Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН дасьць сваю ацэнку правам чалавека ў Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Жэнэве на другой сэсіі Рады ААН ў правах чалавека спэцыяльны дакладчык па Беларусі гэтай міжнароднай арганізацыі Адрыян Севярын плянуе выступіць з дакладам. Спадар Севярын камэнтаваў беларускую сытуацыю і на першай сэсіі Рады

Спадар Севярын тузін разоў асабіста наведваў Менск -- спачатку ў якасьці кіраўніка спэцыяльнай рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, а затым – старшыні ўсёй асамблеі. Дасьведчанасьць у беларускіх справах паспрыяла яму і пры абраньні дакладчыкам па Беларусі Рады ААН.

Выступ Адрыяна Севярына на першай сэсіі быў крытычны. Тады ў яго справаздачы гаварылася “пра рэзкае пагаршэньне сытуацыі ў галіне правоў чалавека” ў Беларусі. Вядомы дыплямат таксама падкрэсьліў, што ад 2004 году дыялёг з беларускімі ўладамі адсутнічае.

Некаторыя краіны выступаюць сёньня за ліквідацыю інстытута дакладчыкаў па асобных краінах. Матывацыя наступная. Рада хоча ўвесьці пэрыядычны (мяркуецца, раз на год) агляд становішча з правамі чалавека па самых розных тэматычных аспэктах у кожнай зь дзяржаваў, што ўваходзяць у ААН. У такім разе справаздачы, кшталту тых, якія робіць спадар Севярын, больш не патрэбныя. Гаворыць намесьнік кіраўніка сталага прадстаўніцтва Беларусі пры аддзяленьні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве Андрэй Савіных:

(Савіных: ) "Пазыцыя бальшыні дзяржаў (уласна кажучы ў пэўнай ступені яе падзяляюць і "заходнікі") заключаецца ў тым, што калі ўводзіцца пэрыядычны агляд, дык рэзалюцыі па асобных краінах патрэбна цалкам скасаваць. Ролю такіх рэзалюцыяў бярэ на сябе пэрыядычны агляд. І таму існаваньне асобных мандатаў па асобных краінах можа быць абгрунтаваным толькі ў выключных выпадках -- прыкладам, як у суданскім Дарфуры".

Выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак лічыць, што скасаваньне пасады спэцыяльных дакладчыкаў па праблемных дзяржавах было б вялікай памылкай:

(Гулак:) "Беларусь чаму займае такую пазыцыю? Таму што ня хоча супрацоўнічаць са спэцдакладчыкам ААН па Беларусі. Але ж ня дужа супрацоўніцтва ладзіцца і з тэматычнымі спэцдакладчыкамі. Напрыклад, Беларусь запрашала да сябе спэцдакладчыка па судовай сыстэме. Аднак і яго рэкамэндацыя не выконваюцца. Менавіта дакладчыкі па асобнай краіне даюць магчымасьць комплекснага падыходу да праблемы з правамі чалавека. Бо ў такіх краінах, як Беларусь, няма незалежнага суду. І гэта частка ўсёй сыстэмы. І вось каб менавіта сыстэмна падыходзіць да праблемаў і вырашаць іх, і ўтварылася практыка дакладаў па краінах. Такі падыход больш эфэктыўны ў падобных сытуацыях".

Утвораная сёлета Рада ААН у правах чалавека замяніла існаваўшую раней камісію ААН у правах чалавека. У склад Рады уваходзіць 47 краінаў. З былых рэспублік Савецкага Саюзу сюды ўвайшлі Азэрбайджан, Расея і Украіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG