Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Карняенка: “Незалежнасьць была б адкладзеная”


Радыё Свабода Што чакала б Беларусь у выпадку перамогі путчыстаў?

Былы народны дэпутат СССР, сябра Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы Віктар Карняенка даведаўся пра путч у самалёце, якім ляцеў у Маскву. Ён браў удзел у мітынгу, на якім Барыс Ельцын на танку зачытваў свой зварот да народу. Потым на самалёце Віктар Карняенка вярнуўся у Гомель.

20 жніўня прэзыдыюм гарсавету, сябрам якога таксама быў Карняенка, прыняў заяву, што рашэньні ГКЧП на тэрыторыі Гомелю несапраўдныя. Але на наступны дзень прэзыдыюм Гомельскага абласнога савету тую пастанову адмяніў. Паводле Карняенкі, тагачасны старшыня Гомельскага аблвыканкаму Мікалай Вайцянкоў фактычна падтрымаў рашэньні путчыстаў.

(Карняенка: ) “Незалежнасьць Беларусі была б адкладзеная на доўгі тэрмін, калі б перамаглі путчысты. І, вядома, не было б ніякіх палітычных рэформаў. Было б запаволена такім чынам эканамічнае разьвіцьцё, і каманда ГКЧП рыхтавала б паварот да новай гонкі ўзбраеньняў.

І, ясна, нічога добрага не чакала б ня толькі Беларусь, але і былыя рэспублікі Савецкага Саюзу... Калі я ехаў у аэрапорт і па Ленінградзкім праспэкце ўваходзілі танкі ў Маскву, іх было вельмі многа, адчувалася, што гэта вельмі сур’ёзна.

Канечне, тым людзям, якія за гэтую справу ўзяліся, не хапала рашучасьці, у іх не было ніякіх прапановаў канкрэтных – проста вярнуць усё да таго, што было. Яны якраз хацелі вярнуцца да таго самага сцэнару яшчэ раз. Безумоўна, калі б там быў больш рашучы чалавек, чым Янаеў ці нават Язаў, было б значна больш ахвяраў. Але павярнуць яны, напэўна, ужо не змаглі б. Проста размову можна было б весьці пра большую колькасьць ахвяраў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG