Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Статкевіча перавялі “на хімію” ў вёску Сітнікі


Любоў Лунёва, Менск Міколу Статкевіча завезьлі пад аховай у спэцкамэндатуру вёскі Сітнікі, што на Пухавіччыне. Там палітык мае адбываць другую палову пакараньня за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму-2004. Кіраўнік баранавіцкай спэцкамэндатуры паведаміў Статкевічу, што перавод адбыўся на загад мясцовага пракурора.

Паводле кіраўніка баранавіцкай “хіміі”, пракурор спаслаўся на тое, што Мікола Статкевіч адбывае пакараньне з парушэньнем заканадаўчых нормаў — маўляў, паколькі палітык прапісаны ў Менску, ён павінен адбываць пакараньне ў Менскай вобласьці.

Нагадаем, што летась у ліпені палітыка накіравалі адбываць пакараньне на “хіміі” ў Баранавічы на просьбу ягонага 80-гадовага бацькі. Мікола Статкевіч знаходзіўся на так званым хатнім рэжыме, калі начаваць дазволена не ў інтэрнаце. Пры гэтым амаль траціну тэрміну пакараньня апазыцыянэр фактычна правёў у рэжыме ізаляцыі — гэтак было падчас выбарчай кампаніі.

Паводле інструкцыі, “хімікі” мусяць самастойна ехаць адбываць пакараньне ў спэцкамэндатуру, але Статкевіча ад моманту абвяшчэньня аб пераводзе ні на хвіліну не пакідалі ахоўнікі. У Сітнікі палітыка павезьлі пад вартай.

Мікола Статкевіч лічыць, што перавод можа адкласьці пэрспэктыву ўмоўна-датэрміновага вызваленьня. Палітык непакоіцца, што супраць яго могуць ужыць правакацыі, каб рэальна пазбавіць волі.

(Статкевіч: ) “Была пастаўленая задача ў Баранавічах — папросту накіраваць мяне на зону. На працягу ўсяго апошняга месяца супраць мяне было дастаткова шмат правакацыяў. Спрабавалі зрабіць зь мяне п’яніцу, наркамана… Гэтыя ўсе спробы не былі пасьпяховыя — таму, відаць, вырашылі, што гэта будзе лягчэй зрабіць у новай камэндатуры”.

Мікола Статкевіч лічыць, што ягоны перавод выкліканы палітычнай сытуацыяй у краіне.

(Статкевіч: ) “Безумоўна, тут ёсьць выразны палітычны падтэкст. “Эўрапейская кааліцыя” не дазволіць раскалоць аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Мы зрабілі дэмарш і выступілі супраць сучаснага дэмакратычнага кангрэсу. Такое адчуваньне, што Беларусь заціскаюць на рэфэрэндум. Думаю, што маё перамяшчэньне найперш зьвязана з гэтым. Ну й, безумоўна, там паспрабуюць зрабіць тое, з чым ня справіліся тут. Баяцца тых людзей, якія могуць узначаліць барацьбу за незалежнасьць”.

За арганізацыю вулічных акцыяў пакараны таксама Павал Севярынец, які прапісаны ў Віцебску й пакараньне адбывае ў Віцебскай вобласьці, а таксама мянчук Андрэй Клімаў, які спачатку адбываў пакараньне ў Крупках Менскай вобласьці, а потым у Баршчоўцы на Гомельшчыне. Менчука Артура Фінькевіча за палітычныя графіці накіравалі на “хімію” ў Магілёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG