Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія вайскоўцы забілі сама меней 93 украінскіх палонных з пачатку вайны, 80% зь іх — сёлета


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Наступствы бамбардаваньня расейскімі войскамі ўкраінскага горада Ваўчанск, 28 траўня 2024 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Наступствы бамбардаваньня расейскімі войскамі ўкраінскага горада Ваўчанск, 28 траўня 2024 году

Украінскія праваахоўныя органы валодаюць інфармацыяй пра забойствы ня менш за 93 украінскіх ваеннапалонных расейскімі салдатамі, паведаміў начальнік Дэпартамэнту супрацьдзеяньня злачынствам, учыненым ва ўмовах узброенага канфлікту, Офіса Генпракурора Ўкраіны Юры Белавусаў, яго цытуе «Укрінформ».

Белавусаў адзначыў, што 80% выпадкаў забойстваў украінскіх ваеннапалонных былі зафіксаваныя ў 2024 годзе. Ён таксама падкрэсьліў, што зь лістапада 2023 году «стаўленьне расейскіх вайскоўцаў да ўкраінскіх палонных істотна пагоршылася».

Паводле яго, Офіс Генпракурора Ўкраіны працягвае атрымліваць інфармацыю аб пакараньнях палонных вайскоўцаў УСУ. Пра апошні такі выпадак у Кіеве стала вядома 3 кастрычніка. «У Telegram-каналах было распаўсюджанае відэа магчымага пакараньня яшчэ аднаго вайскоўца ў дзёрзкай форме», — заявіў Белавусаў.

Расея не камэнтавала гэтую інфармацыю.

  • 2 кастрычніка Генпракуратура Ўкраіны заявіла пра пачатак расьследаваньня самага масавага вядомага выпадку забойства ўкраінскіх ваеннапалонных — каля сёлаў Мікалаеўка і Сухі Яр у Пакроўскім раёне Данецкай вобласьці было расстраляна, як сьцьвярджаецца, 16 ўкраінскіх салдат, якія здаліся ў палон.
  • У верасьні амэрыканскі тэлеканал CNN апублікаваў два відэа, на якіх, як сьцьвярджаецца, зафіксаваныя забойствы ўкраінскіх салдат, якія здаюцца ў палон. Відэа зьнятае з дронаў, прадстаўленых украінскай выведкай, якая таксама перадала аўдыёзапіс загаду аб забойстве.
  • Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Дзьмітрый Лубінец зьвярнуўся ў ААН і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа з просьбай расьсьледаваць магчымыя парушэньні Жэнэўскай канвэнцыі аб абыходжаньні з ваеннапалоннымі.
  • Абодва бакі канфлікту абвінавачваюць адзін аднаго ў забойствах, жорсткім і негуманным абыходжаньні з палоннымі. Так, у красавіку 2022 году ВВС апублікавала відэа меркаванага забойства расейскага вайскоўца ўкраінскімі салдатамі, а ў ліпені 2024 году The New York Times апублікавала сьведчаньні нямецкага лекара, які ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях, пра выпадкі забойства расейскіх ваеннапалонных вайскоўцамі УСУ.
  • Забойствы ваеннапалонных або тых, хто здаецца ў палон, зьяўляюцца парушэньнем Жэнэўскай канвэнцыі аб абароне ахвяр вайны. Згодна з артыкуламі 3 і 13 Трэцяй Жэнэўскай канвэнцыі 1949 году, любыя акты гвалту над жыцьцём і фізычнай недатыкальнасьцю ваеннапалонных клясыфікуюцца як ваенныя злачынствы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG