Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта прэм''ер Сідорскі едзе ў Барысаў?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня павінна завершыцца праверка матэрыялаў, зьвязаных з перакрыцьцём чыгункі ў Барысаве падчас стыхійнай акцыі пратэсту 6 чэрвеня. Сёньня ж у Барысаў з рабочым візытам прыбывае прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі. Ці зьвязаныя гэтыя падзеі? Высьвятляў наш карэспандэнт

Нагадаем, у выніку нядзельнай залевы адбылося падтапленьне каля 50 дамоў Залінейнага мікрараёну ў Барысаве. Каля 30-ці абураных жыхароў перакрылі чыгунку, патрабуючы сустрэчы з кіраўніцтвам мясцовай вэртыкалі. У выніку рух цягнікоў быў затрыманы ад 30 да 48 мінут. Міліцыянты нікога з удзельнікаў акцыі пратэсту не затрымалі і не складалі пратаколаў. Аднак матэрыялы перададзеныя ў транспартную міліцыю. Сёньня яна мусіць прыняць рашэньне па гэтай справе. Прэсавы сакратар упраўленьня ўнутраных спраў на транспарце Аляксандар Пальчынскі сказаў:

(Пальчынскі: ) “Мяркуючы па ўсім, ніякіх мераў міліцыя прымаць ня будзе. То бок людзі абсалютна правільна выказвалі незадаволенасьць і палічылі крайняй мерай выхад на пуці. Перакрыцьцё руху зьяўляецца пэўным парушэньнем. Але ўлічваючы ўсю сытуацыю, матэрыялы будуць проста сьпісаныя”.

Сёньня ж у Барысаў накіроўваецца прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі. Паводле прэсавага сакратара прэм’ера Аляксандра Цімашэнкі, кіраўнік ураду наведае тамтэйшы камбінат хлебапрадуктаў. Няўжо праблемы ўдзельнікаў стыхійнага пратэсту будуць па-за ягонай ўвагай?

(Цімашэнка: ) “Прэм’ер інфармаваны пра гэтую сытуацыю. Наколькі яна будзе абмяркоўвацца, я вам сказаць не магу. Сытуацыя з праблемамі падтапленьня была дакладзена прэм’еру”.

Паводле журналіста мясцовай газэты “Борисовские новости” Алеся Абрамовіча, ужо выдзяляліся грошы на будаўніцтва барысаўскай дамбы. Першая чарга ўступіла ў дзеяньне, але яна ня мае сэнсу, бо аб’ект ператварыўся ў даўгабуд. Але пакуль ніхто з барысаўскіх вэртыкальшчыкаў не пацярпеў з-за таго, што людзей давялі да адчаю. Паводле спадара Абрамовіча, візыт прэм’ера ў Барысаў можа быць зьвязаны з нядаўнім пратэстам.

(Абрамовіч: ) “Улады перапалохаліся, таму што гэта надзвычайная падзея. Гэта простыя людзі, там ніхто з палітыкаў, з апазыцыянэраў не арганізаваў гэты выбух. І гэта напужала ўладу, што гэта стыхійна адбылося. Яны баяцца ланцуговай рэакцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG