Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>БНФ прапанаваў правесьці Форум за незалежнасьць


Радыё Свабода На апошнім пасяджэньні ўправы Партыі БНФ зацьвердзілі ініцыятыву правесьці Форум за незалежнасьць Беларусі. Мэта форуму — засьведчыць волю беларускай грамадзянскай супольнасьці й згуртаваць вакол незалежнасьці палітычныя й грамадзкія структуры краіны.

Паводле лідэра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, форум можна правесьці ў канцы кастрычніка, прымеркаваўшы да пачатку кампаніі выбараў у мясцовыя саветы.

(Вячорка: ) “Форум за незалежнасьць нам бы бачыўся не як мітынговая падзея, а падзея інтэлектуальна-палітычная”.

Спадар Вячорка прапануе абмеркаваць на форуме тэмы бясьпекі Беларусі, лёсу беларускай мовы, культуры й адукацыі ў сьвятле пабудовы так званай саюзнай дзяржавы, міжнародны ды іншыя аспэкты праблемы. На форуме можа выпрацаваць супольную пазыцыю й праграму дзеяньняў незалежніцкіх сілаў. Паводле спадара Вячоркі, цяпер пачынаюцца кансультацыі дзеля фармаваньня аргкамітэту форуму. У БНФ перакананыя, што абвастрылася пагроза страты незалежнасьці Беларусі, гаворыць Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Калі б мы не рэагавалі на гэтую пагрозу ўвесь час уладараньня Лукашэнкі, то яна ўжо, магчыма, і рэалізавалася б. Мы зыходзім з таго, што нават калі верагоднасьць правядзеньня рэфэрэндуму — 50 адсоткаў, беларускае грамадзтва, грамадзянская супольнасьць павінны сваё стаўленьне да яго акрэсьліць загадзя”.

Ініцыятыву БНФ падтрымаў лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, які заклікае не расхалоджвацца, весьці растлумачальную працу, каб не дапусьціць раптоўнай альбо паўзучай інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі.

(Мілінкевіч: ) “У мяне ёсьць інфармацыя, што кіраўнік беларускай дзяржавы сапраўды ў вельмі дрэнным стане, яго прыціснулі, яго цяпер прымушаюць, а ён ня вельмі хоча… І гэта можа зрабіцца міма нашай і ягонай волі. Хаця я не лічу, што ён гарант незалежнасьці, ён ня можа быць гарантам, таму што для яго цікавая толькі ўлада, а для нас цікавая радзіма. Таму мы ня мусім адмаўляцца ад гэтай актыўнасьці. Некаторыя кажуць, што вось пачнем, калі яны абвесьцяць. Калі абвесьцяць, застанецца так мала часу, і ў нас ня будзе доступу да радыё і тэлебачаньня. Ужо сёньня трэба пачынаць, і мы будзем займацца гэтым вельмі актыўна”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян лічыць, што калі й будзе праводзіцца рэфэрэндум наконт Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы, то не раней, чым навесну.

(Касьцян: ) “Але рэфэрэндум зусім ня значыць, што Беларусь не захавае сваёй незалежнасьці — Беларусь была, ёсьць і будзе незалежнай дзяржавай, але мы будзем знаходзіцца ў цесным саюзе з Расеяй”.

Менскі палітоляг Аляксей Кароль перакананы, што пагроза незалежнасьці Беларусі існуе цягам усяго прэзыдэнцтва А.Лукашэнкі.

(Кароль: ) “Наагул, нядаўна здабытая незалежнасьць заўсёды знаходзіцца пад пагрозай, таму прыкладаць намаганьні для яе захаваньня і ўмацаваньня — гэта непасрэдная задача ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі”.

Але спадар Кароль лічыць, што правядзеньне форуму за незалежнасьць ў кастрычніку можа быць заўчасным, што яго трэба праводзіць у той момант, калі гэтая акцыя будзе мець найбольшы грамадзкі рэзананс і эфэктыўнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG