Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца пад вартай


Любоў Лунёва, Менск Cустаршыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца пад вартай у Менскім сьледчым ізалятары. Яго падазраюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Зьмітра арыштавалі ў пракуратуры Беларусі пасьля допыту.

Артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога заведзеная крымінальная справа, не прадугледжвае арышту як меры стрыманьня. Сьледзтва кіравалася тым, што Зьміцер нібыта небясьпечны для грамадзтва.

Крымінальную справу супраць актывістаў “Маладога фронту” распачыналі супрацоўнікі Камітэту барацьбы з тэрарызмам. У сьпіс падазраваных, апроч Зьмітра Дашкевіча, трапілі Сяржук Лісічонак, Алег Корбан і Барыс Гарэцкі. Раённыя пракуратуры, згодна з распараджэньнем КДБ, дапыталі дзясяткі людзей як сьведкаў.

Барыс Гарэцкі зьехаў вучыцца ў Польшчу. Сяржук Лісічонак і Алег Корбан знаходзяцца ў Менску.

Алег Корбан лічыць арышт свайго сябра спробай запалохаць прадстаўнікоў моладзевага дэмакратычнага руху.

(Корбан: ) “Думаю, што яны папросту хочуць запалохаць, каб моладзь нікуды не ішла, каб не праводзіла акцыяў, каб не было відаць ніякай дзейнасьці. Яны хочуць усіх задушыць. Усё, што рабіў Зьміцер Дашкевіч, было на падставе Канстытуцыі і закону”.

Адвакат Зьмітра Дашкевіча даў падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў сьледзтва. 18 верасьня ён падасьць скаргу аб незаконным арышце ягонага падабароннага.

Зьміцер Дашкевіч стаў першым арыштаваным у крымінальнай справе супраць актывістаў “Маладога фронту”.

Раней суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі актывістаў “Партнэрства”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG