Вярхоўны Суд пацьвердзіць, што гэта правільна”.

Менавіта адмова кіраўніцтва ПКБ перадаць у Міністэрства юстыцыі поўны сьпіс сяброў партыі з пашыранымі зьвесткамі пра кожнага сталі падставай для вынясеньня пісьмовага папярэджаньня. Апазыцыйныя камуністы лічаць, што такое патрабаваньне выходзіць за межы паўнамоцтваў Мін’юсту. А ўчора некалькі сьведак цьвердзілі ў судзе, што страцілі працу выключна з-за сяброўства ў апазыцыйнай партыі.

Спадарыня Фішкіна тлумачыла патрабаваньне міністэрства жаданьнем пераканацца, што ў ПКБ ёсьць ня менш за адну тысячу сяброў.

(Калякін: ) “Мы вымушаныя выконваць рашэньне суду. І сёньня сьпіс будзе перададзены ў міністэрства. У яго ўвайшлі толькі тыя сябры нашай партыі, якія далі на гэта асабістую згоду. Іх 1500 чалавек. Гэта ў паўтара разу больш за норму таго, што патрабуе артыкул 10 закону аб палітычных партыях. І гэта пацьвярджае, што нашай колькасьці дастаткова, каб афіцыйна працаваць”.

Паводле беларускага заканадаўства, пасьля другога пісьмовага папярэджаньня за год дзейнасьць палітычнай партыі можа быць спыненая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG