Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сочы прынята рашэньне фармаваць мытны саюз “трох”


Радыё Свабода На саміце кіраўнікоў краін Эўрапейска-азіяцкай эканамічнай супольнасьці (ЭўрАзЭС) у Сочы прынята рашэньне пра стварэньне на першым этапе мытнага саюзу ў рамках толькі трох краінаў – Беларусі, Казахстану й Расеі. Аляксандар Лукашэнка сумяшчае ўдзел у саміце з адпачынкам на расейскім узьбярэжжы Чорнага мора.

Мытны саюз “трох” – гэта яшчэ адно мытнае ўтварэньне на прасторы былога СНД. Цяпер мытная інтэграцыя працягваецца ў рамках ЭўрАзЭС, у рамках агульнай эканамічнай прасторы, а таксама ў рамках так званай саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі. Прычым, усе краіны імкнуцца ўступіць ува Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рэальны мытны саюз можа быць створаны цягам паўтара году, але з роўнымі ўмовамі для ўсіх суб’ектаў гаспадараньня. Паводле Лукашэнкі, калі так ня будзе, то й саюз гэтакі нікому не патрэбен.

Эканаміст Леанід Злотнікаў прыгадвае, што рашэньні адносна мытнага саюзу прымаліся й раней.

(Злотнікаў: ) “Кожная дзяржава рухаецца па сваёй мадэлі разьвіцьця: у Казахстану адна, у Расеі – другая, у Беларусі трэцяя, а ва Ўзбэкістану чацьвёртая… Эканамічныя мадэлі розныя, і мэты іхныя таксама розныя. Можна прагназаваць, што й гэтым разам значных посьпехаў ня будзе”.

Кіраўнікі краінаў карыстаюць саміт “бяз гальштукаў” дзеля паасобных сустрэч. Уладзімір Пуцін меў гутаркі з прэзыдэнтам Армэніі й прэзыдэнтам Казахстану. Ці адбудзецца ягоная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам?

Прадстаўнік прэс-службы расейскага прэзыдэнта Міхаіл Бруханаў, які знаходзіцца ў Сочы, сказаў:

(Бруханаў: ) “Вы ведаеце, пакуль пра такія пляны я нічога ня чуў”.

Падчас саміту расейскія мэдыі распаўсюдзілі інфармацыю са спасылкай на крыніцу ў Крамлі, што Беларусь штучна зацягвае рашэньне пытаньня пра цэны на расейскі газ. Прадстаўнік Крамля заявіў: палітычнымі мэтадамі праблему газу ні ў гэтым, ні ў іншым выпадку вырашыць ня ўдасца.

Паводле эканаміста Валерыя Дашкевіча, Уладзімір Пуцін наўрад ці будзе абмяркоўваць з Аляксандрам Лукашэнкам газавае пытаньне.

(Дашкевіч: ) “А навошта Пуціну гэта трэба? Усё ідзе па расейскім сцэнары. І чаго Пуціну ўмешвацца ў гэты працэс? Цяпер вядуцца перамовы на ўзроўні “Газпрому”, “Белтрансгазу”, беларускага ўраду. Дык няхай вядуць перамовы. Пуцін умяшаецца, калі гэтыя перамовы ці зойдуць у тупік, ці будуць нейкія праблемы”.

На фоне саміту ЭўрАзЭС адбыліся перамовы ўкраінскага прэм’ера Віктара Януковіча й прэм’ера Расеі Міхаіла Фрадкова. Расейскі бок зноў нагадаў пра рынкавы падыход.

Віктар Януковіч цьвердзіць, што ўдалося дасягнуць папярэдніх дамоўленасьцяў у газавым пытаньні:

(Януковіч: ) “Цэны будуць, натуральна, рынкавыя, але мэханізм фармаваньня цэнаў будзе празрысты. І, канечне ж, ён будзе адпавядаць таму ўзроўню эканамічных стасункаў, якія будуць між Украінай і Расеяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG