Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высокае: “Улада сваёй перамогай сама паклапацілася, каб адкату не было!”


Віталь Сямашка, Высокае, Аршанскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія” (эфір 29 чэрвеня).

Па сёньняшнім часе дзіўнавата, але старшыня Высокаўскага сельсавету Мікалай Астаповіч ды сакратарка Надзея Яфрэменка ахвотна адгукнуліся на пытаньні карэспандэнта “Свабоды”.

(Карэспандэнт: ) “Высокае — прэстыжнае месца?”

(Яфрэменка: ) “Прэстыжнае. У нас да 31 году моладзі 560 чалавек. Пастаянна пражываюць сем’і маладыя”.

(Астаповіч: ) “Пасёлак квітнее, у 2008 годзе аграгарадок будзе. Бог даў добрае геаграфічнае становішча. Мы на скрыжаваньні дарогаў: траса Масква—Менск, Піцер—Адэса, Ворша—Віцебск. Многія працуюць у Воршы, а жывуць тут”.

Дарэчы, у якасьці даху тутэйшай перасоўнай мэханізаванай калёны выступае сам “Белтрансгаз”, трасы якога ўпарадкоўваюць ды даглядаюць высокаўцы. На фэрмах калгасу-камбінату “Маяк камунізму” гадуецца 9000 быкоў, што ў дзень прыбаўляюць да кіляграму вагі. Сярэдні заробак у працаздольных месьцічаў складае прыстойную для сельскай мясцовасьці суму — 350 тысяч.

Але ў Высокім мяне найперш цікавіла палітычная сытуацыя. Ініцыятыўным групам Мілінкевіча ды Казуліна тут удалося зрабіць тое, чаго не змаглі ў гарадах, — правесьці экзыт-полы. Пра тое, што высьветлілася на выхадзе выбарцаў з кабінаў, мне распавёў нядаўні высокавец, старшыня філіі Беларускага Хэльсынскага камітэту спадар Берасьнеў.



(Берасьнеў: ) “У Высокім трэцяя частка галасавала за новае жыцьцё. А за галоўнакамандуючага — за 50% ён набраў, але ня болей”.

Гэта, між іншым, на 5% меней, чым Лукашэнка ўзяў тут на рэфэрэндуме. Дый у часе збору подпісаў за дэмакратычных кандыдатаў падпісалася паўтары сотні месьцічаў. Мой суразмоўца тлумачыць:

(Берасьнеў: ) “Высокае неаднароднае заўжды было. Ёсьць эліта — пэдагагічныя кадры ПТВ, інжынэрна-тэхнічныя ПМК, людзі культуры. Зьдзіўляліся: як толькі патрапляеш туды, дзе бруд, даўно неадрамантаваны пад’езд, дзе старыя людзі, — там палкія прыхільнікі дзейнага прэзыдэнта. Дзе ж парадак — можа, і чыноўнікі, супрацоўнікі сілавых структураў пражываюць — разумныя людзі, якія чытаюць газэты, нешта слухаюць, дык прыхільнікі пераменаў!”

Для левай часткі апазыцыі Высокае — знакавае месца. 78 гадоў таму ў пасёлку адбыўся першы зьезд КПЗБ, пра які дагэтуль мала інфармацыі. Паводле адной з вэрсіяў, з-за таго, што функцыянэры Камінтэрну падалі ў нэгатыўным сьвятле вынікі форуму Сталіну, у Высокім быў закладзены падмурак для далейшых масавых рэпрэсіяў супраць заходнебеларускіх камуністаў. Ва ўсякім выпадку, у савецкі час было забаронена павесіць нават адпаведную мэмарыяльную дошку на сьцяне былога фальварку пана Макаржыцкага, дзе адбываўся зьезд. Вось якую нечаканую гістарычную паралель ды, здаецца, зусім некамуністычную выснову на будучыню зрабіў сябра ЦК ПКБ спадар Мікалай Петрушэнка, які курыруе Талачыншчыну ды Аршаншчыну.

(Петрушэнка: ) “Вось я ў Маскве сустракаўся зь Зюганавым. Кажу: Генадзь Андрэевіч, як жа атрымоўваецца: Сталін у 1930-я гады разагнаў КПЗБ, аб’явіў ворагамі народу. А цяпер вы на нас, камуністаў ПКБ на чале з Калякіным, глядзіце як на ворагаў. І вось першы ўрок, які трэба нам вынесьці, — гэта аб узаемадзеяньні. На прыкладзе аршанцаў — БСДП(Г) на чале зь Берасьневым ды ПКБ на чале з Шульгом. Таму што спрачаліся між сабой сацыял-дэмакраты і камуністы, а ў выніку прыйшоў да ўлады Гітлер. Таксама адбываецца і ў нас у Беларусі!”

Між іншым, у Высокім засталіся трывалыя сацыял-дэмакратычныя традыцыі — тут самая магутная на Аршаншчыне партыйная сельская суполка. У той дзень разам сабраліся памянёны Васіль Берасьнеў, выкладчыкі ПТВ, таксама сацыял-дэмакраты, Любоў Мядзьведзева ды Аляксей Прыстаўка. Як госьць прыехаў першы сакратар Аршанскага райкаму ПКБ Іван Шульга. Найперш расказалі, што з кожным адбылося ў часе кампаніі.

(Карэспандэнт: ) “А ў Высокім былі рэпрэсіі супраць кагосьці?”

(Мядзьведзева: ) “Я пра сябе магу сказаць. Калі сабралі мы подпісы, выклікаў мяне дырэктар Шуміцкі Міхаіл Захаравіч і спытаў: вы яшчэ будзеце зьбіраць? Хацеў забраць гэтыя подпісы”.

(Берасьнеў: ) “Выкупляў! Намякаў на тое, што заплаціць, калі аддадуць гэтыя ведамасьці”.

(Мядзьведзева: ) “Я кажу: вы ж таксама зьбіралі подпісы — а ён зьбіраў за Лукашэнку. А ён: мне можна было, але я ўлічу, што вы такую працу правялі. Да мяне прыйшла на клясную гадзіну намесьніца дырэктара й зрабіла выснову, што я непадрыхтаваная. У гэтым годзе ў мяне заканчваўся кантракт. Мне прадоўжылі на адзін год, калі калегам на тры-чатыры. Такім чынам ён “улічыў”.

(Шульга: ) “Мой унук вывесіў на бальконе бел-чырвона-белы сьцяг. Да яго ўварваліся, выламалі дзьверы, сарвалі ды разламалі дрэўка, зьбілі яго ды забралі ў аддзел міліцыі”.

(Берасьнеў: ) “Я быў кіраўніком ініцыятыўнай групы падтрымкі Казуліна. Патэлефанавалі з хаты, што засада. Я ўжо ведаў, што мяне забяруць. Першапачаткова абвінавацілі, што арганізаваў мітынг на тэрыторыі кірмашу. Не даказалі. Тады склалі пратакол, што, нібыта, хуліганіў — стаяў, лаяўся! (Сьмяецца.) І на сем сутак”.

У часе адседкі сыну спадар Берасьнева, аднаму зь лепшых сьледчых крымінальнага вышуку Віцебшчыны, начальства прапанавала публічна адмежавацца ад бацькі. Сын публічна адмовіўся зрабіць гэта.

(Карэспандэнт: ) “Як зьмяніліся настроі пасьля выбараў — ці адбыўся адкат?”

(Шульга: ) “Не адбылося адкату! Сама ўлада гэтаму спрыяла. Калі людзі ўбачылі, якія рэпрэсіўныя меры ўжываюць, вырашылі, што не народная ўлада, не для людзей. Калі ўбачылі, якім спосабам дасягаецца “перамога”.

* * *

Факт, які, як кажуць, наўмысна не прыдумаць: у часе сустрэчы дырэктарка мясцовай сярэдняй школы Нэлі Сьцяпанаўна ды ейная намесьніца Марыя Браніславаўна прызналіся, што зрабілі ідэалягічную памылку, з-за чаго ўласна папрасілі не называць у эфіры прозьвішчаў. Памыліліся ж у тым, што ўпарадкавалі магілы, дзе пахаваныя немцы.

(Карэспандэнт: ) “А колькі немцаў пахавана?”

(Спадарыні: ) “Ня ведаем! Мы нават ня ведалі, што яны там, мы проста прыйшлі прыбіраць парк!”

Разам з жанчынамі гартаю школьны краязнаўчы альбом. Суразмоўніцы наракаюць на сваё гістарычнае бяспамяцтва.

(Спадарыні: ) “А па самай старажытнай гісторыі нічога няма. Вось гісторыя сельсавету, брацкай магілы і пра знакамітых людзей. У нас пачынаецца гісторыя з 1918 году”.

Былы дырэктар Высокаўскага сельскагаспадарчага ПТВ спадар Берасьнеў ды выкладчыца інфарматыкі спадарыня Мядзьведзева падводзяць мяне да ўшчэнт, як па выбуху, разваленага будынку былой сьвінафэрмы, якая належала вучэльні. Тады было сваё мяса ў сталоўцы, сёе-тое прадавалася і ў калгас. Сама ўстанова лічылася найлепшай у галіне ў былым СССР. Цяпер колькасьць навучэнцаў скарацілася з тысячы да чатырохсот, колькасьць вучэбных КАМАЗаў — з дванаццаці да аднаго.

(Мядзьведзева: ) “Раней быў конкурс 2—4 чалавекі на месца на повара, цырульніка, на кіроўцу. Цяпер плян ледзь выконваем. Імідж вучэльні зьнізіўся. Прыходзяць нямоцныя вучні”.

(Берасьнеў: ) “Было і такое, што прыносілі свае бэнзін ды дызэльнае паліва, каб атрымаць практычнае навучаньне. Лепшыя майстры сышлі. На людзей нельга заўжды лаяцца. Мне скардзіліся, што ўзьніклі ў кіраўніцтва любімчыкі, перасьлед за асобныя думкі. Ініцыятыва стала задушацца”.

Дырэктар Шумінскі пасьля зьяўленьня карэспандэнта “Свабоды” раптоўна зьнік з вучэльні “па справах”. Але пасьля сустрэчы ў інтэрнаце з будучымі цырульніцамі 19-гадовымі Ганнай Раўнаполец ды Вольгай Несьцеравай падумаў: а якія яшчэ камэнтары патрэбныя да іх расповеду?!



(Дзяўчаты: ) “У душы мы мыемся ўсе тры гады толькі па серадах, калі ёсьць гарачая вада. Пасьля яе раздражненьне па целе, бо калі спускаеш, яна ржавая. У бытоўцы на ўвесь паверх толькі дзьве канфоркі. У лядоўню пакласьці нічога нельга — пакралі сала ды мяса… Пастаянна мышы бегаюць. Пад шафай усё пагрызена. Купіла мне маці дзьве мышалоўкі, я атруту паклала. Мышаня злапала, і ад яго па дыване ва ўсе бакі скакалі блохі… У нас душавая адна з камандзіровачнымі. Боязна ісьці памыць галаву. Я ў пятніцу ўзяла тазік набраць вады і адтуль выходзіць гадоў сарака пяці, выпіўшы і прапануе бруднымі словамі за платныя паслугі зьвяртацца ў такі й такі пакой”.

Дарэчы, на ўліку ва ўчастковага ў так званай групе рызыкі больш за пяцьдзесят былых зэкаў ды бамжоў. Высокаўцы настойліва раілі мне завітаць у шматдзетную сям’ю Бурынскіх — ім, казалі, найцяжэй. У іх дзевяцёра: старэйшай Насьці 20 гадоў, малодшаму Алесіку — два з паловай. Муж, былы міліцыянт, быў у той час на фэрме — працуе вартаўніком. Маці, Людміла Рыгораўна, відавочна радая хоць на колькі хвілінаў прысесьці адпачыць ад бясконцай працы — разам зь 9-гадовым Міхасікам ды 10-гадовым Жэнькам.



(Бурынская: ) “Карову сваю завялі, участак на палетках вялікі, зерне сеем, бульба свая”.

(Карэспандэнт: ) “Дзяржава не дапамагае?”

(Бурынская: ) “Дапамога на самага маленькага — 90. На ўсіх гэтым месяцам атрымала 387 рублёў. Купіць адзеньне, абутак — канечне, на гэта нічога. Ад старэйшых нешта застаецца. Старэйшая на стыпэндыю жыве, на 50 тысяч”.

(Міхасік: ) “Машынкі розныя ад старэйшых”.

(Карэспандэнт: ) “Каб вярнуліся ў маладосьць, паўтарылі б гэты шлях?”

(Бурынская: ) “Ня ведаю… Калі шмат дзяцей, сумаваць не даводзіцца, але і адпачываць таксама… Выжываем… Вось Міша езьдзіў у Гішпанію два разы, Жэня з Машай— у Італію”.

(Карэспандэнт: ) “Спадабалася там, Міша?”

(Міхасік: ) “Так, ужо троху мову ведаю. Грацыяс — гэта дзякуй, прывітаньне — ола”.

(Бурынская: ) “Ніхто ня хоча заставацца на вёсцы — напакутаваліся. У нас Жэня ўлетку на гарышчы — там быў склад боезапасу, баі ішлі — падарваўся на снарадзе. У яго пашкоджанае вока, лёгкае, рука, нага. У рэанімацыі шмат праляжаў”.

І ўсё-ткі і ў Высокім час мяняецца. Памятаю адчуваньне пустэчы, пэсымізму пасьля мінулых выбарчых кампаніяў нават у актыўных апазыцыянэраў. Пры ад’езьдзе спытаўся ў Любові Аляксандраўны Мядзьведзевай.



(Карэспандэнт: ) “Настрой ці баявы застаўся?”

(Мядзьведзева: ) “Баявы! Я ня здамся — ня здамся! Я проста хачу, каб справядлівасьць была, і каб людзі добра жылі. Каб у Высокім высока жылося”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG