Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя палітычных вязьняў: тыднёвы агляд


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ці адправілі лідэра “Партнэрства” Мікалая Астрэйкі па “этапу”? Якія пытаньні задаваў сьледчы Паўлу Севярынцу? Чаму пракуратура супроць датэрміновага вызваленьня Андрэя Клімава? У якіх умовах жыве на “хіміі” Артур Фінькевіч?

На гэтым тыдні стала вядома, дзе будуць адбываць пакараньне актывісты “Партнэрства” Мікалай Астрэйка і Цімафей Дранчук. Мікалай Астрэйка, паводле зьвестак, накіраваны ў калёнію ў Шклове Магілёўскай вобласьці, ягоны сябра Цімафей Дранчук ужо пераведзены ў менскую калёнію. Яўгенія Астрэйка распавяла пра тое, як у менскім сьледчым ізалятары спрабавала высьветліць, ці ўжо павезьлі па “этапу” яе сына.

(Астрэйка: ) “Гэта жанчына ў акенцы для даведак сказала мне, каб падышла ўвечары, бо сёньня фармуюць вялікі этап на Магілёў. Таму зноў пайду да ізалятара”.

На мінулым тыдні мы распавядалі пра тое, што былы лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец быў дапытаны сьледчым пракуратуры ў справе “Маладога фронту”. Аднак на той момант сувязі з Паўлам не было. Днямі Севярынец атрымаў кароткі адпачынак, прыехаў з “хіміі” дадому ў Віцебск і распавёў дакладней пра размову са сьледчым. Паводле актывіста, пракуратура зьбірае матэрыял найперш супроць лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча. Павал Севярынец сказаў, што папярэдзіў сьледчых пра незаконнасьць іх дзеяньняў.

(Севярынец: ) “Судовы працэс над “Маладым фронтам” будзе незаконным, тыя, хто яго арганізоўвае, будуць адказваць як парушальнікі міжнародных дамоваў, падпісаных Беларусьсю. Гісторыя ацэніць і вашу працу, спадар пракурор, і працу вашых калег з Менска. Вось такая была размова”.

Дарэчы, стала вядома пра ўмовы, у якіх тры дні ўтрымлівалі ў менскім сьледчым ізалятары Зьмітра Дашкевіча: у камэры памерам 12 квадратных мэтраў знаходзілася 25 чалавек. Праваабарончы цэнтар “Вясна” заклікаў АБСЭ нагадаць ураду Беларусі абавязацельствы, узятыя ў справе абыходжаньня зь вязьнямі.

Другі маладафронтавец, Артур Фінькевіч, які адбывае хімію ў Магілёве, прастыў і захварэў. Прычына, як патлумачыў Артур, простая – у пакоі, дзе жыве юнак, разьбітае шкло, але адміністрацыя ўстановы нічога ня робіць, каб яго аднавіць.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Андрэй Клімаў атрымаў зьвесткі пра тое, што пракуратура не дала дазволу на ягонае ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Нагадаю, палітык быў асуджаны на паўтара года “хіміі”, але разьлічваў вярнуцца дамоў датэрмінова. Пракуратура палічыла, што ён парушаў рэжым адбыцьця пакараньня, хаця палітык заяўляе, што не рабіў ніякіх парушэньняў.

Праблема з датэрміновым вызваленьнем не абмінула і былога дэпутата Сяргея Скрабца, які адбывае пакараньне ў калёніі ў Віцебску. На гэтым тыдні зьявіліся зьвесткі, што Сяргей Скрабец нібыта распачаў галадоўку, пратэстуючы супроць адмовы ў датэрміновым вызваленьні. Супрацоўнікі калёніі гэтыя зьвесткі спачатку пацьвердзілі, потым абверглі. Лістоў ад Сяргея Скрабца ў апошнія дні сваякі не атрымоўвалі, таму могуць толькі рабіць здагадкі. Брат экс-дэпутата Аляксандр Скрабец схіляецца да таго, што Сяргей сапраўды галадае:

(Аляксандр Скрабец: ) “Яго мусілі вызваліць яшчэ напачатку лета. Калі б ён быў звычайны асуджаны, гэтак і адбылося. Але яго не вызвалілі, цягнулі разгляд у судзе, дацягнулі да кастрычніка, і вось ён, не вытрымаўшы, відаць пачаў галадоўку”.

Нагадаю, у той жа калёніі “Віцьба-3” разам з Сяргеем Скрабцом цяпер адбывае пакараньне былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG