Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гаване ў Лукашэнкі ня будзе канкурэнтаў


Уладзімер Глод, Менск Паводле інфармацыі з афіцыйных крыніц, сёньня на Кубу вылеціць беларуская дэлегацыя на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Дэлегацыя возьме ўдзел у саміце Руху недалучэньня. Гэтыя некалькі дзён Беларусь там прадстаўляў Міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў, які сустракаўся з прадстаўнікамі Кубы, Ірану і Вэнэсуэлы. А так званымі “прэзыдэнцкімі” днямі, калі слова даецца кіраўнікам дзяржаваў, згодна зь рэглямэнтам саміту, лічацца два апошнія дні форуму – 15 і 16 верасьня.

Палітолягі не сумняюцца: Лукашэнка атрымае магчымасьць выступіць з трыбуны. Справа ў тым, што рэглямэнт саміту прадугледжвае сяміхвілінныя выступы кіраўнікоў некаторых дэлегацыяў з усіх чатырох рэгіёнаў, што ўваходзяць у Рух недалучэньня. Сярод прадстаўнікоў Азіі, Афрыкі ды Лацінскай Амэрыкі існуе вялікая канкурэнцыя, а Лукашэнка яе абсалютна пазбаўлены. Беларусь, як вядома, адзіная зь дзяржаваў Эўропы, што ўваходзіць у гэтую міжнародную структуру.

Старшыня беларускага Шуманаўскага таварыства, палітоляг Ігар Лялькоў:

(Лялькоў: ) "Кіраўнікі беларускай зьнешняй палітыкі цягам апошніх дзесяці гадоў, калі краіна фактычна апынулася ў міжнароднай ізаляцыі, ліхаманкава шукаюць усе магчымыя варыянты для выхаду з гэтай сытуацыі. Натуральна, з тым становішчам, што існуе цяпер унутры краіны, на прарыў у заходнім накірунку разьлічваць цяжка. Нагадаю, дарэчы, што Беларусь – таксама адзіная эўрапейская краіна, якая ніякім чынам не прадстаўленая ў Радзе Эўропы. Той самай міжнароднай арганізацыі, якая па лёгіцы, куды больш блізкая да Беларусі, чым Рух недалучэньня.

У сьвеце засталося зусім няшмат міжнародных арганізацыяў, дзе Беларусь можа быць прадстаўленая. У Руху недалучэньня краіны ўдзельнічаюць незалежна ад свайго палітычнага рэжыму, няма тут і нейкіх папярэдніх патрабаваньняў на гэты конт. Гэта тая саломінка, за якую хапаюцца кіраўнікі беларускай зьнешняй палітыкі, каб усё ж прадэманстраваць, што міжнароднай ізаляцыі не існуе".

Журналіст-міжнароднік Раман Якаўлеўскі пагаджаецца з гэтай думкай. Але зьвяртае ўвагу на яшчэ адну акалічнасьць:

(Якаўлеўскі: ) "Беларусь у той час прэтэндавала на месца нясталага сябра Рады Бясьпекі ААН. І таму разьлік быў зроблены на падтрымку шматлікіх сябраў Руху недалучэньня. Да таго ж, нясталы сябра атрымліваў з агульнай скарбонкі ААН даволі вялікія сумы. Аднак гэты разьлік ня меў посьпеху: спачатку Беларусь прайграла барацьбу Чэхіі, а затым і, здаецца, Баўгарыі".

Беларусь уваходзіць у Рух недалучэньня з 1998 году, яна зьяўляецца адзінай краінай Эўропы ў гэтай арганізацыі, у якую ўваходзіць 116 краін трэцяга сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG