Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>У Берасьці загінуў літоўскі дыплямат Вітаўтас Пацюнас


Ганна Соўсь, Менск У ноч з 22 на 23 жніўня ў Берасьці загінуў літоўскі дыплямат, афіцэр бясьпекі, дарадца генэральнага консульства Літвы ў Горадні Вітаўтас Пацюнас. Берасьцейская абласная пракуратура праводзіць праверку па факце сьмерці дыплямата. Супрацоўнікі пракуратуры лічаць праўдападобным, што гэта быў няшчасны выпадак.

Пра абставіны сьмерці дыплямата распавядае прадстаўніца амбасады Літвы ў Беларусі Крысьціна Паканітэ:

(Паканітэ: ) “У ноч з 22 на 23 жніўня ў Берасьці падчас службовай камандзіроўкі загінуў дарадца Генэральнага консульства Літвы ў Горадні Вітаўтас Пацюнас. Цела дыплямата было знойдзенае ля будынку гатэлю. Мяркуецца, што Пацюнас выпаў з акна шматпавярховага будынку”.

Вітаўтасу Пацюнасу было 48 гадоў, у яго засталіся чацьвёра дзяцей. Малодшая дачка вучыцца ў пачатковай школе. Жонка дыплямата — журналістка, вядзе папулярную праграму на літоўскім тэлебачаньні. У літоўскім генэральным консульстве ў Горадні спадар Пацюнас працаваў зь мінулага году. Ён быў добра вядомы ў Літве як адзін з вэтэранаў нацыянальнай службы бясьпекі. Сёньня пра гібель дыплямата паведамілі ўсе галоўныя літоўскія мэдыі.

У прэсавай службе літоўскага міністэрства замежных справаў пакуль устрымліваюцца ад камэнтароў. Гаворыць супрацоўнік службы Рамунас Мочус:

(Мочус: ) “Цяпер вядзецца расьсьледаваньне гэтага здарэньня”.

Крымінальнай справы па факце гібелі дыплямата ў Беларусі не заведзена. Цяпер праверку праводзіць Берасьцейская абласная пракуратура, і там пакуль таксама ўстрымліваюцца ад камэнтароў. Аднак прадстаўнік Рэспубліканскай пракуратуры Андрэй Швед паведаміў “Свабодзе” наступнае:

(Швед: ) “Сапраўды, меў месца такі выпадак. У выніку падзеньня з акна загінуў грамадзянін Літоўскай Рэспублікі. Магу афіцыйна пацьвердзіць, што па дадзеным факце пракуратура Берасьцейскай вобласьці праводзіць праверку. Толькі па выніках праверкі можна будзе даць больш дэталяў гэтага здарэньня”.

(Карэспандэнтка: ) “Толькі беларускі бок займаецца расьсьледаваньнем? Ці літоўскі таксама?”

(Швед: ) “Гэта стандартная практыка. Замежны грамадзянін загінуў. Пакуль усё паказвае на няшчасны выпадак. Канечне, будзе займацца беларуская пракуратура”.

Нагадаем, сёлета ў ноч на 6 красавіка ў шпіталі Беластоку памёр намесьнік польскага консула ў Горадні Рышард Бадонь-Легр. 22 сакавіка Рышарда Бадонь-Легра знайшлі непрытомным у ягонай кватэры ў Горадні. Беластоцкія лекары адзначылі апёкі і ўнутрычарапны крывацёк і паінфармавалі пра гэта пракуратуру, якая адразу пачала сьледзтва ў гэтай справе. Сьледчыя не выключалі, што апёкі на целе памерлага дыплямата маглі зьявіцца ў выніку ўдару электрашокерам. Тады Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі паведаміла, што ў іх няма інфармацыі пра тое, што дыплямат стаў ахвяраў злачынцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG