Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі пра падзеі ў Грузіі


Ігар Карней, Менск Улады Грузіі абвясьцілі, што прадухілілі спробу дзяржаўнага перавароту. Паводле МУС гэтай краіны, пераварот плянавалі прыхільнікі колішняга міністра дзяржаўнай бясьпекі Ігара Гіаргадзэ — праваахоўныя органы лічаць Гіаргадзэ адным з арганізатараў замаху на экс-прэзыдэнта Грузіі Эдуарда Шэварднадзэ. Падчас спэцапэрацыі затрыманыя тры дзясяткі сябраў партыі Гіаргадзэ “Справядлівасьць”, якім выставяць абвінавачаньне за ўдзел у змове дзеля адхіленьня законнай улады. Мяркуецца, што сам Гіаргадзэ хаваецца ў адной з краінаў Усходняй Эўропы. Як успрымаюць грузінскую сытуацыю ў беларускіх палітычных колах?

Спэцапэрацыя дзеля нэўтралізацыі прыхільнікаў Гіаргадзэ пачалася 6 жніўня. Як заявіў у тэлезвароце міністар унутраных справаў Грузіі Вано Мерабішвілі, дэпартамэнт канстытуцыйнай бясьпекі міністэрства некалькі месяцаў зьбіраў доказы таго, што затрыманыя ўдзельнічалі ў змове супраць ураду.

Першай на падзеі ў Грузіі адрэагавала Расея, дзе крытычна ставяцца да Міхаіла Саакашвілі. Сьпікер Дзярждумы Барыс Грызлоў заявіў, што ў Грузіі падчас “рэвалюцыі ружаў” пад выглядам дэмакратыі ўсталяваўся таталітарны рэжым. Салідарныя зь ім і асобныя беларускія палітыкі. Сваё стаўленьне да грузінскіх падзеяў выказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян:

(Касьцян: ) “Гэта барацьба Саакашвілі за асабістую ўладу. І больш нічога. Саакашвілі, які больш чым хто крычыць пра дэмакратыю, нават дасылаў да нас сваіх аднадумцаў падчас прэзыдэнцкай кампаніі, каб усталяваць тут дэмакратыю, паказаў свой твар. Таму гэта змаганьне супраць грузінскага народу, які ён ужо апусьціў у сьмярдзючую яму — і эканамічна, і палітычна, і сацыяльна. Грузія набліжаецца да стану, які здарыўся ва Ўкраіне. Безумоўна, трэба чакаць новай хвалі барацьбы супраць рэжыму Саакашвілі, які не адпавядае інтарэсам грузінскага народу і ягонай будучыні”.

Афіцыйнае беларускае кіраўніцтва не хавае насьцярожанага стаўленьня да ўладаў Грузіі. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў згаданыя спадаром Касьцянам аднадумцы Саакашвілі — дэпутаты парлямэнту — былі завернутыя падчас дагляду ў аэрапорце “Менск-2”. Некалькіх актывістаў моладзевага руху “Кмара” дэпартавалі, заявіўшы, што тыя ўяўлялі “небясьпеку для палітычнай сытуацыі ў краіне”. КДБ Беларусі абвінаваціў у сувязях з “грузінскімі тэрарыстамі” лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. Вось што з гэтай нагоды кажа сам спадар Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Што датычыць Грузіі, то лепш за ўсё могуць адказаць самі людзі, якія галасуюць за прэзыдэнта, за парлямэнт, я асабліва падкрэсьліваю — ва ўмовах выбару: калі ёсьць альтэрнатыва, калі прадстаўнікі палітычных структураў, у тым ліку і таго ж Гіаргадзэ, прысутнічалі ў выбарчых камісіях. Гэта значыць, што ўсё ж там палітычныя рэаліі адпавядаюць настроям і пажаданьням саміх людзей. І тут не павінна быць нейкіх двух, трох ці чатырох розных стандартаў… А з кім я кантактаваў? Гэта сябры парлямэнту, тыя, каго абралі грамадзяне Грузіі. Ці той жа прэм’ер-міністар, ці Ніно Бурджанадзэ, якую я вельмі добра ведаю й якую паважаюць у тым ліку і расейскія дэпутаты, якія працуюць у Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ”.

Паводле Камітэту дзяржбясьпекі Беларусі, беларуская апазыцыя актыўна інструктуецца з Грузіі. Увесну кіраўніцтва КДБ заявіла, што на грузінскай тэрыторыі рыхтуюцца баевікі для “беларускай рэвалюцыі”; нават паказалі апэратыўныя здымкі з прызнаньнем ананімнага беларускага “баевіка”. Але пасьля завяршэньня палітычнай кампаніі гісторыя не атрымала працягу.

МУС Грузіі распаўсюдзіла апэратыўныя матэрыялы з паказаньнямі сьведкаў, каб пацьвердзіць неабходнасьці спэцапэрацыі. Сьведкі заявілі, што 24 траўня ў адным з офісаў партыі “Справядлівасьць” адбылася сустрэча, удзельнікі якой хацелі зьмяніць уладу ў Грузіі сёлета восеньню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG