Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка прынцыпова хадзіў з старым дэпутацкім значком..."


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня спаўняецца 15 гадоў, як пазачарговая сэсія Вярхоўнага Савету БССР прыняла новую назву краіны – Рэспубліка Беларусь. Чырвона-зялёны сьцяг БССР быў заменены на бел-чырвона-белы. А дзяржаўным гербам стала старажытная “Пагоня”. Сёньня тагачасныя дэпутаты шкадуюць, што не пасьпелі прыняць новы гімн Беларусі.

Прапанову аб прыняцьці новых дзяржаўных сымбаляў на разгляд сэсіі вынесла камісія Вярхоўнага Савету па культуры, адукацыі й захаваньні гістарычнай спадчыны. Першую прамову трымаў старшыня камісіі Ніл Гілевіч. Ягоны намесьнік Алег Трусаў узгадвае, як складана ішла працэдура галасаваньня.

(Трусаў: ) “Зь першага разу й з другога разу дзьве траціны галасоў мы не ўзялі, некалькі разоў перагаласоўвалі. І я лічу, што гэта проста Бог дапамог. Дарэчы, вельмі моцна нам дапамог Філарэт і ўсе праваслаўныя сьвятары. Гэта было вельмі важна. Гэта было тое, што аб’яднала нацыю. І зараз з гэтай сымболікай выходзяць людзі, якія тады толькі нарадзіліся. Да прыкладу, на “Джынсавы фэст”. Лукашэнка ніколі не выступаў за сымболіку, і, калі яе прынялі, то прынцыпова хадзіў са старым дэпутацкім значком. І як яны ні круцяцца зараз, але прысягаў ён на бел-чырвога-белым сьцягу і на гербе “Пагоня””.

Спадар Трусаў шкадуе, што тады не ўдалося прыняць гімна новай Беларусі. На разгляд прапаноўваўся некалькі варыянтаў тэкстаў – ад духоўнага “Магутны Божа” да ваярскага “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Аднак пытаньне спачатку было на некаторы час адкладзенае, а затым да яго ўжо не вярнуліся. Зацьвярджэньне ж у якасьці дзяржаўных бел-чырвона-белага сьцяга й герба “Пагоня” сталася найвыбітнай падзеяй сучаснасьці, кажа яшчэ адзін з удзельнікаў тых падзей, Юры Беленькі.

(Беленькі: ) “Важна было тое, што на ўвесь сьвет было заяўлена, што ёсьць такая дзяржава, ёсьць такі народ. Мы ня ўмерлі й нас ня зьнішчылі. І мы маем менавіта свае нацыянальныя сымбалі. Гэта прыняў увесь сьвет і прыняў беларускі народ. Не было ніводнага пратэсту, акрамя бурчаньня камуністаў”.

Спадар Беленькі заяўляе, што адмена старажытных сымбаляў праз рэфэрэндум 1995 года ёсьць незаконнай. Таму бел-чырвона-белы сьцяг з “Пагоняй” маюць ранейшае значэньне й цяпер. Спадар Трусаў перакананы: гістарычнай сымболіцы будзе вернуты яе дзяржаўны статус. А тое, што ў цяперашніх уладаў яна пад забаронай, Алег Трусаў пракамэнтаваў так:

(Трусаў: ) “Я вельмі задаволены, што яна цяпер не дзяржаўная. Якая дзяржава – такая і сымболіка. Гэта ня тыя людзі, каб карыстацца такой сымболікай. Яны са сваёй сымболікай адыдуць у гісторыю. Прычым, ня доўга чакаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG