Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>У часе путчу Лукашэнка турбаваўся пра ўладу ў Маскве</B>


Ігар Карней, Менск 15 гадоў таму ў Савецкім Саюзе адбылася спроба дзяржаўнага перавароту. Жнівеньскі путч у Маскве і стварэньне так званага ГКЧП – па-беларуску “Дзяржаўнага камітэту надзвычайнага становішча” – актыўна падтрымала тагачаснае камуністычнае кіраўніцтва Беларусі. Ці мелі плён урокі гісторыі?

За выключэньнем уласна Міхаіла Гарбачова, у склад ГКЧП ўвайшлі амаль усе першыя асобы савецкай дзяржавы: віцэ-прэзыдэнт Генадзь Янаеў, старшыня Кабінэту міністраў Валянцін Паўлаў, намесьнік старшыні Савету абароны Алег Бакланаў, кіраўнік міністэрства абароны Дзьмітры Язаў, міністар унутраных справаў Барыс Пуга, старшыня КДБ Уладзімер Кручкоў, кіраўнік Асацыяцыі прамысловых прадпрыемстваў Аляксандар Цізякоў і старшыня Аграрнага саюзу Васіль Старадубцаў.

Публічна ГКЧП падтрымалі сакратар ЦК КПСС Алег Шэнін, галоўнакамандуючы Сухапутнымі войскамі Валянцін Варэньнікаў, кіраўнік апарату прэзыдэнта Валерый Болдзін, начальнік аховы прэзыдэнта Юры Пляханаў ды іншыя.

У гэты ж шэраг можна паставіць і кіраўнікоў тагачасных рэспубліканскіх парлямэнтаў, якія, у лепшым выпадку, чакалі, на чый бок будуць схіляцца вагі. Аднак старшыня Вярхоўнага Савету БССР Мікалай Дземянцей сваю пазыцыю акрэсьліў адразу, ухваліўшы мэты і задачы путчыстаў.

Праз тыдзень пасьля капітуляцыі ГКЧП Вярхоўны Савет Беларусі ўтварыў спэцыяльную камісію. Дэпутаты меліся даць прававую ацэнку, перадусім, беларускім уладам, якія актыўна падтрымалі спробу перавароту. Вынікам працы стаў аб’ёмісты даклад, дзе ўказваліся канкрэтныя дзеяньні службовых асобаў, накіраваныя на выкананьне рашэньняў ГКЧП.

Уладальнік пасьведчаньня на асаблівую дзейнасьць у даручэньнях згаданай парлямэнцкай камісіі Лявон Дзейка лічыць, што пазыцыі цывілізаванага сьвету і беларускага кіраўніцтва што да падзеяў 15-гадовай даўнасьці істотна розьняцца.

(Дзейка: ) “Ва ўсім сьвеце асуджаюць путч таму, што было важнае разуменьне: зьмена тагачаснага кіраўніцтва СССР будзе мець яскрава акрэсьленую пагрозу для ўсяго астатняга дэмакратычнага сьвету.

А ў нашым грамадзтве, на вялікі жаль, тады гэта былі ня вельмі вялікія каштоўнасьці – каштоўнасьці дэмакратыі, незалежнасьці, правоў чалавека і асобы.

А цяпер у выніку 12-гадовага праўленьня Лукашэнкі гэтыя каштоўнасьці наогул у сьвядомасьці вялікай часткі людзей займаюць далёкае месца ў куточку.

Я не сказаў бы, што гэта працэс аб’ектыўны. Ён адпавядае таму рэжыму, які зараз існуе, і той палітыцы, у першую чаргу, прапагандысцка-агітацыйнай, якую гэты рэжым праводзіць, бясконца апэлюючы да такіх паняцьцяў, як “стабільнасьць”, “галоўнае, каб не было вайны”, “навокал ворагі”... Такая палітыка заўсёды праводзіцца тымі, хто хоча ўладу менавіта ўзурпаваць”.

Дарэчы, спадар Дзейка расказаў, што падчас абмеркаваньня наступстваў жнівеньскага путчу на той час дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандар Лукашэнка нечакана для ўсіх заявіў: маўляў, мы тут спрачаемся, а ў Маскве ўжо ўладу дзеляць. Іншымі словамі, кажа Лявон Дзейка, Лукашэнка на ўладу быў зараджаны ад пачатку.


1 верасьня 1991 году спэцыяльная камісія КДБ СССР правяла службовае расьсьледаваньне паводле факту спробы антыканстытуцыйнага захопу ўлады 19-21 жніўня. З матэрыялаў вынікае: яшчэ ў сьнежні 1990-га Ўладзімер Кручкоў даручыў намесьніку начальніка КДБ СССР Уладзімеру Жыжыну адпрацаваць захады на выпадак увядзеньня надзвычайнага становішча.

Да сярэдзіны 1991-га Кручкоў разам з будучымі членамі ГКЧП адпрацоўваюць магчымасьць увядзеньня ў СССР надзвычайнага становішча канстытуцыйным шляхам. Аднак, не атрымаўшы падтрымкі прэзыдэнта Гарбачова і Вярхоўнага Савету, у абыход вышэйшага кіраўніцтва пачаліся захады на рэалізацыю ідэі незаконным шляхам.

Атрыманыя сьледзтвам матэрыялы сьведчаць, што ўдзельнікі змовы на розных этапах яе рэалізацыі адводзілі КДБ СССР вырашальную ролю ў ажыцьцяўленьні наступных задач:





адхіленьне ад улады прэзыдэнта СССР Гарбачова шляхам яго ізаляцыі; –



блякаваньне спробаў прэзыдэнта РСФСР Ельцына аказваць супраціў дзейнасьці ГКЧП; –



усталяваньне кантролю над вядомымі дэмакратычнымі поглядамі народнымі дэпутатамі СССР і РСФСР, грамадзкімі дзеячамі з мэтай іх далейшага затрыманьня; –



ажыцьцяўленьне вайсковымі часткамі і падразьдзяленьнямі МУС штурму будынку Вярхоўнага Савету РСФСР з наступным інтэрнаваньнем захопленых, уключна з кіраўніцтвам Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG