Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Канаплёў можа зьявіцца на форуме Рады Эўропы


Радыё Свабода, Менск Сёньня ў Маскве пачынае працу штогадовы форум Рады Эўропы “За будучыню дэмакратыі”. Ён праводзіцца ў супрацоўніцтве зь Дзярждумай Расеі. Прыбыць на гэты форум плянуюць прадстаўнікі афіцыйнага Менску.

Цягам некалькіх дзён на афіцыйным сайце Палаты прадстаўнікоў была зьмешчаная інфармацыя пра ўдзел групы дэпутатаў у форуме. Аднак у прэсавай службе не падалі пэрсанальнага складу дэлегацыі. Арганізатары форуму з боку Рады Эўропы паведамілі, што ў сьпісах удзельнікаў прадстаўнікоў Беларусі няма.

Расейскі дэпутат Андрэй Клімаў патлумачыў, што Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы, а таму афіцыйнага запрашэньня на ўдзел у форуме не атрымала. Аднак ня выключана, што старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў можа зьявіцца ў кулюарах форуму ў якасьці госьця.

(Клімаў: ) “Адзін з кіраўнікоў парлямэнту Рэспублікі Беларусь можа быць. Паколькі ён не зьяўляецца афіцыйным удзельнікам, я толькі ведаю, што ён можа прысутнічаць. Я не хацеў бы варажыць, бо гэта неафіцыйны ўдзельнік форуму. І, відаць, падчас гэтай паездкі ён будзе нейкія сустрэчы праводзіць як госьць форуму”.

Расейскі дэпутат не выключае магчымасьці сустрэчы Ўладзімера Канаплёва з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэнам. Аднак калі такая сустрэча і адбудзецца, то зноў жа будзе неафіцыйнай.

Ван дэр Ліндэн не пакідае намеру прыехаць у Беларусь. Нагадаем, што Беларусь адзіная эўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у склад Рады Эўропы. Яе статус спэцыяльна запрошанай быў замарожаны з прычыны недэмакратычных дзеяньняў беларускіх уладаў.

Якія пэрспэктывы Беларусі ў гэтай структуры? Расейскі дэпутат Андрэй Клімаў:

(Клімаў: ) “Правільна было б мець Беларусь у складзе гэтай арганізацыі, паколькі яна знаходзіцца на эўрапейскім кантынэнце. А знаходзіцца ў гэтай арганізацыі могуць краіны, якія добраахвотна ўзялі на сябе абавязкі прызнаваць асноўныя прынцыпы гэтай арганізацыі. Для гэтага важна, каб кіраўніцтва Беларусі прыняло на сябе такія абавязаньні”.

Паводле дэпутата Палаты прадстаўнікоў Анатоля Красуцкага, у Беларусі няма ніякіх адносінаў з Радай Эўропы. Гэтая арганізацыя нават запрашэньні перастала дасылаць:

(Красуцкі: ) “Калі няма запрашэньняў, пра што можна размаўляць? Калі вы ня хочаце гаварыць з намі, то чаму мы павінны размаўляць з вамі? Нармальная пазыцыя любога боку. Калі з вамі ніхто ня хоча гаварыць, навошта вам набівацца?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG