Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Крываль: "У нас як бы штатныя члены камісіі"


Міхал Стэльмак, Менск Учора завяршылася вылучэньне кандыдатаў у склад сельскіх і пасялковых камісіяў на мясцовых выбарах.

Паводле Цэнтравыбаркаму, у краіне будзе сфармавана 1363 сельскія і 66 пасялковых выбарчых камісіяў. 17 кастрычніка быў завершаны працэс вылучэньня кандыдатаў у гэтыя камісіі. Кіравалі працэсам выканаўчыя камітэты.

Напрыклад, у Крычаўскім раёне апякала яго прадстаўніца раённай улады Ларыса Жыркевіч. Пра тое, што вядома там пра вынікі вылучэньня, я спытаўся ўчора ўвечары ў спадарыні Жыркевіч:

(Жыркевіч: ) “Фармуюцца камісіі – і ўсё. Вылучэньне адбываецца альбо шляхам збору подпісаў, альбо працоўнымі калектывамі”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі ў раёне будзе сельскіх камісіяў?”

(Жыркевіч: ) “Пяць. У нас пяць сельскіх саветаў, таму пяць камісіяў”.

(Карэспандэнт: ) “І колькі чалавек у іх будзе ўваходзіць?”

(Жыркевіч: ) “Рашэньне прымае выканкам”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць парушэньні?”

(Жыркевіч: ) “Наагул, сыгналаў няма”.

Вельмі сьціплая інфармацыя ад арганізатараў выбарчага працэсу паступае й зь іншых рэгіёнаў. Не афішаваўся працэс вылучэньня кандыдатаў у сельскія выбарчыя камісіі на Вялейшчыне.

Гаворыць мясцовы жыхар, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімер Малярчук:

(Малярчук: ) “Я мяркую, што інфармацыю ўтойваюць. Для таго, каб ніхто, апроч уладаў, не цікавіўся гэтым пытаньнем. Гэтыя камісіі фармуюцца толькі ўладамі”.

Як паведаміў спадар Малярчук, на Вялейшчыне дэмакраты адмовіліся ад вылучэньня сваіх актывістаў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Ня будзе прадстаўнікоў апазыцыі і ва Ўзьдзенскім раёне.

Мясцовы актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Віктар Крываль ня бачыць сэнсу вылучэньня ў іх склад дэмакратычных прадстаўнікоў:

(Крываль: ) “Улады прыкладуць усе намаганьні, каб іх не зарэгістраваць. У нас як бы штатныя члены камісіі – так зрабілася ў дзяржаве. Досьвед мінулых выбарчых кампаніяў паказвае, што камісіі ўжо складзеныя. Складзеныя нашмат раней, чым былі абвешчаныя выбары”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG