Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі называе абвінавачваньні Масквы "істэрыяй"


Кастусь Бандарук, Прага Сёньня ў гарадзкім судзе Тбілісі пачаўся працэс, на якім чатыры расейскія афіцэры абвінавачваюцца ў шпіянажы. Расея адклікала свайго амабасадара ў Грузіі і заклікала Раду Бясьпекі ААН асудзіць Тбілісі за “небясьпечныя і непрымальныя” дзеяньні грузінскіх ўладаў.

Міністар унутраных справаў Грузіі Вана Мірабішвілі заявіў, што арыштаваныя расейскія афіцэры належалі да шпіёнскай сеткі і супрацоўнічалі з грузінскімі грамадзянамі ў здабычы сакрэтнай інфармацыі. Выступаючы на надзвычайнай сэсіі Рады Бясьпекі, расейскі амбасадар ў ААН Віталь Чуркін заклікаў сяброў Рады запатрабаваць ад Грузіі, каб тая паўстрымлівалася ад дзееньняў, якія могуць паставіць пад пагрозу мір ў рэгіёне.

(Чуркін: ) ”Зварот які мы перадаем Радзе Бясьпекі, гэта не проста скарга і занепакоенасьць ўзьніклай сытуацыяй, але таксама заклік да Рады Бясьпекі, да міжнароднай супольнасьці, каб яны паўстрымалі грузінскія ўлады, паколькі мы ня хочам далейшага пагаршэньня сытуацыі ў гэтай праблемнай частцы сьвету.”

Міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў прыраўняў арышт расейскіх афіцэраў да сталінскіх рэпрэсыяў і заявіў, што рэакцыя расейскага боку будзе “ўзважаная і адэкватная”. Сёньня ў часе сустрэчы міністраў абароны краін НАТО Іваноў мае намер выказаць занепакоенасьць Масквы паглыбленьнем супрацоўніцтва паміж альянсам і Грузіяй.

Аднак прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі назваў абвінавачаньні з боку Расеі “істэрыяй”. Ён заявіў, што грузінскія ўлады дзейнічаюць ў рамках закону і двухбаковых пагадненьняў. “Пара ўсім нагадаць, што ў нас эфэктыўныя службы бясьпекі, якія заслугоўваюць на ўдзячнасьць і павагу з боку грамадзтва”. Грузія абвінавачвае Расею ў падтрымцы сэпаратысцкіх рэспублік Абхазіі і Паўдзённай Асэціі. З 93-га году, пасьля двухгадовага ўзброенага канфлікту – Абхазія дэ-факта застаецца незалежнай ад Грузіі.

Пакуль выглядае, што Расея спрабуе вырашыць крызіс дыпляматычным шляхам, аднак не выключаецца больш жорсткай рэакцыі з боку Масквы. Расея ўжо прыпыніла выдачу візаў грузінскім грамадзянам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG