Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клубок беларускай замежнай палітыкі: Расея, Эўропа, "трэці сьвет".


Юры Дракахруст, Прага Прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі для расейскіх журналістаў і рэакцыя Расеі ў адказ, пэрспэктывы супрацоўніцтва Беларусі з Вэнэсуэлай, Іранам і Кітаем і ўплыў грузіна-расейскага канфлікту на адносіны паміж Менскам і Масквой – тэма дыскусіі ў перадачы "Праскі акцэнт".

Удзельнікі: намесьніца галоўнага рэдактара газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна, рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько і намесьнік галоўнага рэдактара расейскага часопісу “Новое время” Вадзім Дубноў.

(Дракахруст: ) “Напрыканцы верасьня Аляксандар Лукашэнка правёў вялікую прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў расейскіх, пераважна правінцыйных, выданьняў. Такія шоў адміністрацыя беларускага прэзыдэнта праводзіць рэгулярна, рэгулярна пад час іх Лукашэнка рэзка крытыкаваў палітыку расейскага ўраду. Але гэтым разам крытыка была ці не самай вострай і разгорнутай. Нагадаю галоўныя тэзы – цэны на газ, якіх дамагаецца “Газпром”, “разрыў адносінаў”, Канстытуцыйны акт не прымаецца па віне Крамля, Расея парушае дамоўленасьці, ставіцца да Беларусі горш, чым да іх ставіцца далёкая Вэнэсуэла, цягне зь Беларусі грошы, хаця сама ледзь ня лопаецца ад іх. Гучалі і пагрозы, што сваім камэрцыялізаваным падыходам Расеі страціць свайго найлепшага саюзьніка.

Гэтыя вінавачваньні й пагрозы - гэта, апрача іншага, і плян палітыкі адносна ўсходняга суседа. Які плян? Ці вынікае з заяваў Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі, што ён будзе рабіць, як будзе вырашаць праблему “Газ-2007”? Сьвятлана, Вам слова”.

(Калінкіна: ) "Я ня думаю, што гэта агучаны плян, я думаю, што гэта агучаная сёньняшняя ацэнка беларускага прэзыдэнта таго, што адбываецца ў яго адносінах з расейскім кіраўніцтвам. Вы не назвалі яшчэ адзін важны момант, які падкрэсьліў Лукашэнка - Канстытуцыйны акт і саюзныя дамовы ён плянуе заключаць з наступным кіраўніцтвам Расеі ўжо пасьля 2008 году. Гэта вельмі важна.

Тое, што Лукашэнка хоча ад саюзу, на мой погляд відавочна. Ён хоча балятавацца на вышэйшыя пасады. Пуцінская Расея яму такой магчымасьці не дае. Магчыма, пасьля Пуціна прыйдзе нехта іншы, і беларускаму кіраўніцтву рознымі цікавымі "заманухамі" прабіць свой варыянт Канстытуцыйнага акта. Усе сёньняшнія адносіны з расейскім кіраўніцтвам зводзяцца да эканамічных пытаньняў. Кошт газу - гэта пытаньне, якое Беларусь павінна была вырашыць яшчэ 3 гады таму, аддаўшы "Белтрансгаз" "Газпрому". Мы бралі такія абавязкі, мы падпісвалі адпаведныя дакумэнты, мы нават бралі грошы, каб выканаць гэтыя абавязкі, але іх ня выканалі і зараз шукаем для гэтага прычыны.

Лукашэнка ня можа сказаць, што яму эканамічны саюз непатрэбны, а патрэбныя проста танныя энэрганосьбіты, таму зараз ідуць такія адгаворкі і нават шантаж.

Разрыў адносінаў з Расеяй на дадзены момант немагчымы, тым больш, што Лукашэнка і агаварыўся, што калі разрыў і будзе, то гэта будзе разрыў эканамічных зносінаў. Для беларускай эканомікі гэта будзе сапраўдны каляпс”.

(Дракахруст: ) “Андрэй Дынько, прэзыдэнт краіны - гэта не аналітык і не экспэрт, мэта якога - сфармуляваць сваё стаўленьне да чагосьці, ягоная мэта - праводзіць палітыку. Дык вось з тых словаў, якія былі сказаныя падчас гэтай прэсавай канфэрэнцыі Вы зразумелі , як Лукашэнка зьбіраецца вырашаць розныя праблемы. Вось Сьвятлана сказала, што ён па-ранейшаму марыць пра Крэмль. Але Крэмль - мэта аддаленая, а 1 студзеня 2007 году - блізкая. Як, на Ваш погляд, ён будзе вырашаць праблему цаны на газ, зыходзячы з таго, што ён казаў на прэсавай канфэрэнцыі?”

(Дынько: ) "У мяне склалася ўражаньне, што нічога новага ўласна няма. Ён настойліва ўзгадвае пра геапалітычныя інтарэсы Расеі, пра тыя вайсковыя аб''екты, якія тут знаходзяцца, і хоча дзякуючы гэтаму атрымаць зьніжкі ў цане на газ. Але яшчэ складалася ўражаньне, што сытуацыя ў расейскім кірунку сапраўды вельмі кепская, і ўсе гэтыя гучныя словы былі хутчэй скіраваныя на беларускую аўдыторыю, каб прыкрыць непазьбежную здачу пазыцыяў, якая будзе бліжэй да новага году. Бо сапраўды ніякіх сур''ёзных альтэрнатываў не прагучала. Ніякіх шляхоў выхаду з гэтай сытуацыі не было прапанавана. Ну а калі няма альтэрнатываў, то тады, відаць, рыхтуюцца саступкі на патрабаваньні Расеі”.

(Дракахруст: ) “Вадзім Дубноў, Вы згодны з думкай Андрэя, што сказанае Лукашэнкам - гэта падрыхтоўка да капітуляцыі?”

(Дубноў: ) “Не, я ня думаю, што гэта падрыхтоўка капітуляцыі. Я б яшчэ зьвярнуў увагу на час, які Аляксандар Рыгоравіч абраў для гэтага выступу. Я ня думаю, што гэта выпадкова супала ня толькі з чарговым абвастрэньнем адносінаў з Грузіяй, але і наагул з новым усплёскам расейскага ізаляцыянізму, да якога яна сябе прывяла.

Усё, што сказаў Лукашэнка, ён мог сказаць і ў траўні, і ў ліпені, было дастаткова падставаў усё гэта сказаць. Лукашэнка цярпеў. Ён відавочна чакаў нейкага абвастрэньня, у якое ўплішчыцца Расея, і ён яго дачакаўся. І зараз ён выступае не ў сваім звыклым амплюа расейскага партнэра, ён выступае як бы ўдзельнікам хору тых краінаў, якім Расея сябе супрацьпаставіла. Ён выступае нібы то і ад імя нейкага пашырэньня блёку ГУАМ, і ад той "дугі", якую ён сабе выбудаваў у зьнешняй палітыцы, назваўшы Паўдзённа-афрыканскую рэспубліку, Пакістан, Вэнэсуэлу і гэтак далей.

Ён сябе пазыцыянуе як частку нейкай сілы, і я думаю, што гэта не капітуляцыя, а нейкая як мінімум актыўная абарона”.

(Дракахруст: ) “Вадзім, як бы Вы ацанілі рэакцыю Расеі на гэтыя шчыраваньні Аляксандра Лукашэнкі? Паводле некаторых дадзеных, каля 100 расейскіх правінцыйных газэт апублікавалі рэпартажы з прэсавай канфэрэнцыі, так што слова беларускага прэзыдэнта да расейскіх грамадзянаў так ці інакш дайшло. Апрача таго днямі Сяргей Бабурын распавёў аб сустрэчы кіраўнікоў фракцыяў Дзярждумы з Уладзімерам Пуціным, і, паводле Бабурына, там было сказана, што сытуацыя ў беларуска-расейскіх адносінах “крытычная”. Праўда, пазьней прэсавая служба Бабурына патлумачыла, што пад “крытычнасьцю” меўся на ўвазе застой у адносінах.

Тут варта таксама прыгадаць, што у чацьвер не названая расейская ўрадавая крыніца паведаміла, што цэны для Беларусі Масква ўсё роўна падвышаць будзе, а заявы Лукашэнкі – гэта, маўляў, эмоцыі. Дык як бы Вы, Вадзім, ахарактарызавала расейскую рэакцыю, што яна зьбіраецца рабіць?”

(Дубноў: ) “У мяне такое ўражаньне, што Расея, выступіўшы ў красавіку з такім наступам на Лукашэнку, ня надта пралічвала далейшыя хады. І зараз яна, як мне здаецца, знаходзіцца ў пэўным шоку, так паводзіць сябе чалавек, які асэнсаваў, што прапусьціў удар. Тое, што Лукашэнка зрабіў гэта менавіта зараз і менавіта ў такой форме, для Расеі было яўнай нечаканасьцю і зараз нейкіх дакладных плянаў на далейшае вядзеньне палітыкі ў Расеі няма.

Я думаю, што цэны зразумела будуць падвышаныя. Гэта ня будзе надта палітызаваным актам, бо зараз вырашана паступова падвышаць цэны на газ для прамысловых прадпрыемстваў і ў Расеі, так што тут козыр Лукашэнкі пра 250 даляраў для Менску і 30 даляраў для Валгаграду ня надта працуе. Але думаю, што цэны будуць падвышаныя, але ўдар будзе зьмікшаваны якім-небудзь звыклым сродкам, скажам, выдзяленьнем крэдыту. І я думаю, што кампраміс будзе шукацца і ня столькі на ўмовах Масквы, колькі ў пэўнай ступені на ўмовах Менску”

(Дракахруст: ) “Андрэй, Вадзім ужо закрануў тэму міжнароднага фону, на якім адбывалася гэтая прэсавая-канфэрэнцыя Лукашэнкі. Маецца на ўвазе рэзкае абвастрэньне грузіна-расейскіх адносінаў. Ці не атрымліваецца так, што Лукашэнка ў вачох, прынамсі, заходняй супольнасьці аказваецца як бы ў кампаніі з Саакашвілі, аказваецца як бы ахвярай той жа брутальнай расейскай палітыкі, таго ж расейскага імпэрыялізму? І ці не адкрывае гэта для беларускага лідэра магчымасьці знайсьці падтрымку і на Захадзе?”

(Дынько: ) «Я мяркую, што гэта малаімаверна да тае пары, пакуль не адбудзецца карэнных дэмакратычных пераменаў. Саакашвілі - дэмакратычна абраны прэзыдэнт сваёй краіны, там адбываюцца свабодныя выбары, цяперашняя замежнапалітычная арыентацыя Грузіі - гэта свабодны выбар грузінскага народу. У Беларусі нічога гэтага няма.

Я ня думаю, што Захад будзе такім цынічным... У гэтым і драма цяперашняга беларускага кіраўніцтва, што доўгі час у абмен за танны газ і гандлёвыя прэфэрэнцыі мы прадавалі свой сувэрэнітэт на Ўсход. Цяпер можа сёй-той і хацеў бы прадаць яго на Захад, але ён там цяпер нікому непатрэбны. І мяркую, што і Вэнэсуэле ён ня дужа патрэбны”.

(Дракахруст: ) “Андрэй, Вы кажаце, што Беларусь не падтрымаюць, пакуль у ёй няма дэмакратыі, а Грузію падтрымаюць, бо там ёсьць дэмакратыя. Але адносіны Захаду з Грузіяй - сыстэмныя, яе магчыма ў хуткім часе запросяць у НАТО. Я кажу не пра такія адносіны, а пра больш вузкія - скажам, што грошай дадуць Лукашэнку, каб Расея яго не размазала па сьценцы”.

(Дынько: ) «Я слаба сабе ўяўляю, колькі грошай трэба даць Лукашэнку, каб Расея яго не размазала па сьценцы. Якая сума тут можа дапамагчы? Я думаю, што адказ на гэтае пытаньне ня мае грашовага вымярэньня. Ці Вы маеце на ўвазе, што Беларусі проста дадуць крэдыт на аплату больш высокіх цэнаў на газ? Дык спадар Дубноў вось кажа, што Расея дасьць такі крэдыт, нашто тут браць яшчэ аднекуль яго?”

(Дракахруст: ) “Сьвятлана, а як Вы ацэньваеце ролю таго кантэксту, у які патрапіў Лукашэнка сваёй прэсавай канфэрэнцыяй? Ці ня могуць у сувязі з гэтым для афіцыйнага Менску адкрыцца нейкія магчымасьці? Варта зьвярнуць увагу на тое, што тыдзень таму экспэртная рада Эўракамісіі выступіла супраць выключэньня Беларусі з генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў ЭЗ, фактычна супраць санкцыяў, пра ўвядзеньне якіх даволі ўпэўнена заяўлялася летась. Ці ня сьведчыць гэта пра тое, што нейкі калідорчык магчымасьцяў перад Лукашэнкам па тых ці іншых прычынах адчыняецца?”

(Калінкіна: ) "Я як раз падзяляю Ваш пункт погляду. Я лічу, што Лукашэнка зараз, калі ў яго абвастрыліся адносіны з Расеяй, шукае той самы калідор, які дазволіць яму залагодзіць сытуацыю з Захадам і ў першую чаргу - з Эўропай. І сапраўды сёньня краіны Эўразьвязу зьяўляюцца асноўнымі эканамічнымі партнэрамі Беларусі, і для іх гандаль з Беларусьсю - гэта таксама бізнэс.

Але мне здаецца, што рашэньні аб непрыняцьці тых ці іншых санкцыяў адносна Беларусі выкліканыя ў першую чаргу палітычнымі матывамі. Пагроза таго, што Лукашэнка будзе загнаны ў кут і сапраўды пагодзіцца на рэфэрэндум аб уключэньні Беларусі ў склад Расеі, гэта пагроза вельмі хвалюе і Польшчу, і Літву, і Латвію. І тая самая Польшча толькі ў жахлівым сьне можа бачыць, што мяжа з Расеяй будзе каля Берасьця.

Таму тут ёсьць такі калідор, мы ведаем, што вядуцца такія кансультацыі аб памягчэньні адносінаў да таго, што адбываецца сёньня ў Беларусі, я баюся, што ў Эўропе шмат рамантычных палітыкаў, якія пагодзяцца з тым, што ня трэба душыць Лукашэнку, бо Расея - гэта горш, чым ён. Іншымі словамі, сувэрэнная Беларусь - гэта важней, чым праблема Лукашэнкі”.

(Дракахруст: ) “Вадзім, а як Вы лічыце, ці будзе Захад праводзіць такую гульню, якую Андрэй лічыць цынічнай, а Сьвятлана - рамантычнай?”

(Дубноў: ) “Фармальна ён будзе весьці менавіта такую гульню, але не з прычыны цынізму ці рамантызму, а з прычыны сваёй звычкі да нейкага спакою. Бо нават ад таго, што зрабіў зараз Саакашвілі, эўрапейцы зусім не ў захапленьні. Саакашвілі ставіць пад удар статус-кво, тое, да чаго Эўропа прызвычаілася. Тое, да чаго яна прызвычаілася, Эўропа цэніць. таму любыя рэзкія зьмены ў Грузіі ці ў Беларусі Эўропе зусім непатрэбныя . І ў асноўным з прычыны гэтага, а нават не таму што Масква заганяе Лукашэнку ў кут, Эўропа ня будзе спальваць масты з Беларусьсю. Яна можа даць нават крыху грошай на выжываньне. Я думаю. што ў гэтым пляне нічога ня зьменіцца ў параўнаньні з тым, што было некалькі гадоў таму.

І я б ня стаў называць гэта калідорам. Гэта, хутчэй, калідор магчымасьцяў, такая кіслародная шчыліна, празь якую можна будзе з Лукашэнкам падтрымліваць адносіны, весьці зь ім нейкія перамовы, але не збліжацца.

І я б ня стаў пераацэньваць фактар Расеі. Мне здаецца, што крыху драматызуецца сытуацыя ў Беларусі ў сувязі з падвышэньнем цэнаў на газ. Я ня думаю, што гэта такі ўжо каляпс для Беларусі, бо той кампраміс, які будзе дасягнуты, будзе заснаваны на тым, што Лукашэнка з прычыны асаблівасьці нашых адносінаў і пабудовы Расеі і Беларусі стаў для Расеі ў пэўным сэнсе натуральнай манаполіяй. Статус расейскага "адзінага вернага брата" Лукашэнка ператварыў у статус натуральнай манаполіі , ня меншай, чым газпромаўская манаполія для Беларусі”.

(Дракахруст: ) “Сьвятлана, адным з важных момантаў у выступе Лукашэнкі была размова пра "дугу" новых саюзьнікаў Беларусі. Ужо даволі працяглы час афіцыйны Менск спрабуе шукаць саюзьнікаў па-за звыклай дыхатаміяй Захад-Усход. У прэзыдэнцкім пасланьні вясной Кітай быў названы стратэгічным саюзьнікам, ледзь ня больш важным за Расею, апошнім часам істотна інтэнсыфікаваліся кантакты з Іранам (у Менску будуць завод іранскіх аўтамабіляў), адбыўся прарыў у Лацінскую Амэрыку, пасьля візыту ў Менск Уга Чавэса загаварылі аб грандыёзных пэрспэктывах беларуска-вэнэсуэльскага супрацоўніцтва. Лукашэнка ўзяў удзел у канфэрэнцыі руху недалучэньня ў Гаване, якую беларускія дзяржаўныя мэдыі падавалі як падзею лёсавызначальную.

Большасьць камэнтатараў, якія ня былі вымушаны да аптымізму службовымі абавязкамі, ацэньвалі гэтыя экзатычныя вэктары замежнай палітыкі іранічна-паблажліва. А ці справядлівае такое стаўленьне? Вось на прыгаданай прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка распавёў, як падчас абмеркаваньня беларускага пытаньня у Радзе ААН па правах чалавека ў абарону афіцыйнага Менску выступіў ня толькі, так бы мовіць, казённы адвакат – Расея, але і шэраг тых самых краінаў руху недалучэньня. Дык можа гэты паварот зьнешняй палітыкі Менску не такі ўжо і бясплённы?”

(Калінкіна: ) "Я думаю, што адказаў на гэтае пытаньне будзе некалькі. Па-першае, сапраўды для Беларусі, для беларускай прапаганды вельмі важна стварыць у краіне такое ўражаньне, што і Лукашэнка, і Беларусь - ня ў ізаляцыі. Па-другое, у некаторых міжнародных інстытуцыях рашэньні прымаюцца большасьцю галасоў і краіны, якіх 7 ці 26, маюць меней галасоў, чым краінаў "трэцяга сьвету". Але галоўнае, на мой погляд, гэта пошук новых рынкаў, пошук новых кантрактаў, пошук грошай. Сёньня ў арабскім сьвеце грошы ёсьць. Але іх шлях у Эўропу вельмі няпросты. Беларусь - эўрапейская краіна, і таму для іх выгадны мост.

Што тычыцца буйных праектаў, як Вы сказалі, што Іран будуе ў Беларусі аўтазавод - ён нічога не будуе, гэта бізнэс "купі-прадай". Банкаўская сфэра і зброя - вось тыя адзіныя галіны эканомікі, па якіх Беларусь супрацоўнічае з краінамі "трэцяга сьвету".

(Дракахруст: ) “Андрэй, а як Вы ацэньваеце пэрспэктывы гэта павароту ў беларускай замежнай палітыцы? Гэта можа шмат каму не падабацца ідэалягічна, але наколькі гэтае новае саюзьніцтва можа быць важкім палітычна і эканамічна, наколькі яно можа кампэнсаваць залежнасьць ад Расеі?”

(Дынько: ) "Такі паварот сапраўды адбываецца, мы яго назіраем. Думаю, што гэта будзе азначаць вялікія зьмены палітычнай і эканамічнай сытуацыі ў краіне, зьмену ў палітычным кантракце. Узамен на сувэрэнітэт Беларусь атрымала ад Расеі за гэты пэрыяд 20-25 мільярдаў даляраў. Ні Кітай, ні Вэнэсуэла не зацікаўлены ў тым, каб укладаць такія грошы ў Беларусь. Куба выкарыстоўвае Вэнэсуэлу як такога донара. Але там гэта блізка, гэта мае напэўна нейкі сэнс. Але ў чым мог бы быць сэнс падтрымкі Беларусі з боку такой далёкай нафтавай дзяржавы? Што тычыцца Кітаю, то ён праводзіць вельмі пасьлядоўную і эгаістычную палітыку, ён спрабуе ўмацавацца ў некаторых афрыканскіх і азіяцкіх краінах, каб выкарыстоўваць іх сыравінныя рэсурсы, якіх няма ў самім Кітаі.

Але ў Беларусі няма такіх сыравінных рэсурсаў, якія былі б патрэбныя Кітаю. Што тычыцца арабскіх грошай, то мне падаецца, што там капітал будзе кіравацца законамі капіталу, грошы будуць укладацца туды, куды іх укладаць выгадна і бясьпечна. Я амаль упэўнены, што арабы будуць хутчэй укладаць свае капіталы ў Эўропу ці ў Амэрыку ці Азію, а не ў Беларусь зь яе рызыкоўнай, хаця і растучай эканомікай. Мне тут бачыцца самым непрыемным іншае, тое, што Беларусь па-ранейшаму не будуе нармальнай нацыянальнай дзяржавы з рынкавай эканомікай, хоць гэта, вядома, балючы і складаны шлях, а прыцягвае шукаць варыянты, каму б прадацца. Прадаваліся Расеі, давайце цяпер пашукаем, можа штосьці яшчэ ў “трэцім сьвеце” нас купіць Гэта вельмі прыкра і нават ганебна”.

(Дракахруст: ) “Андрэй, Вы сказалі, што той жа Чавэс, Ху Дзінь Тао, арабскія лідэры будуць падыходзіць да пытаньня супрацоўніцтва з Беларусьсю чыста прагматычна. Але ўсе яны, хто ў большай ступені, хто ў меншай, імкнуцца стварыць супрацьвагу Амэрыцы, новы цэнтар сілы. А тут абсалютна выдатны партнэр. Як ён сказаў на прыгаданай прэсавай канфэрэнцыі, калі танкі пойдуць на Расею, беларусы будуць гінуць за яе. Дык з такім жа посьпехам можна паабяцаць, што беларусы будуць гінуць і за, скажам, Вэнэсуэлу, калі натаўскія танкі пойдуць на яе. А за гэта плаціць трэба”

(Дынько: ) "У выпадку Расеі адбывалася вельмі тонкая гульня на старых расейскіх імпэрскіх комплексах ці амбіцыях. Расеі было пачэсна, што нейкая краіна дабраахвотна ідзе пад расейскі скіпэтар і яна была гатовая за гэта шчодра плаціць. А калі мы гаворым пра Іран ці Вэнэсуэлу, то гэта ўсё ж ня вельмі багатыя краіны, іх унутраная эканамічная сытуацыя пакідае жадаць лепшага. І адносная стабільнасьць апошніх гадоў трымаецца толькі на нязвыкла высокіх цэнах на нафту, здабыча якой ёсьць асновай іх эканомікі. Ну як сыравінназалежная краіна зь нізкім узроўнем тэхналягічнага разьвіцьця можа быць яшчэ і спонсарам нейкай краіны за морам? Гэта маларэальна. Кітай - гэта іншы выпадак, але ён апошнім часам дэманструе пасьлядоўнасьць і рэалістычнасьць у замежнай палітыцы. У яго ёсьць свая сфэра інтарэсаў, ён дамагаецца таго, каб яе не чапалі, але ён нідзе не выходзіў за межы гэтай сфэры. Мне падаецца, што ў Беларусі няма нічога, што магло б цікавіць Кітай. Кітай цікавяць краіны, дзе ёсьць нафта, напрыклад, Судан, дзе ёсьць радовішчы медзі ці іншых рэдкіх мэталаў, напрыклад, Замбія, і там вялікая кітайская прысутнасьць.

Вы маеце на ўвазе, што ў нас паўторыцца сытуацыя Альбаніі, якую падтрымліваў Кітай Мао Дзэ Дуна? Дык гэта ж было ў іншы час і ў іншым сьвеце, калі пры ўладзе ў Кітаі былі камуністы ідэалягічныя, а не камуністы рынкавыя, як цяпер”

(Дракахруст: ) “Вадзім, наколькі я сачыў за расейскім друкам, то гэтыя павароты Лукашэнкі да Кітаю, Ірану і Вэнэсуэлы выклікалі ў Расеі проста рогат. Але наколькі абгрунтаваная такая рэакцыя?”

(Дубноў: ) “У сувязі з Вэнэсуэлай і ўсёй гэтай "дугой" Лукашэнкі трэба проста разьдзяляць дзьве рэчы. З пункту гледжаньня эканамічнай прагматыкі тут няма нічога новага. Беларускай практыцы гандлю па сабекошце ці ніжэй за сабекошт з краінамі трэцяга сьвету ўжо шмат гадоў. І Аляксандар Рыгоравіч проста пашырае рынкі. А вось калі мы кажам пра цэнтры сілы, тут іншая размова. Гэта паняцьце геапалітычнае, гэта значыць, хімэрычнае. Расея можа сьмяяцца, бо сама гуляе падобныя гульні з Шанхайскай арганізацыяй. Яна выдатна разумее, што на самой справе гэта ніякі ні цэнтар сілы і што часы такіх цэнтраў сілы, як Варшаўская дамова, ужо прайшлі і другога такога ўжо ня будзе.

Для Лукашэнкі гульні ў гэтую "дугу", як і для Масквы - з Шанхайскай арганізацыяй, гэта такі хітрык незалежнасьці. Лукашэнка дзякуючы гэтаму пазыцыянуе сябе не як сатэліта Расеі, рэсурсы чаго ўжо вычарпаныя, а як частку нейкага клюбу краінаў, якія яшчэ не ізгоі, але вось-вось імі стануць. Ёсьць такія праблемныя дзяржавы, Беларусь - адна зь іх і яна ўжо выступае не сама па сабе, а як сябра гэтага клюбу. Гэта абсалютна паліттэхналягічны хітрык, але яна можа падзейнічаць і для Лукашэнкі ў паліттэхналягічным пляне гэта магчыма адзінае выйсьце”

(Дракахруст: ) “І напрыканцы мы ізноў вернемся да двухбаковых адносінаў. Некалькі месяцаў таму ў Беларусі вельмі актыўна абмяркоўваліся пэрспэктывы правядзеньня сёлета рэфэрэндума па Канстытуцыйным акце саюзу. Здаецца, пасьля прыгаданай прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі гэтыя пэрспэктывы крыху затуманіліся. А можа менавіта тады, калі рэфэрэндума ніхто не чакае, ён і адбудзецца. Зараз такі крытычны момант - у Расеі пачынаецца выбарчая кампанія. Ці магчымыя, так бы мовіць, інтэграцыйныя ініцыятывы, калі іх не чакаюць? Вадзім, Ваш прагноз”.

(Дубноў: ) “Не, тут я абсалютна згодны з Аляксандрам Рыгоравічам. У Расеі наступае гарачая пара і нічога небясьпечнага ў сэнсе інтэграцыі нам, мяркую, не пагражае. Уся гісторыя саюзу Беларусі і Расеі - гэта гісторыя высьвятленьня, хто вінаваты ў тым, што ён не адбыўся. Менавіта на гэтым гуляў Лукашэнка ў часы Ельцына, тады ён меў ініцыятыву, і Ельцыну даводзілася адбівацца. З прыходам Пуціна давялося памяняцца ролямі, наступальную палітыку пачала праводзіць Масква, ужо вінаватым у тым, што саюзу няма, стаў Лукашэнка, і зараз ён проста ў чарговы раз падвесіў гэтае пытаньне. Для большасьці беларусаў, наколькі я разумею, гэта пытаньне ўжо не настолькі актуальнае, як гэта было раней, і таму зараз Лукашэнку цалкам задавальняе тая сытуацыя, якая склалася. Па вялікім рахунку, адзіная праблема зараз для Лукашэнкі - знайсьці той выратавальны і цалкам магчымы для яго кампраміс па газе, транзыце і ўсіх эканамічных рэчах”.

(Дракахруст: ) “Андрэй, гэтым летам БНФ нават зьбіраўся стварыць адмысловы рух у абарону незалежнасьці - настолькі актуальнай гэтай партыі падавалася пагроза рэфэрэндуму. А як Вы лічыце, наколькі зараз гэта актуальна?”

(Дынько: ) "Нішто на гэта не паказвае. Нават калі ў нас і правядуць нейкі рэфэрэндум, то яго зьмест будзе такі, што ён ня будзе нічога мяняць. Ніякіх аб''ектыўных перадумоваў для ўзмацненьня інтэграцыі няма. Вось Вы параўноўвалі Беларусь з Грузіяй, дык можна з такім жа посьпехам задаць пытаньне - ці адбудзецца ў Грузіі рэфэрэндум аб аб''яднаньні з Расеяй ці аб перадачы Расеі Абхазіі. Па-мойму, гэта ўсё нерэальная пэрспэктыва”.

(Дракахруст: ) “Сьвятлана, а як Вы мяркуеце, ці можна чакаць у блізкім часе нейкіх буйных інтэграцыйных крокаў. Гэта не абавязкова рэфэрэндум аб Канстытуцыйным акце, гэта могуць быць саступкі па пераходу Беларусі на расейскі рубель”.

(Калінкіна: ) "Я таксама думаю, што сёньня ані Расеі, ані Беларусі ніякі рэфэрэндум аб''ектыўна не патрэбны, а саступка з беларускага боку можа быць толькі адна - гэта саступка па "Белтрансгазе". Мне здаецца, што Беларусь усё ж пагадзіцца на ўмовы "Газпрома" і аддасьць "Белтрансгаз", прынамсі, кантрольны пакет. Але гэта звычайныя эканамічныя адносіны, гэта ня мае наўпроставага дачыненьня ані да саюзу, ані да палітычнай інтэграцыі”.

(Дракахруст: ) “А па якой цане? На чым дамовяцца?”

(Калінкіна: ) "Тут ідзе гандаль, гэта будзе не балянсавы кошт, і ня 5 мільярдаў даляраў. Я думаю, недзе пасярэдзіне будзе тая сума, за якую будзе аддадзены "Белтрансгаз" за кошт таго, што на газ для Беларусі будзе нейкая зьніжка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG