Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БСДП (Грамада) знайшла юрыдычны адрас толькі ў Мар’інай Горцы


Радыё Свабода Партыя БСДП (Грамада) прайшла перарэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі. Цяпер юрыдычны адрас БСДП (Грамада) будзе ў Мар’інай Горцы Пухавіцкага раёну. Пра складанасьці зь юрыдычнымі адрасамі кажуць і іншыя апазыцыйныя палітычныя партыі.

Штаб-кватэра БСДП (Грамада) перамясьцілася ў Мар’іну Горку, бо ніводная з установаў у Менску, сярод іншых – і Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, не пагадзілася даць памяшканьне для арэнды. Паводле намесьніка старшыні БСДП (Грамада) Ўладзімера Нісьцюка, адзін з мар’інагорскіх бізнэсоўцаў пагадзіўся прыняць цэнтральны офіс.

(Нісьцюк: ) “У рэспубліцы знайсьці юрыдычны адрас для апазыцыйнай партыі вельмі складана. А там людзі пагадзіліся. Праблема толькі ў тым, што ў Менску цяпер знайсьці палітычнай партыі нейкі юрыдычны адрас практычна немагчыма. Ніхто нічога нідзе не дае”.

Юрыдычны адрас ПКБ знаходзіцца ў Менску. Аднак управа юстыцыі Менскага гарвыканкаму пазбавіла рэгістрацыі Менскую гарадзкую арганізацыю ПКБ нібыта за адсутнасьць юрыдычнага адрасу ў 1999 годзе. Як вынік, улады скасоўваюць ужо заключаныя дамовы на арэнду памяшканьняў. Паводле актывіста партыі Аляксандра Пахлопкі, гэтая сытуацыя можа пацягнуць ліквідацыю ўсёй партыі.

(Пахлопка: ) “Бо атрымоўваецца — каб зарэгістравацца, арганізацыя павінна атрымаць юрыдычны адрас. Значыць, нам Менскі гарвыканкам перашкаджае працаваць, рэгістраваць арганізацыі адпаведна закону сваімі рашэньнямі. Любая арганізацыя пойдзе заключаць дамову — тут жа прыйдзе папера пра тое, што мы не стаім на ўліку і з намі нельга заключаць дамовы. Заганнае кола атрымоўваецца”.

Паводле спадара Пахлопкі, гэткі наступ абумоўлены тым, што ўлады намагаюцца спыніць дзейнасьць партыі да пачатку мясцовых выбараў, бо падчас выбарчай кампаніі зрабіць гэта будзе немагчыма.

Штаб-кватэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі знаходзіцца ў Менску ў памяшканьні, якое выкупілі сябры партыі. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што апошнія два гады партыя ня можа зарэгістраваць ніводнай новай структуры.

(Лябедзька: ) “Сытуацыя блізкая да крытычнай. Мы згубілі пасьля новаўвядзеньняў у заканадаўства недзе 90% нашых юрыдычных адрасоў у рэгіёнах. Я думаю, што ёсьць палітычнае рашэньне не рэгістраваць структураў некаторых палітычных партыяў у рэгіёнах”.

Такая ж сытуацыя і ў Партыі БНФ, якая арандуе памяшканьне ў Менску для цэнтральнага офісу. Паводле актывіста партыі Віктара Івашкевіча, улады пакуль пакінулі партыі ранейшы юрыдычны адрас.

(Івашкевіч: ) “Напэўна, у сувязі з тым, што нас “крышуе” КДБ, бо яны настолькі тут насунулі сваёй апаратуры, што ім мяняць нашу дысьлякацыю няма ахвоты. Яны ж хочуць сюды, на Варвашэні, 8, перамясьціць усе паседжаньні ўсіх арганізацыяў, каб мець кантроль”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG