Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуды моладзевым актывістам — штрафы і арышт (фота)


Любоў Лунёва, Менск Суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху арыштамі й штрафамі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Юлія Гарачка асуджаная да 4-х сутак арышту.

23 жніўня, праз паўгоду пасьля ліквідацыі намётавага лягеру, 14 актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху каля будынку ўпраўленьня ўнутраных справаў Цэнтральнага раёну Менску на вуліцы Арлоўскай раздавалі міліцыянтам паперкі, на якіх былі цытаты з Кодэксу гонару самураеў, а таксама афарызмы вядомых людзей. Усіх затрымалі. На васьмёх чалавек склалі пратаколы, шасьцёх непаўналетніх адпусьцілі.

Адміністрацыйныя пратаколы на ўдзельнікаў акцыі разглядала судзьдзя Іна Шайко. Першым судзілі Яўгена Іокшу. Ён патлумачыў судзьдзі, што ўручалі міліцыянтам надрукаваныя выказваньні вядомых людзей пра гонар і сумленьне, каб падзяліцца зь імі сваімі маральнымі прынцыпамі. Судзьдзя пакарала хлопца штрафам на 620 тысяч рублёў (гэта каля 300 даляраў). Адразу пасьля вынясеньня прысуду Яўген сказаў некалькі словаў “Свабодзе”:

(Іокша: ) “Пайшлі, каб растлумачыць супрацоўнікам праваахоўчых органаў нашы маральныя прынцыпы. Мы хацелі падзяліцца гэтымі прынцыпамі з тымі людзьмі, якія іх, мабыць, не паважаюць. Хлусьня зыходзіла ад дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Я ўсё бачыў сваімі вачыма: не было ні наркотыкаў, ні гарэлкі, нават брыдка казаць, што пра нас гаварылі на БТ. Нас вельмі зачапіла тое, што праваахоўчыя органы падтрымлівалі дзяржаўную ўладу і ўсю тую хлусьню”.

Юля Гарачка казала на судзе, што была ўдзельніцай падзеяў на Кастрычніцкай плошчы падчас выбарчай кампаніі. Яе адну судзьдзя арыштавала на чацьвёра сутак. Уладзімера Лукшу, Віктара Дзенісевіча і Лілю Міхайлаву судзьдзя Іна Шайко аштрафавала на 620 тысяч рублёў.

Ліля Давыдоўская выказала недавер суду і папрасіла адваката. Судзьдзя не задаволіла хадайніцтва й пакарала дзяўчыну большым штрафам — 930 тысяч рублёў. Гаворыць Ліля Давыдоўская:

(Давыдоўская: ) “Я выказала недавер суду, патрабавала адваката… Мяркую, што таму мне далі завышаны штраф, бо я раззлавала судзьдзю. Я сёлета паступіла ў Акадэмію мастацтваў”.

(Карэспандэнтка: ) “Хто будзе плаціць гэты штраф?”

(Давыдоўская: ) “Ня ведаю. У мяне няма грошай”.

(Карэспандэнтка: ) “Бацькі?”

(Давыдоўская: ) “Няма ў маіх бацькоў такіх грошай”.

Маці Лілі Кацярына Давыдоўская абураная прысудам:

(Давыдоўская: ) “Я папросту шчыра абураная пастановай суду. Самае галоўнае, што невядома за што. Нам далі штраф амаль мільён. Дзе цяпер узяць такія грошы?! Падумайце самі: адпачынкі скончыліся. Яна толькі паступіла… За што? Толькі за тое, што выказала сваё меркаваньне?! Раздавалі паперкі міліцыянтам?! Прабачце, на мой погляд, гэта ганьба”.

Міхась Субач і Алена Макарэвіч у суд не прыйшлі. Міхась патлумачыў, што яму ўручылі позву бяз даты і часу, а Алена наагул не атрымала позвы ў міліцыю.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG