Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск: сэрыя флэш-мобаў за выкладаньне гісторыі па-беларуску (фота)


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў Менску адбыўся шэраг моладзевых флэш-мобаў – іх удзельнікі выступілі супраць далейшага выцісканьня беларускай мовы з адукацыйнага працэсу і, у прыватнасьці, супраць выкладаньня школьнага курсу гісторыі Беларусі па-расейску.

Апоўдні прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі “Моладзь БНФ” правялі флэш-моб на плошчы Якуба Коласа ў Менску. Яны ўстанавілі на плошчы шыбеніцу з чырвона-зялёнай стужкай, і імправізаваны кат у чырвона-зялёным адзеньні павесіў на шыбеніцы вялікі падручнік, на адным баку якога было напісана “Беларуская мова”, а на другім – “Гісторыя Беларусі. 10 кляса”.

Пасьля 18-й гадзіны на плошчы Незалежнасьці побач з будынкам Міністэрства адукацыі сабраліся маладыя людзі – яны чыталі там падручнікі і іншыя кніжкі на беларускай мове.

А перад гэтым некалькі актывістаў з розных моладзевых рухаў занесьлі ў Міністэрства адукацыі на імя міністра Аляксандра Радзькова заявы. У адной з гэтых заяваў гаворыцца: “Перавод выкладаньня гісторыі Беларусі на расейскую мову ёсьць чарговым ударам абруселай беларускай улады па саміх беларусах. Беларус на пачатку ІІІ тысячагодзьдзя ня можа атрымаць адукацыі на беларускай мове ў сваёй уласнай краіне. Дзеці для таго, каб навучацца па-беларуску ў школах, вымушаныя праводзіць са сваімі бацькамі акцыі пратэсту і зьвяртацца ў суды”.

Таксама сёньня надвячоркам на праспэкце Пераможцаў (Машэрава) група юнакоў і дзяўчат, надзеўшы на сябе кардонныя накідкі з надпісам “беларуская мова”, зьбіралі подпісы за захаваньне беларускамоўнай адукацыі ў краіне. Маладыя людзі таксама зьбіраліся праехаць у кардонных накідках аўтобусамі 100-га маршруту.















На здымках: акцыя на плошчы Якуба Коласа
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG